З бою — у гiсторыю...

Як беларус Мiхаiл Цыбаненка трапiў на гiстарычны здымак

З бою — у гiсторыю... трапiлi ў кабiнеце Гiтлера Мiхаiл Цыбаненка i яго франтавыя сябры

У пачатку 1985 года, гасцюючы ў пляменнiцы маёй жонкi Наташы Мальгiной у Бабруйску, я даведаўся, што ў горадзе жыве ўдзельнiк узяцця Берлiна i штурму Рэйхстага. Здымак, дзе ён сфатаграфаваны разам з баявымi таварышамi каля гiтлераўскага глобуса, змешчаны ў кнiзе маршала Савецкага Саюза Георгiя Канстанцiнавiча Жукава «Успамiны i роздум».

Я зацiкавiўся такой навiной, звярнуўся да мясцовага начальства па адрас франтавiка, i мяне падвезлi да яго дома.

Дзверы адчынiў сам гаспадар. Мiхаiл Iльiч тут жа прапанаваў чаю i з ахвотай паведаў, як усё было.

...Да вайны на ўроку геаграфii малады настаўнiк пачатковых класаў Мiхаiл Iльiч Цыбаненка распавядаў сваiм вучням пра новабудоўлi нашай краiны, гiстарычныя падарожжы i адкрыццi. Паказваў на глобусе акiяны i моры, мацерыкi i астравы, тыя мясцiны роднай зямлi, дзе савецкiя людзi здзiўлялi свет сваёй натхнёнай стваральнай працай. I не падазраваў, што, магчыма, у гэты ж самы час Гiтлер таксама стаiць каля свайго вялiзнага глобуса побач з самазадаволеным Герынгам, пазiруе, як будучы валадар планеты.

Такi здымак быў змешчаны на ўсю вокладку фашысцкага часопiса. У 1943 годзе каля горада Арла франтавы карэспандэнт «Комсомольской правды» Рыгор Капусцянскi ўбачыў яго затаптаным у гразь адступаючымi салдатамi шалёнага фюрэра.

Гэта было знакам канчатковага правалу фашысцкай авантуры.

I карэспандэнт даў цвёрдае салдацкае слова абавязкова дайсцi да Берлiна, знайсцi фашысцкую бярлогу i зрабiць там свой здымак знакамiтага глобуса з савецкiмi волатамi-пераможцамi побач...

А ў гэты час былы настаўнiк пачатковых класаў Мiхаiл Iльiч Цыбаненка вызваляў Украiну i Малдавiю разам з таварышамi-танкiстамi.

Нарэшце настаў доўгачаканы дзень вясны 1945 года.

...Задымлены, пашчэрблены кулямi i снарадамi, прывiдам-зданню ўзвышаецца над руiнамi Рэйхстаг. Над iм горда лунае чырвоны Сцяг Перамогi. А вось i ён, кабiнет нацысцкага верхаводы. Майскае сонца праз прабоiны ў сценах, як штыкамi, промнямi працiнае яго наскрозь, свежы вецер выдзiмае з яго смярдзючы фашысцкi дух. I вось ён, той глобус, да якога цягнуўся драпежны кiпцюр Гiтлера.

 Цяпер каля глобуса шалёнага фюрэра тоўпяцца савецкiя воiны. Сярод iх настаўнiк лейтэнант Мiхаiл Iльiч Цыбаненка i яго баявы таварыш Лiверый Iванавiч Шыльнiкаў.

— Ну i гад, — смяюцца байцы з Гiтлера. – Дзялiў-дзялiў зямлю, а для сваiх касцей нават чатырох метраў не выкарыстаў...

Якраз у гэты момант пачуўся шчаўчок «лейкi» карэспандэнта Рыгора Капусцянскага. У вынiку з’явiўся на свет унiкальны гiстарычны здымак, зроблены ў Рэйхстагу. На iм — Лiверый Iванавiч Шыльнiкаў i Мiхаiл Iльiч Цыбаненка.

На той час карэспандэнт не запiсаў у блакнот iх прозвiшчаў. I толькi калi гiстарычны здымак трапiў у кнiгу маршала Савецкага Саюза Георгiя Жукава, пачалiся пошукi байцоў, якiя на здымку.

— Бачыў гэты здымак у кнiзе i я, — усмiхаючыся той самай усмешкай, што i на гiстарычным здымку, казаў работнiк аднаго з домакiраўнiцтваў Бабруйска падпалкоўнiк у адстаўцы Мiхаiл Iльiч Цыбаненка. – Але не верылася, што вось так, адразу пасля апошняга бою, можна было зрабiць крок у гiсторыю.

На здымку, змешчаным у кнiзе маршала Георгiя Жукава «Успамiны i роздум», другi злева – Мiхаiл Iльiч ЦЫБАНЕНКА.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter