З беларучак багатымі не вырастаюць

Ветурач СПК “Гудагай” Астравецкага раёна Анатоль Сільвановіч нарадзіўся ў год Быка, па гараскопу — Цялец, таму і сувязь з сельскай гаспадаркай лічыць не выпадковай. Вядзе па сваім падвор’і і дзеліцца планамі: “Летам пабудую альтанку для адпачынку, выкапаю вадаёмчык, разам з жонкай наладзім клумбу. Хату не здымайце, — просіць фотакарэспандэнта гаспадар, — хутка еўравокны паставім і сайдынгам абшыем. Спадзяюся, і баньку да розуму давядзём, во будзе хараство!”

У Астравецкім раёне падсобныя гаспадаркі — выдатная падмога сямейнаму бюджэту. І гэта разумеюць мясцовыя ўлады

Ветурач СПК “Гудагай” Астравецкага раёна Анатоль Сільвановіч нарадзіўся ў год Быка, па гараскопу — Цялец, таму і сувязь з сельскай гаспадаркай лічыць не выпадковай. Вядзе па сваім падвор’і і дзеліцца планамі: “Летам пабудую альтанку для адпачынку, выкапаю вадаёмчык, разам з жонкай наладзім клумбу. Хату не здымайце, — просіць фотакарэспандэнта гаспадар, — хутка еўравокны паставім і сайдынгам абшыем. Спадзяюся, і баньку да розуму давядзём, во будзе хараство!”

Сільвановічы трымаюць каня і тры каровы. На лузе, ля хаты, пасецца атара авечак.

— Рамашка, Мурашка, Капітошка, Розачка, мой любімы баранчык Лісток… — паказвае пальчыкам малодшая дачка, пяцігадовая Маргарытка, жывёлінак, якіх часам пасе.

У маленькіх загонах фыркаюць, чакаюць свежай зелянінкі трусы. Палічыць іх цяжка, Ядзвіга Іосіфаўна, жонка Анатоля Сільвановіча, кажа, што каля сотні будзе. Побач, у хлеўчыку, дзве свінаматкі выходжваюць парасятак.

— Колькі іх — не скажу, дрэнная прыкмета: весціся не будуць, — усміхаецца жанчына. — Парасятак раней прадавалі — усё ж капейка ў сямейны бюджэт. Сёлета вырашылі пакінуць сабе: зерне падзешавела, чаму і не выгадаваць?

Свініну Сільвановічы прадаюць, самі харчуюцца больш трусяцінай: і супы з яе вараць, і тушаць, і смажаць. Мяса смачнае, гавораць гаспадары, і дыетычнае.

Два сыны хоць і вучацца ў пятым і шостым класах, але ўжо сапраўдныя памочнікі, гаспадары. І кароў пасуць, і касіць разам з бацькам спрабуюць. Улетку працуюць упоравень з дарослымі. А работы на прысядзібным участку хапае — яблыкі, грушы, вінаград, суніцы. Нядаўна сям’я ўзяла ў калгасе тры гектары зямлі, 80 сотак засеялі ячменем і аўсом, на 50-ці — бульба, на 10-ці — кармавыя буракі і кабачкі. Частка ўраджаю ідзе для сям’і, астатняе прадаюць.

Ядзвіга Іосіфаўна — педагог з вышэйшай адукацыяй. Але зараз педагагічныя навыкі прымяняе толькі ў выхаванні сваіх дзяцей. Астатні час прысвечаны падсобнай гаспадарцы. Галава сям’і — Анатоль — лічыць, што для дзяцей на першым месцы павінна быць вучоба. Але і беларучак не любіць, таму прывучае змалку хлопцаў да любой працы: гной кідаць, каня павадзіць, бульбу капаць. Усё ў жыцці спатрэбіцца, хоць і ў горадзе будзеш жыць, разважае бацька.

Падсобная гаспадарка, калі да яе адносіцца з толкам, прыносіць грошы. Але дзе грошы зарабляліся лёгка? Сільвановічы гадуюць авечак, а вось воўну і скуру здаваць няма куды, выкідаюць.

— Каня, каб абрабіць тры гектары зямлі, недастаткова, таму зараз Сільвановічы збіраюць грошы на трактар, — расказала старшыня Гудагайскага сельвыканкама Марыя Безляповіч. Малайцы, новую хату купілі, машына ёсць. Ды і СПК “Гудагай” ідзе насустрач тым, хто хоча падсобную гаспадарку завесці: выдзяляюць карову ў растэрміноўку, зерне па сабекошту.

Старшыня СПК Эдуард Садоўскі працуе менш за год, людзі яго работай задаволеныя. Раней, расказваюць гудагайцы, людскія соткі саджалі ў канцы чэрвеня, калі ў іншых бульба ўжо амаль цвіла. А цяпер справы на агародах вяскоўцаў ідуць адначасова з працай на палетках гаспадаркі.

Вялікае падвор’е трымае і сям’я Ваўцяхоўскіх з вёскі Міндзяны. Калі мы пад’ехалі да іх, з пашы якраз вярталіся тры каровы — Машка, Ластаўка і самая спакойная Папялушка. Ад іх Галіна Ваўцяхоўская штодзень здае 40 літраў малака, сямейны бюджэт папаўняецца ў месяц амаль на мільён рублёў.

Частку малака пакідаюць на свае патрэбы: у хлеўчыку стаіць бычок Малыш, нядаўна дваіх цялят здалі ў СПК.

Наталля СЕРГУЦ, Уладзімір ШЛАПАК (фота), “БН”
НА ЗДЫМКУ: сям’я СІЛЬВАНОВІЧАЎ на сваім падвор’і.
Галіна ВАЎЦЯХОЎСКАЯ на сваім падвор’і.

Багатыя, дагледжаныя падсобныя гаспадаркі ў Астравецкім раёне — з’ява даволі распаўсюджаная. Людзі паспяваюць і на дзяржаву працаваць, і сваю гаспадарку даглядаць. Начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Астравецкага райвыканкама Віктар Славінскі лічыць, што падсобная гаспадарка — выдатная падмога для сямейнага бюджэту. Безумоўна, праца нялёгкая, але ж і прыбытак дастойны.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter