Палыкавіцкая крыніца пад Магілёвам вядома ўжо звыш паўтысячы гадоў

З чыстай крыніцы вадзіцы напіцца

Толькі афіцыйна Палыкавіцкая крыніца пад Магілёвам вядома ўжо звыш паўтысячы гадоў — тады гэтымі мясцінамі валодаў яшчэ стараста Станіслаў Кезгайла. У народзе казалі: вада з падземнага струмяня лечыць вочы, дапамагае хворым на ныркі, зубы. Цікава, што савецкія вучоныя трыццаць год таму пацвердзілі народную версію: у крынічнай вадзе знайшлі шмат карысных мікраэлементаў. У дзевятнаццатым стагоддзі, падчас праўлення Палыкавічамі графам Рымскім-Корсакавым, тут пабудавалі каплічку. Да нашых дзён яна не дажыла, але ў пачатку двухтысячных на грошы прыхода і землякоў з-за мяжы пабудавалі новую — у гонар святой Параскевы. 


Калісьці мясцовую ваду з асалодай пілі фаварыт імператара Пятра І Аляксандр Меншыкаў, апошні рускі цар Мікалай ІІ, магілёўскі губернатар Аляксандр Дэмбавецкі і нават усесаюзны стараста Міхаіл Калінін. Зараз крыніца ў спісе рэспубліканскіх помнікаў прыроды. Аднак нядаўна высветлілася, што над ёй навісла рэальная пагроза. Пракуратура Магілёўскага раёна ўстанавіла: частка прылягаючага да яе лесу атручана нелегальнай каналізацыяй. Праверка, удакладніў старшы памочнік пракурора Юрый Гораў, ішла не адзін месяц. Каналізацыйны калодзеж, з трубы якога выцякалі адходы, знайшлі сярод елак і сосен за кіламетр вышэй крыніцы. Першыя пробы глебы абапал сцёкавага ручая паказалі: азоту аманійнага ў зямлі амаль у дваццаць разоў больш нормы. «Эколагі падлічылі: нанесеную прыродзе шкоду можна ацаніць у 170 з лішнім мільёнаў рублёў», — адзначыў Юрый Гораў. 

Каналізацыйную трубу адразу ж замуравалі. Аднак пытанне, хто не пасаромеўся так пабудаваць сабе выгоды, што з-за іх рызыкуе быць атручанай крынічная вада, засталося. Магчыма, што след прывя-дзе да катэджнага пасёлка, які пачаў расці непадалёк у пачатку дзевяностых. Магілёўскі міжраённы аддзел Следчага камітэта вобласці зараз дэтальна вывучае справу, якая атрымала статус крымінальнай, знаёміцца з дакументамі на будаўніцтва катэджаў і асабліва — схемамі каналізацыі. Прадстаўленне атрымаюць прадстаўнікі ўлады, якія ў свой час не прадухілілі забруджванне лесу. Аднак галоўнае пакаранне чакае нелегальнага будаўніка каналізацыйнага стоку. 

…У гэтай гісторыі радуе тое, што шматлікія праверкі паказалі: вада ў крыніцы па-ранейшаму чыстая. 

— З кожным годам жадаючых акунуцца ў купелі ці папіць вады з крыніцы становіцца ўсё больш. На Хрышчэнне чарга асабліва доўгая, бо людзі едуць не толькі з Магілёва і вобласці, але і з розных куткоў Беларусі, — падзяліўся сваімі назіраннямі айцец Аляксандр, які служыць у мясцовым храме звыш дзесяці гадоў. Ён спадзяецца, што святое месца і надалей застанецца месцам прыцягнення вернікаў. Кажа, спецыяльнай статыстыкі цудаў сёння ніхто не вядзе. Але тое, што мясцовая вада дапамагае ачышчэнню душы і цела, дорыць любоў да бліжняга і падымае настрой — гэта факт.

На здымку: Палыкавіцкая крыніца.

Святлана МАРКАВА

svet.markova@gmail.com
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter