З добрага верша духмянасть не выветрываецца

Паэт, перакладчык і настаўнік Мікола Шабовіч любіць бываць у вясковых школах, бібліятэках
Маленькія вёскі. Іх дзясяткі ў раёне і тысячы ў рэспубліцы. Аднак менавіта з іх выходзяць таленавітыя пісьменнікі, яны становяцца адпраўной кропкай у вялікі свет літаратуры. З вёскі Бадзені Мядзельскага раёна пачаўся творчы шлях Міколы ШАБОВІЧА — паэта, перакладчыка, выкладчыка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі.  Мы сустрэліся з ім пасля Дня беларускага пісьменства ў Рагачове па просьбе нашых чытачоў.



— Мікалай Віктаравіч, як бы вы маглі коратка адказаць, што для вас літаратура?

— Крыніца духоўнасці. Скарбніца мудрасці. Сродак пазнання жыцця. Добры дарадчык. Адхланне для душы…

— Як у вас атрымліваецца спалучаць пісьменніцкую дзейнасць з выкладчыцкай?

— Спадзяюся, адно другому не перашкаджае. Я па натуры сава, і таму большасць сваіх твораў напісаў вечарова-начным часам. Бывае, што недаспіш. Але калі прыходзіць натхненне, пра гэта не думаеш. У такія моманты адчуваю сябе лепш, чым абсалютна выспаны, але з усведамленнем таго, што за дзень (суткі) нічога карыснага не зрабіў, нічога вартага не стварыў. Асабліва калі радкі прыхо- дзяць як бы самі па сабе, ледзь не дыктуюцца з Неба…  Штогод пытаю ў сваіх студэнтаў: «Хто піша вершы?»  Радуюся, калі хтосьці падымае руку. Чым магу, стараюся дапамагчы моладзі творча самарэалізавацца.

— Ці ёсць такі паэт або празаік, які паўплываў на вас, вашу творчасць?

— У школьныя гады Аляксандр Блок: «Приближается звук. И, покорна щемящему звуку, / Молодеет душа. / И во сне прижимаю к губам твою прежнюю руку, / Не дыша…» Мабыць, пад яго ўплывам і нараджаліся мае раннія вершы. У педінстытуце сваім свежанерушным словам найперш прыцягваў Рыгор Барадулін. Таму маё захапленне словатворчасцю, бадай, ад яго.   Калі я быў яшчэ на першым курсе, тагачасны дэкан філфака Леанід Падгайскі даў мне тэму курсавой працы «Наватворы ў паэзіі Рыгора Барадуліна», што ў многім прадвызначыла мой будучы лёс. Наватворы (аказіянальныя словы) потым сталі і тэмай маёй кандыдацкай дысертацыі.

— Зараз у сучаснай літаратуры з’яўляецца шмат новых імён. Вы можаце каго-небудзь з іх вылучыць?

— Колькасць не заўсёды паказчык якасці. Сапраўдных пісьменнікаў не можа быць шмат. Нехта радуе больш, нехта менш. Калі казаць пра ўласна маладую паэзію, то нямала цікавых вершаў змешчана ў кнізе «Мы маладыя», якую ўклаў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь паэт Міхась Башлакоў. Там каля 50 аўтараў з майго роднага педуніверсітэта, можна сказаць, мае выхаванцы. Я іх усіх па-свойму люблю, рады кожнаму іх поспеху.  

— Вы з’яўляецеся стваральнікам літаратурнага аб’яднання «Крокі», дапамагаеце маладым талентам трапіць у літаратурнае асяроддзе. Вы можаце ганарыцца сваімі навучэнцамі? Каго б маглі вылучыць?

— Так, я сапраўды магу ганарыцца сваімі «крокаўцамі». Некаторыя з іх сталі членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі, маюць сваіх прыхільнікаў, чытачоў, свае кнігі. Мікола Ждановіч, Мікола Мікуліч, Таццяна Старасценка, Сяргей Карчыцкі, Таццяна Сівец, Дзмітрый Пятровіч, Ганна Міклашэвіч, Аксана Ярашонак (Камінская), Ксенія Шаржановіч, Ірына Чарняўская, Вераніка Мандзік… Многія з іх шмат ужо сказалі ў літаратуры, а яшчэ больш (спадзяюся) скажуць. Мікуліч, Сівец і Пятровіч паспелі ўжо стаць лаўрэатамі Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу на лепшую кнігу года «Залаты Купідон».

— Раней пісьменнікі ездзілі ў школы, у тым ліку і вясковыя. А зараз арганізоўваюцца такія паездкі?

— Зараз таксама бываем у школах, і ў вясковых таксама. Калі-нікалі ўдаецца вырвацца з працы і мне. Так, разам з Дзмітрыем Пятровічам летась мы наведалі Ільянскую СШ імя А. Грымаця, нядаўна атрымалі запрашэнне з Залескай СШ Вілейскага раёна.  Але часцей выступаем у бібліятэках. Асабліва ў Купалаўскай, на базе якой створаны і функцыянуе  Мінскі гарадскі тэатр паэзіі. Там прайшло ўжо нямала цікавых паэтычных спектакляў. Я, дарэчы, не прапусціў ніводнага. Раю ўсім прыхільнікам паэзіі далучацца да падобных мерапрыемстваў.

 — У вершы «Як ціха мы жылі» ёсць такія радкі: «Няўжо настане час, / І хлопчык светла-русы / Напіша сумны сказ: / “Памерлі беларусы...»?» Вы задалі чытачу рытарычнае пытанне ці на яго ўсё-ткі можна знайсці адказ? Які лёс чакае беларускую мову?

— Верш напісаны ў 1986 годзе, на першым курсе аспірантуры. Беларускай мове і сёння не хапае большай запатрабаванасці, большай абароны, большага  клопату на дзяржаўным узроўні.  Здаецца, у Міністэрстве адукацыі агучвалася думка здаваць  тэсты па дзвюх дзяржаўных мовах, а не па адной (на выбар), як сёння. Мне падаецца гэта вельмі слушным, справядлівым. На жаль, многія не разумеюць, што, перастаўшы гаварыць па-беларуску, мы перастанем быць беларускай нацыяй. Беларусаў дзесяцігоддзямі прывучалі больш любіць-шанаваць чужое, чым сваё. Як калісь пісала паэтка Таццяна Зіненка: «А госці нашы на кутах. / У нас такая завядзёнка…» Зараз сітуацыя мяняецца да лепшага.

— Апошнім часам вы шмат перакладаеце. Гельвецый казаў, што перакладчык падобны да таго, хто адкаркоўвае бутэльку шыкоўнага віна, і ўся духмянасць выветрываецца. Як у вас атрымліваецца захоўваць духмянасць арыгінальнага верша?

— Максімальна стараюся пераўвасобіцца ў аўтара, імкнуся перадаць не толькі змест верша, але і душу паэта (паэтэсы). Пераклаўшы на беларускую мову больш за 500 вершаў з рускай (класічнай і сучаснай) паэзіі і рускамоўнай паэзіі Беларусі,  а таксама з паўсотні беларускіх вершаў на рускую, магу сказаць, што ў пэўнай ступені на гэтым «набіў руку».  Некаторыя з перакладзеных аўтараў (спадзяюся, не жартам) гавораць, што атрымалася лепш за арыгінал. Хаця я, канечне, разумею, што няма мяжы дасканаласці…

— Вы — вядомы ў Беларусі паэт-парадыст, старшыня секцыі сатыры і гумару Саюза пісьменнікаў Беларусі. Ці крыўдзяцца на вашыя пародыі калегі?

— Як правіла, не крыўдзяцца. Часцей просяць, каб напісаў. Большасць паэтаў разумее, што пародыя, па сутнасці, бясплатная рэклама. Хаця бываюць і выключэнні. Адна паэтка мне аднойчы тэлефануе і кажа: «Я гатова перад вамі стаць на калені, толькі не пішыце на мяне пародый». 

— Крыху падае прэстыж прафесіі настаўніка, менш маладых людзей паступае ў педагагічныя ВНУ. У свой час вы пачыналі шлях з працы настаўніка ў вясковай школе. У чым прычына непапулярнасці прафесіі?

— Вельмі шкада, што такая неабходная прафесія не карыстаецца папулярнасцю.   Яшчэ гадоў трыццаць таму перад настаўнікамі здымалі шапку. Дарэчы, як і перад пісьменнікамі. Гэта былі своеасаблівыя апосталы нацыі. У педагагічныя ўстановы паступалі самыя лепшыя выпускнікі школ. А як жа іначай! Хіба можа пасрэдны вучань (троечнік) стаць выдатным настаўнікам, навучыць іншых  прадмету, які сам ведае прыблізна. Сёння, на жаль, сітуацыя пагоршылася.  І тут трэба нешта змяняць. Баюся, што праз пару гадоў у дзяржаве будзе дэфіцыт настаўнікаў роднай мовы і літаратуры, бо выдзяляць толькі 10 бюджэтных месцаў на спецыяльнасць «беларуская мова і літаратура» вядучай педагагічнай ВНУ краіны, на маю думку, гэта не вельмі дальнабачна. Спадзявацца на тое, што на такую спецыяльнасць масава  (і свядома) прыйдуць маладыя людзі, згодныя вучыцца за свой кошт, каб потым за 300 рублёў гарбець над сшыткамі, асабліва не выпадае.   Каб прафесія настаўніка стала больш прэстыжнай, трэба, безумоўна, прэстыж пацвердзіць і адпаведнай зарплатай.

Даведка «СГ»

Мікола Шабовіч нарадзіўся ў невялікай вёсцы Бадзені Мядзельскага раёна, там скончыў пачатковую школу, потым — васьмігодку ў вёсцы Морг, і нарэшце — дзесяцігодку ўжо ў Мядзельскай СШ. Першы верш надрукаваў у раённай газеце «Нарачанская зара» ў 1976 годзе, а першы зборнік «Дом» выдаў у 1996 годзе. 

  Пазней выйшлі яшчэ зборнікі «Падары мне сваю адзіноту», «Мая надзея». З’яўляецца заснавальнікам і шматгадовым кіраўніком універсітэцкага літаратурнага аб’яднання «Крокі». Больш за 90 песень напісана кампазітарамі на словы паэта, выконваліся яны са сцэн рэспубліканскіх фестываляў песні і паэзіі ў Маладзечне і Мінску, на «Славянскім базары» ў Віцебску.

Зараз Мікола Шабовіч дацэнт кафедры беларускага мова- знаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, кандыдат філалагічных навук, выкладае там з 1989 года. 

Надзея ТАЧЫЦКАЯ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter