З Акінчыц – у вялікі свет

У ГОНАР 130-годдзя класіка беларускай літаратуры мы адкрываем цыкл «Па слядах Якуба Коласа». Запрашаем, шаноўныя чытачы, у своеасаблівую літаратурную вандроўку па мясцінах, дзе жыў, працаваў, бываў і адпачываў народны паэт Беларусі. Ну а кропкай адліку нашага падарожжа стануць стаўбцоўскія мясціны, якія Колас праславіў у сваіх творах. Тут, у Акінчыцах, 3 лістапада 1882 года ў сям’і Міхала Міцкевіча і Ганны Лёсік нарадзіўся хлопчык, якому зоркамі было наканавана стаць знакамітасцю. На месцы хаты, дзе ўбачыў і пачаў адкрываць для сябе навакольны свет паэт, сёння прымае нас мемарыяльная сядзіба Акінчыцы. Яна — частка філіяла Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа «Мікалаеўшчына», які аб’ядноўвае яшчэ сядзібы Смольня, Альбуць і Ласток. Мемарыяльны комплекс Акінчыцы ў жніўні адзначыў юбілей — трыццацігоддзе. Сядзіба адноўлена ў 1982-м, да 100-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа.

1.«Мой родны кут, як ты мне мілы!..»

У ГОНАР 130-годдзя класіка беларускай літаратуры мы адкрываем цыкл «Па слядах Якуба Коласа». Запрашаем, шаноўныя чытачы, у своеасаблівую літаратурную вандроўку па мясцінах, дзе жыў, працаваў, бываў і адпачываў народны паэт Беларусі. Ну а кропкай адліку нашага падарожжа стануць стаўбцоўскія мясціны, якія Колас праславіў у сваіх творах. Тут, у Акінчыцах, 3 лістапада 1882 года ў сям’і Міхала Міцкевіча і Ганны Лёсік нарадзіўся хлопчык, якому зоркамі было наканавана стаць знакамітасцю. На месцы хаты, дзе ўбачыў і пачаў адкрываць для сябе навакольны свет паэт, сёння прымае нас мемарыяльная сядзіба Акінчыцы. Яна — частка філіяла Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа «Мікалаеўшчына», які аб’ядноўвае яшчэ сядзібы Смольня, Альбуць і Ласток. Мемарыяльны комплекс Акінчыцы ў жніўні адзначыў юбілей — трыццацігоддзе. Сядзіба адноўлена ў 1982-м, да 100-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа.

У пачатку лёсу Песняра

...Аднойчы князь Антон Радзівіл быў на паляванні, стрэліў па мядзведзіцы, але не трапіў у яе. Звер ачуняў ад шоку і кінуўся на Радзівіла. Задраў бы! На шчасце падаспеў Яўхім з рагацінай і выратаваў князя. І Радзівіл аддзячыў: прапанаваў месца службы. Спытаў у Яўхіма: «Любіш коней?» А хто іх не любіць? І Яўхім пачаў працаваць конюхам. Яму плацілі 56 рублёў золатам — вялікія грошы на той час, распавядаюць падчас экскурсій «Калыска паэта», «У пачатку лёсу Песняра», якія тут збіраюць і замежных, і айчынных гасцей, Соф’я і Юрый Міцкевічы, сваякі Якуба Коласа і супрацоўнікі музея.

— Але на гэтым гісторыя не скончылася. Аднойчы Яўхім пачуў лямант з панскага возера. А ён як раз паіў коней, — працягвае Соф’я Пятроўна. — Тады ён ускочыў на каня, хуценька падляцеў да месца, адкуль чуліся крыкі, і ўбачыў, што топіцца любімы кухар князя, якога той за вялікія грошы перакупіў у французскага караля. І пасля чарговага выратавання Радзівіл сказаў Яўхіму: «Едзь дадому, і на сямейнай нарадзе вырашыце, хто пойдзе да мяне служыць. Я дам яшчэ адно месца. Буду плаціць 43 рублі золатам». Прыехаў Яўхім дадому, доўга ў сям’і раіліся і вырашылі, што пойдзе служыць яго меншы брат Міхал. Так бацька Коласа атрымаў першае месца службы — стаў лесніком у Акінчыцах, куды прыехаў у красавіку 1880 года. Калі сюды пераехаў, быў ужо жанаты, меў двое дзетак. «Стары ляснiчы па-сваему // Цанiў Мiхала, як служаку: // Ганяў усюды небараку, // Як бы скацiну тую нему. // Не раз на жалабы Мiхала // Ляснiчы так казаў, бывала: // — Што ж? Добры конь i цягне дужа! // I не пускаў Мiхала з гужа…»

Пастаянна разумны

Праз два гады тут, у Акінчыцах, у Міцкевічаў нарадзілася трэцяе дзіця. Цікавыя ўспаміны родных, як давалі імя будучаму паэту.

«Пры шляху шырокім, дзе стаіць камора, я на свет радзіўся пад глухі шум бору, позняю парою, восенню гнілою...» — пісаў Колас. Побач з домам, дзе жылі Міцкевічы, праходзіла вельмі ажыўленая дарога — Кацярынінскі тракт. Паралельна ёй ідуць амаль усе сучасныя трасы. Часта з дарогі ў хатку лесніка заходзілі людзі. Па розных патрэбах: хто вады папіць, а хто пераначаваць. Неяк раз зайшла бедная жанчынка, абвешаная торбамі. Маці паэта, Ганна Юр’еўна, была вельмі добрая, спытала ў жабрачкі: «Можа, перакусіце?» — «Ну, я ўжо даўно не ела». Жанчыну пасадзілі за стол. Ганна Юр’еўна наліла варанай капусты і паклала вялікі кавалак мяса. А гэта быў ужо канец кастрычніка. Жабрачка пагля- дзела і здзівілася: «Ой, у вас жа мяса многа. А навошта вы скацінку забілі? Пост жа хутка. Не з’ясце мяса». — «Я яшчэ вам дам з сабою». — «Адкуль жа мяса?» Ганна Юр’еўна спачатку нічога не адказвала, а пасля ўсё ж прызналася. У князя Радзівіла пры лясніцтве гадавалі цялят для княжацкай кухні. Вартаўнікамі былі леснікі, ды яны ж яшчэ касілі сена жывёлам, кармілі іх. І вось калі госці ў Радзівілаў надарацца ці балі ладзяцца, то вазілі мяса ў Нясвіж, гэта было ж зусім блізка. А тут бяда здарылася: ноччу ваўкі пералезлі праз паркан, перадушылі вялікую колькасць цялят. Пан ляснічы быў чалавек добры і, каб не караць нікога, сказаў леснікам: «Раскупіце мяса». Так і зрабілі.

А маці Якуба Коласа ў той час была цяжарная. Выслухала жабрачка Ганну Юр’еўну і кажа: «Мая ж ты маладзіца, ты толькі сама не еш мяса!» — «А я ўжо наелася добра, ужо ж два дні ямо». — «Як дрэнна, як дрэнна! Злодзей у цябе родзіцца!» — «Чаму?» — «А такое павер’е ёсць: калі цяжарная жанчына з’есць мяса жывёлы, якую задралі дзікія звяры, можа здарыцца такая нагода». Ганна Юр’еўна разгубілася, а тут праз некалькі дзён, 3 лістапада, хлопчык нараджаецца. Маці нярвуецца. Прыходзіць бабка-павітуха і пытаецца: «Чаго ж ты плачаш?» — «Злодзей нарадзіўся!» — «Не звяртай увагі, гэта забабоны». І муж Міхал таксама супакоіў: «Глянь, якія цёмныя ўдумлівыя вочкі. Разумны бу- дзе! Кім бы ён ні стаў, абы быў добрым чалавекам!»

— Знайшлі хрышчонага бацьку — дзядзьку Антося, а таксама хрышчоную маці. Павезлі Якуба Коласа хрысціць. Па некаторых успамінах, адбылося гэта ў Свержані, але больш схіляюцца да думкі, што ў нашай Свята-Ганненскай царкве ў Стоўбцах. Але архіваў не засталося, — распавядае далей Соф’я Міцкевіч. — Калі бацюшка перахрысціў немаўля, дзядзька Антось папрасіў: «Яшчэ раз яго перажагнайце». І расказаў гісторыю з мясам. Бацюшка так смяяўся, так смяяўся! І сказаў: «Сёння дзень Святога Канстанціна, у хлопчыка будзе імя Канстанцін. У перакладзе са старабеларускай і старагрэчаскай моў значыць «пастаянны» і «разумны». Ваш хлопчык будзе пастаянна разумны». Так і запісалі «Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч».

— У Акінчыцах жыў старэйшы брат Коласа — Уладзя. Яго жонка Любоў Адольфаўна пражыла амаль сто гадоў. І да таго ў яе была памяць цудоўная! Калі арганізаваўся музей, як я ні прыду да яе, пытаюся: «Баба Люба, ну колькі ж вам гадоў?» — «Ой, унучка, адчапіся ты з гэтымі гадамі. Мне яшчэ мала. Усяго дзевяноста». А самой ужо было дзевяноста тры. І так жартавала кожны год. Яна і расказвала гісторыю, як давалі імя Якубу Коласу, — працягвае экскурсавод.

«Калыска паэта»

— Тэмы нашых экскурсій розныя. І, зразумела, асноўная — «Калыска паэта». Таму што ў Акінчыцах месца народзін Якуба Коласа, — расказвае Соф’я Пятроўна ў музеі. — Дарэчы, калыска ж у нас — гэта зыбка. Таму што люляць-калыхаць рэдка прыходзілася жанчыне. Увесь жа час рукі былі занятыя працай. А зыбку звычайна нагой падтрасалі ўверх-уніз.

Галоўны ж занятак маці Якуба Коласа — прадзенне нітак. Бо іх патрабавалася шмат, таму што сем’і ў тыя далёкія часы былі шматдзетныя. Менавіта таму ў музеі ёсць і кудзеля, і верацёны, і калаўрот.

— У Акінчыцах Якуб Колас пражыў усяго чатыры з паловай месяцы. Толькі навучыўся стаяць у манежыку, як бацьку пераводзяць у роднае сяло — Мікалаеўшчыну, — распавядае далей сваячка Коласа. — Там Міцкевічы пражылі два гады. Затым зноў пераезд — бацьку накіравалі ў Ласток, дзе Колас мераў сцежкі-дарожкі пяць дзіцячых гадоў. У 1890 годзе бацьку перавялі ў Альбуць. Ні ў аднаго пісьменніка Беларусі няма музея па яго творах, а ў Якуба Коласа па паэме «Новая зямля» — альбуцкі музей… У Альбуці бацька Коласа памёр. Сям’і жыць няма дзе. І дзядзька Антось папрасіў дазволу арандаваць княжацкую карчму ў Мікалаеўшчыне. Але яна згарэла. Ізноў сям’я засталася без жылля. Тады дзядзька Антось папрасіў дазволу ў князя пабудавацца на карчомнай зямлі. Да карчмы належала зямля ў Смольні. І там пабудавалі хату…

— Пасля таго як у 1956 годзе Якуб Колас памёр, адразу ж была прынята пастанова Саветам Міністраў БССР аб увекавечанні яго памяці. Вырашылі, што цэнтральны музей будзе ў Мінску, а тут, на радзіме, — філіял, — распавядае Соф’я Міцкевіч. — І па гэтай пастанове вырашылі адкрыць у Мікалаеўшчыне музей Якуба Коласа. А калі пачалі месца падбіраць, хаты ж ніякай не засталося, дзе жылі б родныя паэта. Таму што Мікалаеўшчына гарэла тры разы: у 1910 і 1936, 1940 гадах. Бо тут ваенныя дзеянні ішлі. Толькі адна вуліца засталася. Яна пад Богам была — там царква стаяла. Вуліца ўсе пажары перажыла…

А ў наш час засталася толькі хата ў Смольні, якую пабудаваў дзядзька Антось. Гэта першая ўласная хата Міцкевічаў, бацькоў Коласа. Дык вось, зрабілі ў Смольні першы філіял Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Затым сталі думаць: дзе яшчэ арганізаваць? Вырашылі — у Акінчыцах. Тут месца народзін паэта, і хатка стаяла — копія той, сапраўднай. Яна ж належала лясніцтву. І вырашылі зрабіць тут музей да 100-гадовага юбілею паэта. Ну і пабудавалі, выкарыстоўвалі архівы князёў Радзівілаў, якія добра захаваліся.

Рарытэты ад дзядзькі Антося

У хаце-музеі «Акінчыцы» сабралі некаторыя прадметы сялянскага побыту, рэчы ад родных Якуба Коласа, іншыя экспанаты — аналагічныя тым, якімі карысталіся вяскоўцы і сям’я Міцкевічаў у канцы XIX стагоддзя. Сапраўднае багацце і рарытэт — разец дзядзькі Антося, якім ён вырабляў лыжкі з вішнёвага дрэва. Незвычайную ўласцівасць яно мае: якая б ні была гарачая страва, ніколі не апячэш ні губы, ні язык, ні нёба. Між іншым, разцу дзядзькі Антося 150 гадоў, а можа, і болей!

— Дайце патрымаць рарытэт у руках! — просяць наведвальнікі.

— Калі ласка! — кажа Соф’я Пятроўна. — Аўра ў разца вельмі добрая.

...Аднойчы ў музей патэлефанавалі: «Усе паздавалі! Я такая задаволеная! Разец дапамог». Справа ў тым, што ў Акінчыцах перад гэтым былі разьбяры па дрэве з Міра, з мастацкага вучылішча. Выкладчыца папрасіла Соф’ю Міцкевіч: «Дайце кожнаму патрымаць разец. Хай насыцяцца энергіяй дзядзькі Антося. Заўтра ж у нас экзамен. Можа, здадуць добра!»

Таксама ўнікальная рэч — ступка дзядзькі Антося, у якой таўклі спецыі. «Да нас прыехала група са штата Менісота, ЗША. І іх хлопцы назвалі ступку чаркай, — успамінаюць у музеі. — А рарытэты захаваліся дзякуючы брату Коласа — Юзіку, які жыў у Смольні і зберагаў іх». Тут і незвычайныя збаночкі дзядзькі Антося. Іх рабілі з гліны, і каб яны не рассыпаліся ад жару альбо ўдару, дзядзька Антось прыдумаў аплятаць іх дротам. Тады яны служылі даўжэйшы век.

Ну а ля дзвярэй хаты развіт- ваецца з гасцямі драўляны «лакей» — даволі незвычайнае прыстасаванне. З яго дапамогай скідалі абутак.

Па коласаўскіх мясцінах вандравала Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»

Фота аўтара

(Працяг будзе.)

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter