В деревне Алашки Шарковщинского района 12 семей боролись за то, кто лучше хозяйничает на земле

З Алашак вярнуліся з бычком

ДВАНАЦЦАЦЬ маладых сямей з розных куткоў вобласці высветлілі ўчора ў вёсцы Малыя Алашкі Шаркаўшчынскага раёна, хто лепш гаспадарыць на зямлі. Пераможцу мясцовы райвыканкам прэзентаваў бычка. 


Шчыра кажучы, якраз усе ехалі не за бычком, а паказаць людзям, што, шчыруючы  на роднай зямельцы, можна зусім няблага жыць. Узяць сям’ю жывёлаводаў Віталя і Таццяны Лойка з аграгарадка Стасева Лёзненскага раёна. Акрамя асноўнай работы, яны трымаюць яшчэ дзвюх кароў, трох парасят, за два дзясяткі курэй, трусоў і розную іншую жыўнасць. Прызнаюцца, што падсобная гаспадарка не ў цяжкасць і  даход з яе перавышае з месца асноўнай работы.

— Працуем спяваючы, — гэта дакладныя словы яшчэ адных канкурсантаў — Алены і Валерыя  Скрага з аграгарадка Галубічы Глыбоцкага раёна. 

Яна — начальнік мясцовага аддзялення сувязі, ён — сталяр. Не адзін канцэрт у мясцовым Доме культуры не абыходзіцца без іх удзелу. Маюць гектар зямлі, на якой разам з імі шчыруюць трое дзяцей, што не перашкаджае гаспадарам займацца  творчасцю і, такім чынам, прэтэндаваць на перамогу ў спаборніцтве.

На гэты раз  абласны конкурс праходзіў знамянальна  і сімвалічна ў вёсцы Малыя Алашкі. Менавіта  тут сусветна вядомы садавод Іван Сікора вывеў адных яблынь звыш  паўтысячы сартоў і тым самым  паказаў, як можна добра гаспадарыць на роднай зямлі.

І таму нездарма ўдзельнікі абласнога конкурсу “Уладар сяла” спачатку наведалі два музеі Івана Сікоры,  будынкі, дзе ён жыў, і нават змаглі паглядзець дакументальную стужку  студыі “Беларусьфільм”, як Іван Сікора з педагогамі мясцовай школы і вучнямі збірае багаты ўраджай яблыкаў.

Магчыма, таму сёлетні конкурс найбольш набліжаны да зямлі. Тут не толькі трэба было паказаць, як хутчэй распілаваць кругляк дроў, перабраць бульбу, запрэгчы каня, лепш выступіць з мастацкім нумарам, але і ўпершыню мужчынам даказаць майстэрства завіхацца са звычайнай касой, а жанчынам —  спячы дранікі на... калодзе.

Перамогу святкавала сям’я Сяргея і Юліі Адамовічаў з аграгарадка Ржаўка Бешанковіцкага раёна.

saulich@bk.ru

Фота Алены АНАНІЧ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter