Фукус i тапінамбур – хутка пралаўкі нашых магазінаў папоўняццы прадуктамі з нетрадыцыйнай сыравіны

З чым гэта ядуць

Вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук ушчыльную заняліся распрацоўкай інавацыйных прадуктаў. Фішка — нетрадыцыйная сыравіна, якая ўпершыню будзе выкарыстоўвацца ў харчовай і спіртавой прамысловасцях нашай краіны. Ужо пададзены заяўкі на патэнты, наперадзе — клінічныя выпрабаванні. Падрабязнасці аб экзатычных навінках даведалася «Р».

Рыбны паштэт з фукусам усім павінен быць даспадобы: склад распрацоўваўся з улікам галоўных спажывецкіх пераваг

Інавацыйныя тэхналогіі на аснове нетрадыцыйнай сыравіны распрацавалі спецыялісты Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук па харчаванні. Так, хутка мы зможам паспрабаваць незвычайны рыбны паштэт з фукусам. Марская бурая водарасць — карысная дабаўка, якая раней не выкарыс-тоўвалася ў харчовай прамысловасці краіны. А дарма: яе хімічны склад лічыцца ўнікальным, бо амаль ідэнтычны складу тканак чалавечага арганізма і плазмы крыві. Водарасці растуць у марской стыхіі, дзе першапачаткова раствораныя ўсе мінеральныя рэчывы, неабходныя для здароўя.

Фукус — крыніца поўнага і збалансаванага набору мікра- і макраэлементаў, вітамінаў. Валодае супрацьвіруснымі і проціпухліннымі ўласцівасцямі. Алена Красоўская, навуковы супрацоўнік лабараторыі фізіка-хімічных даследаванняў Рэспубліканскага кантрольна-выпрабавальнага комплексу па якасці і бяспецы прадуктаў харчавання, паказвае, што з сябе ўяўляе цуда-прадукт:

— Водарасць здабываюць у Белым моры. Яна шырока ўжываецца ў медыцыне і касметалогіі. Выкарыстанне яе ў харчовай прамысловасці — навінка для нас.

Алена Сяргееўна акуратна змешвае бурую кашку з марской водарасці і не перастае пералічваць яе ўласцівасці: фукус дапаможа людзям справіцца з праблемамі стрававання, ачысціць кішэчнік, выведзе радыёнукліды, палепшыць працу сардэчна-сасудзістай сістэмы. 

— Чаму рыбны паштэт? — Алена Красоўская апярэджвае маё пытанне. — Мы вывучылі шматгадовую статыстыку і зразумелі: нашы грамадзяне спажываюць недастаткова рыбы для падтрымання здаровага ладу жыцця. Яшчэ адзін момант: за мяжой прылаўкі проста ломяцца ад разнастайнасці рыбнай прадукцыі — можна купіць паштэты, кансервы і нават гатовыя катлеткі. У нас жа асартымент не такі вялікі. Гэта трэба тэрмінова выпраўляць.

Вучоныя распрацавалі «рэцэпт» паштэту на аснове карпа, які жыве ў нашых вадаёмах. Унеслі карысную заморскую дабаўку. Правялі ўсе неабходныя тэхналагічныя працэсы ў лабараторных умовах, медыка-біялагічныя даследаванні — атрымалі станоўчае заключэнне. Зараз ідзе апрабацыя на прадпрыемстве-вытворцы рыбнай прадукцыі. Распрацоўку чакаюць клінічныя выпрабаванні. Хутка першая партыя цуда-паштэтаў з’явіцца на нашых прылаўках.

Юлія ПУСОЎСКАЯ: «Мы называем тапiнамбур новаадкрытай крыніцай энергіі»
Навінка прыйдзецца як мага дарэчы. Вучоныя па ўсім свеце б’юць трывогу: ужо ў 2050 годзе чалавецтву пагражае татальны недахоп прадуктаў харчавання. Ва ўсіх кутках планеты цяпер займаюцца распрацоўкамі альтэрнатыўнай ежы. Нашы спецыялісты таксама сур’ёзна задумаліся аб стварэнні новых прадуктаў.

Сучаснасць дыктуе і іншыя тэндэнцыі. Напрыклад, шукаць больш танную і эканамічна выгадную сыравіну для вытворчасці розных папулярных прадуктаў. Этылавы спірт, як ні круці, трымаецца ў лідарах. Ён патрэбны ў розных сферах: акрамя харчовай, хімічнай прамысловасцей, выкарыстоўваецца яшчэ і ў парфумерыі, касметалогіі, медыцыне, сельскай гаспадарцы, для бытавых патрэб. Таму праблема атрымання спірту заўсёды вельмі актуальная.

Сёння спірт у нашай краіне вырабляецца часцей за ўсё са збожжа. Гэта асноўная сыравіна, шырока запатрабаваная і шматфункцыянальная. Вучоныя знайшлі спосаб, як сэканоміць на каштоўнай збожжавай культуры. Юлія Пусоўская, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела тэхналогій алкагольнай і безалкагольнай прадукцыі, круціць у руках нейкі клубень. Расліна знешне падобна ці то на бульбу, ці то на корань імбіру. Спрабую: ёсць ноткі радыскі, квяцiстай капусты, спаржы.

— Гэта тапінамбур, у народзе называецца — земляная груша. Лічыцца амаль што пустазеллем — расце, дзе ўздумаецца, непераборлівая да глебы, але ў той жа час валодае збалансаваным хімічным складам. Расліна здольная выстаяць пры траскучых маразах і засусе, устойлівая супраць шматлікіх хвароб і шкоднікаў, — уводзіць у курс справы Юлія Пусоўская. — Унікальны карняплод можа даваць рэкордныя ўраджаі пры мінімальным доглядзе.

Дарэчы, вучоныя ва ўсім свеце сцвярджаюць, што сыравіны танней, чым тапінамбур, на планеце не існуе. Спецыялісты называюць яго новаадкрытай крыніцай энергіі. 

У земляной грушы неверагодны патэнцыял. Але, нягледзячы на фантастычныя прамысловыя перспектывы, цікавасць да гэтай расліны праявілі толькі цяпер.

— Улічваючы сезоннасць вытворчасці этылавага спірту з тапінамбуру, мэтазгодна перапрацоў-ваць яго разам з іншай расліннай сыравінай, напрыклад, фуражным збожжам, вотруб’ем, адходамі мукамольнай вытворчасці і іншым. Мы распрацавалі інавацыйную 

безадходную тэхналогію атрымання спірту з тапінамбуру і сыравіны, якая змяшчае вугляводы. Гэта павысіць эфектыўнасць вытворчасці, павялічыць выхад і якасць прадукцыі, знізіць яе сабекошт, — Юлія Пусоўская пералічвае перавагі тэхналогіі, аналагаў якой пакуль няма.

Акрамя ўсіх вышэйпералічаных сфер, дзе шырока выкарыстоўваецца спірт, ёсць яшчэ і паліўна-энергетычная. У XXI стагоддзі кіруюць перадавыя тэхналогіі, якія дазволілі стварыць альтэрнатыўныя віды аўтама-більнага паліва. Яны аднаўляюцца, паўней згараюць і больш надзейныя, чым традыцыйны бензін. Гэта перш за ўсё біяэтанол — этылавы спірт, які атрымліваюць шляхам закісання практычна любога рэчыва, якое змяшчае крухмал або цукар. Нашы вучоныя прапануюць вырабляць біяэтанол з тапінамбуру ў сумесі з сыравінай, якая змяшчае вугляводы. Гэта дазволіць сур’ёзна стымуляваць сельскагаспадарчую вытворчасць, эканоміку, захаваць прыродныя рэсурсы і палепшыць стан навакольнага асяроддзя. 

ypopko@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter