«З былых стагоддзяў да мяне дайшло Пятраркi, Дантэ, Байрана святло»

Уладзiмiр Скарынкiн прыслухаўся да запавету Уладзiмiра Караткевiча

Паэт i перакладчык Уладзiмiр Скарынкiн прыслухаўся да запавету Уладзiмiра Караткевiча

Выйшла ў свет кнiга Уладзiмiра Скарынкiна з перакладамi на беларускую мову «Новага жыцця» Дантэ Алiг’еры i «Кнiгi песень» Франчэска Пятраркi. Гэта ўжо трэцi зварот вядомага паэта да сусветнай класiкi. Першай удалай спробай быў пераклад у 1997 годзе на беларускую мову «Боскай камедыi» Дантэ, за якi Уладзiмiр Скарынкiн быў адзначаны Дзяржаўнай прэмiяй Беларусi iмя Янкi Купалы ў галiне лiтаратуры, а таксама Нацыянальнай прэмiяй Iталii.

На працягу сямi гадоў, як узгадвае тую працу Уладзiмiр Максiмавiч, яго лепшым дарадчыкам, настаўнiкам i сябрам быў Дантэ. Але разам з тым прызнае, што сталася так далёка не адразу. Iтальянскай ён не ведае. З пад­радкоўнiкам паэту на той час дапамагчы нiхто са спецыялiстаў не ўзяўся, спасылаючыся на тое, што мова Дантэ вельмi адрозная ад сучаснай iтальянскай. Склада­насцi чакалi i з пошукам празаiчнага перакладу «Боскай камедыi», цалкам яго ўдалося знайсцi толькi ў Санкт-Пецярбургскай бiблiятэцы iмя Салтыкова-Шчадрына. Але ўсё ж галоўнай цяжкасцю было зразумець фiласофiю Дантэ, ужыцца ў сiстэму яго вобразаў, унiкнуць у яго светаўяўленне. Толькi спасцiгнуўшы iх, па словах Уладзiмiра Скарынкiна, працаваць яму стала лягчэй i праца пачала прыносiць больш творчай радасцi, чым творчых пакут.

Наступным плёнам перакладчыка стаў выпуск на беларускай мове ў 2004 годзе паэм Джорджа Байрана «Дон Жуан» i «Прароцтва Дантэ», якiя таксама атрымалi высокую адзнаку ў лiтаратурным свеце. I вось зараз – зноў iтальянская класiка. I зноў – выдатны вынiк, што не раз адзначалася на нядаўняй прэзентацыi кнiгi, у час якой павiншаваць паэта з творчай удачай у Дом дружбы i культурнай сувязi з замежнымi краiнамi сабралiся пасол Iталii ў Беларусi Арнальда Абецi, калегi-лiтаратары, лiнгвiсты, акцёры, блiзкiя i сябры.

Пра галоўную прычыну свайго жадання ўзяцца за пераклады твораў славутых генiяў пяра гавораць вершаваныя радкi Уладзiмiра Скарынкiна:

З былых стагоддзяў

да мяне дайшло

Пятраркi, Дантэ, Байрана святло.

Няўрымслiвы, упарты, апантаны

Хацеў я, каб адлюстравана мной

Яно было, як сферай люстраной.

Не прагну я нi славы, нi пашаны.

Хай прамянi, што мной

адлюстраваны,

Прымусяць зiхацець яшчэ ярчэй

У цемрадзi духоўнага калецтва

Грань беларускай часткi

чалавецтва.

— Я лiчу, што наша беларуская мова не горшая нi за якую iншую. Яна такая ж спеўная i мiлагучная, як iтальянская, дасцiпная i трапная, як французская, дакладная, як англiйская, i гэтак жа, як яна, можа быць мiжнароднай. Паказаць годнасць, багацце нашай мовы – менавiта гэта скiравала мяне да працы над перакладамi сусветных шэдэўраў. Некалi пра гэтую неабходнасць казаў Уладзiмiр Караткевiч, бо дзякуючы перакладам на беларускую мову самых значных твораў сусветнай лiтаратуры сама яна толькi ўзбагачаецца. Я прыслухаўся да запавету класiка i зрабiў гэта, — адзначыў паэт у iнтэрв’ю «Р».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter