З чыстага лiста

Адлічваючы апошнія гадзіны, сыходзіць у гісторыю яшчэ адзін год нашага жыцця. Які ж быў 2014-ы?
Адлічваючы апошнія гадзіны, сыходзіць у гісторыю яшчэ адзін год нашага жыцця. Які ж быў 2014-ы? Безумоўна, выдатны! У ім знайшлося месца як добраму, так і не надта... Для кагосьці надзеі бягучага года спраўдзіліся, а камусьці разам з цудоўнымі імгненнямі дасталіся пэўныя расчараванні, паколькі не бывае ў жыцці толькі чорнае альбо толькі белае.

Але давайце ўспомнім галоўнае ў 2014 годзе. Вядома, у цэнтры ўвагі знаходзіліся гучныя міжнародныя спартыўныя падзеі: XXII зімовыя Алімпійскія і XI Паралімпійскія гульні ў расійскім Сочы, 78-ы Чэмпіянат свету па хакеі з шайбай у Мінску і чэмпіянат свету па футболе ў Бразіліі.

Адзначана сто гадоў з пачатку Першай сусветнай вайны. Прайшлі прэзідэнцкія выбары ў Афганістане, Бразіліі, Літве, Інданэзіі і Харватыі, парламенцкія — у Індыі, Малдове, Швецыі, выбары ў Еўрапарламент і кангрэс ЗША. Латвія далучылася да еўразоны, яе грашовай адзінкай стаў еўра. Адбыліся рэферэндумы аб незалежнасці Шатландыі ад Вялікабрытаніі і Каталоніі ад Іспаніі, святкаванні з нагоды падзення Берлінскай сцяны.

Нямала сапраўды драматычных і трагічных падзей было ў свеце ў ваенна-палітычнай і ў сацыяльна-эканамічнай сферах.

На Блізкім Усходзе міжнародная ісламісцкая тэрарыстычная арганізацыя “Ісламская дзяржава” захапіла шэраг тэрыторый Сірыі і Ірака. Сусветная эканоміка працягвала знаходзіцца ў стане рэцэсіі. Рэзка знізіліся цэны на нафту, выклікаўшы негатыўныя працэсы сярод вядучых эканамічных ігракоў. Пагоршылася “самаадчуванне” кітайскай і амерыканскай эканомік, назіраўся крызіс у еўразоне.

Падзеі, якія адбыліся пасля ўкраінскага “еўрамайдану”, справакавалі змену ўлады ва Украіне, страту дзяржавай часткі сваёй тэрыторыі і грамадзянскую вайну на паўднёвым усходзе. Па сутнасці, украінская тэма падзяліла вядучыя краіны планеты на два супрацьлеглыя лагеры. Сапсаваліся адносіны Расіі і Захаду. ЗША і Еўрасаюз увялі эканамічныя санкцыі супраць нашай вялікай суседкі. Аднак, калі ёсць жаданне, любыя цяжкасці можна пераадольваць. У аснову ўрэгулявання ўкраінскага канфлікту ляглі мінскія палітычныя дамоўленасці. Іх застаецца толькі выконваць як Кіеву, так і апалчэнцам.

...Мы ўрачыста адзначылі 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У Год гасціннасці наша краіна на самым высокім узроўні правяла 78-ы чэмпіянат свету па хакеі з шайбай.

У Новы год Беларусь уваходзіць з новым Урадам, значным кадравым аднаўленнем ключавых органаў дзяржкіравання. Адпаведнае рашэнне прынята Прэзідэнтам.

Будзем спадзявацца, што надыходзячы 2015 год стане для ўсіх нас крышачку лепшы, больш цікавы і шчаслівы, прынясе ўдачу. Пачнём усё з чыстага ліста.

Упэўнены, што і “Народная газета” ў наступным годзе не расчаруе сваіх чытачоў.

З Новым годам! Да сустрэчы ў 2015-м!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter