На адборачных турах ХІ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур “засвечваюцца”, выяўляюць свае таленты людзі з розных куткоў свету

З Барнаула — у Мёры

На адборачных турах ХІ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур “засвечваюцца”, выяўляюць свае таленты людзі з розных куткоў свету

У мінулым нумары газета паведамляла пра адкрыццё фэсту (“Фестываль — на год амаль!”) пад час Дня горада Мінска. Ён, нагадаем, упершыню выйшаў з канцэртных залаў на сцэнічныя пляцоўкі сталіцы. Тым часам ужо, паводле складзенага графіка, праходзяць мерапрыемствы фестывалю і ў іншых месцах краіны. А цёплае надвор’е спрыяе таму, каб яны былі па-сапраўднаму святочнымі, масавымі.  У Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур паведамілі: Віцебскі абласны фестываль “Нас з’яднала зямля Беларусі” праходзіў 13 верасня ў райцэнтры Мёры. Так распачаўся шэраг спаборніцтваў творчых гуртоў і асобных прадстаўнікоў этнасупольнасцяў у Беларусі за права паўдзельнічаць на наступны год у заключных мерапрыемствах ХІ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродне.

З матэрыялаў, якія да фестывалю змясціла райгазета “Міёрскія навіны”, вынікае: на абласным фэсце культуру рускіх, якія жывуць у раёне, прадстаўляла Дзіна Юдзіцкая. Яна ў Мёрах ужо 12 гадоў. У артыкуле пад назвай “Заспявае сібірачка” расказваецц, што яе тата — заслужаны работнік культуры Расіі Дзмітрый Дзянісаў, а нарадзілася Дзіна ў Барнауле, на Алтаі. “Там закончыла музвучылішча, спявала ў народным хоры, разам з аднакурснікамі збіралі песенны фальклор, рабілі да яго аранжыроўкі, а потым выконвалі носьбітам. Нейкі час на радзіме працавала мастацкім кіраўніком, затым пераехала ў Латвію, прафесію памяняла і думала, што ніколі ўжо да яе не вернецца. А потым сямейныя абставіны паклікалі ў Мёры. Уладкавалася на працу ў райгаз, дзе мастацкая самадзейнасць — на высокім узроўні. І зноў Дзіна далучылася да песні,” — так апісвае шлях сібірачкі ў Беларусь журналістка Алена Басікірская. Дадае, што “жанчыну здзівіла неверагоднае багацце талентаў у нашым невялікім гарадку”. Дзіна Дзмітрыеўна вельмі любіць рускую культуру, але захоплена і беларускай. Наогул, у славянскіх традыцыях знаходзіць шмат агульнага. Сярод песень аддае душэўную перавагу народным.

Сёлета на фестывалі нацыянальных культур Дзіна Юдзіцкая спявала народную песню “За ваколіцай”. Дзеці яе ўжо дарослыя: сын Аляксандр — футбаліст у Наваполацкім «Нафтане», а дачка Дар’я працуе псіхолагам у Расіі. Падрастае і ўнучка Ксюша. Сама ж Дзіна прызнаецца, што хоць і прызвычаілася да беларускага жыцця, але ў душы застаецца расіянкай, і ў песнях аддае перавагу рускім народным: менавіта ў іх, мяркуе, душа яе раскрываецца.

Рускую дыяспару раёна прадст­аўляў і ансамбль “Сям’я Філіпавых”: бацька Сяргей Арсеньевіч з дочкамі Марынай і Анастасіяй. А сын Арсеній, які вучыцца ў Маскоўскай акадэміі імя Гнесіных, не змог прыехаць на фэст. Філіпавы, дарэчы, удзельнічалі ў расійскім шоу-праекце “Наш выход”, дзе іх куратарам стаў Алег Газманаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter