З чаго пачынаецца Жодзіна.  З адважных учынкаў князя Багуслава ці са славутых самазвалаў?

Жодзіна знаходзіцца на асобым становішчы ў нашай краіне. Гэты горад хаця і размешчаны на тэрыторыі Смалявіцкага раёна, падпарадкоўваецца непасрэдна Мінску — дакладней, адміністрацыі цэнтральнай вобласці дзяржавы. Калі ж Смалявічы, як заявіў выконваючы абавязкі старшыні Мінскага гарвыканкама Мікалай Ладуцька, стануць спадарожнікам сталіцы, то ў Жодзіна ёсць шанц змяніць статус на райцэнтр. Пакуль жа, як сведчыць статыстыка, у Смалявічах жыве 17 тысяч чалавек, а ў Жодзіне — больш за 61 тысячу. Вось такі цуд, гэткае дзіва. Гісторыя, мабыць, вырашыла выткаць для Жодзіна асаблівую нітку лёсу — нестандартнага размеру...

Шведскі стол на дзень нараджэння

Людзі любяць маладзіцца, а гарады — старыцца. Кожны населены пункт жадае выглядаць саліднейшым, бліжэйшым па часе ўзнікнення да такіх “дыназаўраў”, як Рым, Іерусалім. Жодзіна горадам стала 7 сакавіка 1963 года. Зусім малеча нават для нашых шырот. Аднак біяграфія паселішча пры ўважлівейшым разглядзе аказваецца даволі доўгай.
Яшчэ ў 1996 годзе аўтарытэтная Энцыклапедыя гісторыі Беларусі сцвярджала, што гэтае месца “ўпершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах пад 1688 годам як вёска Жодзіна Слабада ў Барысаўскім старостве Мінскага ваяводства, уласнасць Радзівілаў”.
Але ў 2000 годзе Жодзіна атрымала новую біяграфію, напісаную кандыдатам гістарычных навук Вячаславам Насевічам. Нараджэнне горада (а зусім не вёскі) аказалася звязаным з вялікай геапалітыкай! Паслухаем даследчыка: “У 1654 годзе пачалася вялікая вайна паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй, у якую пазней уключылася і Швецыя. Да лета 1655 года тэрыторыя Смалявіччыны была цалкам занята рускімі і заставалася пад іх кантролем на працягу пяці гадоў. Уладальнік Смалявіч Багуслаў Радзівіл разам са стрыечным братам Янушам, які ў той час быў вялікім гетманам Вялікага княства Літоўскага, спярша актыўна змагаўся супраць рускіх. Але пасля Радзівілы зрабіліся правадырамі партыі, якая выступала за аддзяленне ад Польшчы і ўсталяванне шведскага пратэктарату над Беларуссю і Літвой. Некалькі гадоў Багуслаў ваяваў на баку шведаў, а потым зноў перайшоў да караля Рэчы Паспалітай і змагаўся супраць тых жа шведаў. Каларытная постаць Багуслава Радзівіла яскрава паказана ў вядомым рамане Генрыка Сянкевіча “Патоп”, прысвечаным падзеям вайны 1654—1667 гадоў.
Незадоўга да вайны, каля 1643 года, паводле рашэння Багуслава Радзівіла было заснавана мястэчка, якое спярша атрымала назву Багуслаў Поле. Гэтая назва, аднак, не прыжылася, і праз некалькі дзесяцігоддзяў паселішча пачалі называць па рацэ, на якой яно ўзнікла — Жодзіна. Гэтая назва захавалася і да сёння. У інвентары 1643 года пазначаецца, што ў Багуслаў Полі было намерана ажно 400 пляцаў, частка якіх была ўжо разабрана пад забудову”.
Мястэчка — не што іншае, як маленькі горад. Дык, выходзіць, Жодзіна пачыналася з горада і толькі пасля стала вёскай, а ў савецкі час вярнула сабе спрадвечны тытул?!
У 1781 годзе ў мястэчку на трох вуліцах (Барысаўскай, Мінскай і Жодзінскай) знаходзіўся 41 двор з 230 жыхарамі. Маштабы не грандыёзныя, але нагадаю, што і людзей у тую пару было меней у маштабах усёй краіны.

Аб кім смуткуе маці-патрыётка

Самая гістарычная мясціна ў горадзе — помнік “Маці-патрыётка”. Манумент мае прататыпаў: жанчына, якая стаіць на дарозе і праводзіць сваіх дзяцей удалечыню — Анастасія Фамінічна Купрыянава. Ураджэнка Жодзіна Купрыянава ўзгадавала сямёра дзяцей. У гады Вялікай Айчыннай вайны пяцёра пайшлі на фронт. І не вярнуліся.
У 1975 годзе ў памяць пра маці-пакутніцу і яе дзяцей-герояў быў узведзены мемарыял. Помнік бачыць кожны, хто праязджае праз Жодзіна. Ён стаіць на трасе Мінск — Масква ў месцы невыпадковым: па гэтай дарозе беларусы ішлі на фронт, па гэтым шляху прыйшло на нашу зямлю вызваленне ў 1944 годзе, тут ішлі жорсткія баталіі за свабоду Радзімы. Каб нашым маці больш ніколі не давялося праводзіць дзяцей на верную смерць.

Сын палка

17-гадовы сын Купрыянавай Пётр атрымаў званне Героя Савецкага Саюза — пасмяротна. Ён закрыў сваім целам, амбразуру дзота, у якім засеў нямецкі кулямётчык, — каб уратаваць таварышаў ад варожых куль. У Жодзіне ёсць музей героя, школа і вуліца яго імя. Подзвіг Купрыянава жыве ў сэрцах землякоў і застанецца ў вяках.

 

Д’Артаньян з беларускім пашпартам

Чатыры гады таму ўраджэнец Жодзіна літаратар Уладзімір Сіўчыкаў ініцыіраваў усталяванне помніка Багуславу Радзівілу. І не толькі таму, што князь — “бацька” горада. Багуслаў славіўся адвагай не меншай, чым у трох мушкецёраў. Служыць ён пачаў у Нiдэрландах у прынца Аранскага, але забiў на дуэлi ягонага сваяка i мусiў уцячы. У Францыі яго чакалi цёплы прыём i асабiстае знаёмства з манархам. Але праз круты нораў i поспех у прыдворных дам князь займеў нядобразычлiўцаў. Аднаго з iх — графа дэ Рукса — ён, як сапраўдны рыцар, выклiкаў на дуэль, бо той замнога пляткарыў пра жанчын. Напярэдаднi дуэлi Багуслава арыштавалi i выслалi, але ён таемна вярнуўся ў Францыю. Шпагай князь Багуслаў валодаў лепш за любога гвардзейца цi мушкецёра. Мадам дэ Рукс вельмi баялася за жыццё свайго мужа, а таму паскардзiлася Гастону Арлеанскаму, i Радзiвiла пасадзiлi ў Бастылiю. Там яго наведвалi Анна Аўстрыйская i кардынал Мазарынi.
Застаецца толькі здагадвацца, ці не стаў наш князь адным з прататыпаў для гісторый Дзюма пра мушкецёраў.

Павел Марыеў

30 чэрвеня 2001 года Павел Лук’янавіч Марыеў, тагачасны генеральны дырэктар Беларускага аўтазавода, быў ганараваны званнем Герой Беларусі — за самаадданую працу і выключныя заслугі ў развіцці айчыннага аўтамабілебудавання.

 

 

Азы БелАЗа

Калі ў 1871 годзе ля вёскі Жодзіна пачала прымаць першыя цягнікі новаадкрытая станцыя на Маскоўска-Брэсцкай чыгунцы, гэта стала гарантыяй таго, што былому мястэчку ніколі не стаць ужо глыбокай правінцыяй. Але сапраўдная рэвалюцыя ў жыцці паселішча адбылася ў 1958 годзе — з пачаткам будаўніцтва Беларускага аўтамабільнага завода. Леанід Парфёнаў, стваральнік энцыклапедыі савецкай гісторыі “Намедни”, уключыў БелАЗ у рад тых “падзей, людзей, з’яў”, без якіх нас, сённяшніх, немагчыма “ўявіць, яшчэ цяжэй — зразумець”.
У гісторыі БелАЗа Парфёнаў адзначае 1969 год: “Беларускі аўтазавод выпускае новы кар’ерны самазвал, які здатны перавозіць 75 тон грузу. Дагэтуль “БелАЗы” рабіліся на 27 і 40 тон грузу. Рэкордныя 75 тон — гэта чатыры таварныя вагоны. Гіганцкі аранжавы самазвал звычайна вязе гару чорнага антрацыту па схіле адкрытага вугальнага разрэзу. Марка “БелАЗ” — паняцце агульнае: самая вялікая машына з коламі вышэй за чалавечы рост і спецыяльнай лесвічкай наверх — у дамок-кабінку пад навесам кузава”.

Нябесная збавіцельніца

З помнікаў сівой даўніны ў Жодзіне нічога не ацалела — ні царква святых Пятра і Паўла, збудаваная па фундацыі князёў Радзівілаў, ні царква святога арханёла Міхаіла, што захавалася толькі на, бадай, адзіным фота пачатку ХХ стагоддзя (здымак уверсе).

 

Сёння галоўная святыня горада — храм у гонар іконы Маці Божай “Збавіцельніца”, пабудаваны ў канцы ХХ стагоддзя ў стылі старажытнарускага дойлідства.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter