З «Бяседай» спявае душа!

Хто не ведае нашага слыннага беларускага калектыву «Бяседа»?!

Цёплае, шчырае, поўнае ўдзячных слоў пiсьмо атрымала днямi рэдакцыя «Р» ад настаўнiцы беларускай мовы i лiтаратуры, выдатнiцы адукацыi Рэспублiкi Беларусь Наталлi Трыгубовiч. У iм – аповяд пра цудоўную сустрэчу з песняй, якую вучням, педагогам i работнiкам Уздзенскай санаторнай школы-iнтэрната Мiнскай вобласцi падарылi артысты ансамбля народнай музыкi «Бяседа» пад кiраўнiцтвам вядомага кампазiтара  Леанiда Захлеўнага.

«Хто не ведае нашага слыннага беларускага калектыву «Бяседа»?! Колькi заўзятых прыхiльнiкаў i фанатаў чакаюць не дачакаюцца прыезду з канцэртам «Бяседы» ў невялiкi пасёлак, вёску цi гарадок. А вось нам у гэтым плане пашанцавала. Любiмых артыстаў мы вiталi на школьнай сцэне. 

Як прызналiся самi «бяседаўцы», яны ўпершыню выступалi перад вучнямi. Напэўна, хвалявалiся, цi здолеюць сучасныя дзецi, выхаваныя на папсе, успрыняць на належным узроўнi беларускiя песнi. Аднак, калi на сцэне сапраўдныя артысты, творцы з вялiкай лiтары, якiя кожную песню выпеставалi, выняньчылi ў сваёй душы, iм пад сiлу пакарыць любую аўдыторыю. I «Бяседа» гэта годна даказала. Песнi калектыву яднаюць людзей розных нацыянальнасцей, прафесiй, узростаў, бо яны пра   заўсёды актуальнае i жыццёвае: сям’ю, каханне, мацi, жанчыну, нашу беларускую працавiтасць i гасцiннасць – усё тое, што не старэе з часам i зразумелае ўсiм.

Неаднаразова вучнi i педагогi выконвалi песнi з рэпертуару «Бяседы» падчас школьных вечарын, а тут такi падарунак – убачыць любiмых артыстаў i пачуць жывое выкананне песень, якiя ўжо становяцца народнымi. Таму i не дзiва, што слухачы шчодра дарылi «Бяседзе» апладысменты, крычалi «брава», у захапленнi падымалiся з месцаў i, вядома ж, спявалi разам», — пiша Наталля Трыгубовiч.

Трэба адзначыць, што канцэрт стаў своеасаблiвым падарункам выхаванцам, педагогам i супрацоўнiкам школы-iнтэрната ў рамках Тыдня дабрынi, якi праводзiўся ў школе.

Прыемна дадаць, што гэтай сустрэчы са знакамiтым творчым калектывам паспрыяла «Рэспублiка». Менавiта да яе звярнулiся вучнi i педагогi Уз-дзенскай санаторнай школы з просьбай дапамагчы звязацца з ансамблем народнай музыкi «Бяседа», бо ведалi з газетных публiкацый, як сёлетняй вясной, нягледзячы на свой даволi шчыльны гастрольны графiк, артысты адгукнулiся на запрашэнне «Рэспублiкi» далучыцца да акцыi «Будзь здаровай, Беларусь!» i выступiць з сольным канцэртам перад жыхарамi горада Нароўлi.

Тады, як i цяпер, артысты не адмовiлiся дабрачынна паўдзельнiчаць у высакароднай справе. Брава, «Бяседа»! I вялiкi дзякуй вам за цёплыя сэрцы i добрыя песнi!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter