З «Чызкейкам» — на сцэну

На «Еўрабачанні» сёння вечарам — другое паўфінальнае шоу

На конкурсе «Еўрабачанне-2014» у Капенгагене сёння вечарам пачнецца другое паўфінальнае шоу, у якім прагучыць песня «Чызкейк» у выкананні Тэа. На сцэну артыст выйдзе пад дзясятым нумарам разам з бэк-вакалістамі Арцёмам Ахпашам, Юрыем Селязнёвым, Дзянісам Лісам, а таксама танцорамі Аляксандрам Залескім і Андрэем Мартынавым.

Сапернікамі Тэа стануць выканаўцы з 14 краін: Мальты, Ізраіля, Нарвегіі, Грузіі, Польшчы, Аўстрыі, Літвы, Фінляндыі, Ірландыі, Македоніі, Швейцарыі, Грэцыі, Славеніі і Румыніі.

Паўфінал абяцае быць цікавым. Хаця б таму, што ў ім выступіць спявачка Канчыта Вурст — сцэнічны персанаж выканаўцы з Аўстрыі Томаса Нойвірта, удзельніка, якога, бадай, больш за ўсіх абмяркоўваюць на сёлетнім конкурсе. Не звярнуць на яго ўвагу немагчыма — на сцэну Канчыта выходзіць у вячэрніх жаночых сукенках, з накладнымі вейкамі, яркім макіяжам, але з вусамі і барадой. Букмекеры ўключылі яе ў дзясятку фаварытаў «Еўрабачання-2014». І цалкам верагодна, што не памыліліся, знойдзецца дастаткова жадаючых прагаласаваць за гэту эпатажную персону і вывесці яе ў фінал. Дзівоцтвы на «Еўрабачанні», як правіла, не застаюцца незаўважанымі і неадзначанымі. Узгадайце ізраільцянку-транссексуала Дану Інтэрнэшнл, трыумфатара конкурсу ў 1998-м, фінскіх монстраў «Лордзі» з перамогай у 2006 годзе ці Верку Сярдзючку і яе другое месца ў 2007-м.

Паводле ацэнак букмекераў, сярод фаварытаў другога паўфіналу таксама нарвежац Карл Эспен і прадстаўні-ца Ізраіля Мей Файнгольд.

Цікава, што сапраўднае імя спявачкі Мейталь Слонімскі. Магчыма, і карані з нашых месцаў?

Пазмагацца за 10 пуцёвак у фінал гатовы і другія ўдзельнікі. Здзіўляць будуць вакалам і спецэфектамі, на сцэне ўбачым скокі на батуце па-грэчаску, славянскі каларыт па-польску, сола на скрыпцы і мастацкі свіст ад Швейцарыі, ірландскіх танцораў-мужчын у спадніцах, парашут, піяніна-кола... У гэтым шэрагу прыкметны і наш Тэа: добры вакал, прыгожы нумар, элегантны касцюм, пазітыўная, лёгкая песня. Будзем спадзявацца, што яе ацэніць еўрапейскі глядач і «Чызкейк» прагучыць і ў фінале, які адбудзецца 10 мая.

Дарэчы, па выніках першага паўфінальнага адбору туды ўжо трапілі выканаўцы з Азербайджана, Арменіі, Венгрыі, Ісландыі, Нідэрландаў, Расіі, Сан-Марына, Швецыі, Украіны і Чарнагорыі.

У другім паўфінале галасуюць толькі 15 краін — яго ўдзельніц, а таксама Германія, Італія і Вялікабрытанія, чыім канкурсантам месцы ў фінале забяспечаны аўтаматычна. Галасаваць можна за любога выканаўцу, акрамя прадстаўніка сваёй краіны. Прамая трансляцыя шоу пачнецца ў 22.00 на тэлеканалах «Беларусь 1» і «Беларусь 24». 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter