З Акінчыц – у вялікі свет

3. Летапіс сям’і

Заканчэнне. Пачатак у нумары за 19 і 20  верасня.

«Падгляд пчол»  і «Дзедаў човен»

Жыццё ў Альбуці віравала. Дзяцей у Міцкевічаў — поўная хата. Старэйшыя, меншыя. Гадавалі адзін аднаго, дапамагалі і маці па гаспадарцы, і бацьку ў лесе. А дзядзька Антось прывучаў дзяцей лавіць рыбу у воднай артэрыі, у якую з Нёмана заходзіла яна.

…Нават не верыцца, што такую прыгожую выстаўку са старымі здымкамі і прыладамі можна стварыць у… хляве! «Пчалярства і рыбалоўства» — сапраўдная энцыклапедыя для зацікаўленых. Не трэба і машыны часу, каб трапіць у мінулае: выстава сабрала даўнія прадметы, якія, не выключана, трымаў у руках і дзядзька Антось! Рарытэты — калоды (лежакі і стаякі), медагонка, ночвы, куды вылівалі мёд, кармушкі для пчол, дымар — як з маленства Якуба Коласа.

«Яшчэ з вясны, у час перабору, сюды прывезлі пчол калоду, ну, так, між іншым, для заводу…» «Калі казаць пра човен дзедаў, то трэба ўжо, каб кожны ведаў пра дзеда Юрку хоць бы змала. Перш-наперш Юрка — цесць Міхала… Дзед меў да сецей нахіленне, а вудзіць — не: не меў цярпення… Вось невад — о! Другая справа — тут, брат, не вуда, тут — аблава!.. І дзядзька быў рыбак выдатны, хоць больш урыўкавы, прыватны, але лавіў-такі нямала, і дзядзьку ў рыбе шанцавала…» — у адноўленым хляве ажываюць вобразы «Новай зямлі» з раздзелаў «Падгляд пчол» і «Дзедаў човен». Дарэчы, у скарбовага рыбака дзеда Юркі, які частку ўлова аддаваў дзяржаве, багацця было ого-го: таптухі, нераточкі, невады, волакі, кашы, у якім захоўвалі рыбу, а каб не псавалася, прыдумалі добры спосаб: крапіву накладвалі.

«І не так ужо баліць ім гэтых груш натрэсці, як Пятруся абурыці або ў злосць увесці…»

Сям’я Костуся Міцкевіча абжыла і ўрочышча Ласток, ці, па-іншаму, Сухошчына. Каштоўнасць і прывабнасць сядзібы ў тым, што там — аўтэнтычныя хата і гумно, студня, якія бачылі Якуба Коласа і яго сям’ю. Прыкметы новага часу — змены ландшафту: мясцовае азярко высахла, рэчачкі, што прабягала побач, няма…

«Самыя раннія дзіцячыя гады мае прайшлі ў Сухошчыне, або Ластку. Гэта было глухое месца — поле, навокал лес ды адна толькі сяліба лесніка — хата, гумно, хлеў...» — пісаў Якуб Колас ва ўспамінах. Пісьменніку запомнілася, як яны, дзеці, кралі грушы. А дзядзька Пятрусь — брат бацькі — не дазваляў іх браць: «Пакуль не паспеюць, пакуль не будзе Спаса, іх нельга есці». А дзеці поводзілі сябе як заўсёды. Толькі дзядзька Пятрусь адвернецца, яны па разоры падпаўзалі да дрэва, напіхаюць грушак за кашулю і потым ласаваліся. «Але й хлопцы розум маюць — хітрыя, зла- дзюжкі! Строяць планы, разважаюць, як дайсці да грушкі. І не так ужо баліць ім гэтых груш натрэсці, як Пятруся абурыці або ў злосць увесці…» Але дзядзька змікіціў, што дзеці крадуць грушы, і злавіў іх. Гісторыя легла ў аснову вершаванага апавядання Коласа «Грушы-сапяжанкі».

— У Ластку першым арандатарам фальварка быў Іосіф Франк Сухаверх — плытагон. Яго запрасіў Радзівіл. Іосіф быў адукаваны чалавек. Сухаверхі, дарэчы, мае прапрадзеды па лініі мамы, — дапаўняе Соф’я Міцкевіч. — Іосіф Франк Сухаверх потым захварэў на туберкулёз. І ў арэнду фальварак забірае Пятрусь — брат бацькі Коласа. Таму паэт часта называе Ласток Сухошчына. Ад слова «сухоты».

Пасля Пятрусь папрасіў дазволу ў Радзівіла перабудаваць старэнькую хату, паколькі там жыў хворы чалавек. І атрымаў дабро. Але толькі яны пабудаваліся, Петрусю не захацелася заставацца ў Ластку. Ён сказаў Міхалу: «Ідзі ўжо ты працуй». А тая хата была пабудавана ў 1879 годзе і прастаяла яшчэ не адзін год.

Смольня

Тут варылі радзівілаўскую смалу, якая і дала назву мясціне. У Смольні Міцкевічы пасяліліся ў 1910 годзе. Жылі тут сёстры і браты паэта. Маці Коласа Ганна Юр’еўна тут закончыла свой век у 1929 годзе, а дзядзька Антось — у 1918-м.

У Смольні Якуб Колас бываў некалькі разоў. Прыязджаў сюды і падчас летніх вакацый, калі настаўнічаў на Піншчыне.

Пасля вайны ў Смольні працягвалася праца над паэмамі «Новая зямля» і «Сымон-музыка», напісаны шэраг вершаў, апавяданняў, сядзіба фігуруе і ў трылогіі «На ростанях». І гэтае месца сёлета — юбіляр. 45 гадоў таму ў Смольні адкрыты філіял Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

Дрэвы ў гонар Песняра — найлепшая памяць! Яны — своеасаблівыя сімвалы Смольні. Па-першае, музей задумаў праект — сквер «Дрэва жыцця». «А сорак тры гады назад мы з Уладзімірам Іванавічам, сынам Міхаліны Міхайлаўны, закладвалі тут сад, — кажа Соф’я Міцкевіч». Па-другое, з замілаваннем можна пастаяць і паслухаць, як шапацяць-перамаўляюцца між сабой драбналістыя ліпы — пяць драўляных сясцёр зрасліся ў адну. Божа мілы, іх садзіў сам Якуб Колас! Было гэта ў 1911 годзе, адразу пасля выхаду з турмы. Добра пася- дзець ў адзіноце і ля дзвюх ліпак дзядзькі Антося, якія пасаджаны ім у той жа год.

…А напярэдадні дзядзька прыгнаў плытам па Нёмане разабраны зруб школкі, якую аддалі пад знос, таму яе Антось і купіў. А паколькі школка не магла быць малой, таму і хата атрымалася такая доўгая і вялікая. На два аддзяленні. Антось цешыўся: «Ну, нарэшце, мы маем над палацамі палац! Сваю ўласную хату». Будынак паставілі, але вакол не радавалі вока і душу пустэча. І Якуб Колас прапанаваў: «Давай, дзядзька, будзем аздабляць гэтае месца». З легкай рукі Песняра і растуць цяпер гэтыя ліпы.

У хаце доўгі час жыў малодшы брат Якуба Коласа — Іосіф Міхайлавіч з сям’ёй. І калі пачалі шукаць месца пад музей, ён яе аддаў.

У «палацы над палацамі»

Скарб — экспанаты, якія зробленыя рукамі выдатнага майстравога — дзядзькі Антося. Калекцыю сабраў Іосіф Міхайлавіч: бочкі, кубел, скобы, разакі, разцы. Асаблівая каштоўнасць — полаз для санак. Дзядзька Антось хацеў змайстраваць для сябе выхадныя саначкі, але не паспеў. Раптам памёр. І полаз — апошняя рэч, якую ён зрабіў.

…За гэтым сталом у хаце сядзелі ў 1912 годзе Якуб Колас і Янка Купала, тут адбылася іх першая сустрэча. І сёлета ў сярэдзіне жніўня ў гонар стагоддзя са знакамітай падзеі адкрылі ў Смольні камень-помнік.

— Сустрэча была цёплая, вельмі сардэчная. Дзядзька Антось ляжаў на печы. А паколькі Колас вярнуўся год назад з турмы, дзядзька, вядома, хваляваўся, калі прыйшоў малады хлопец. Прыгажун, на чысцюткай беларускай мове вершы чытаў. Дзядзька Антось казаў: «Глядзіце, дачытаецеся! Ізноў пападзяце». Пасмяяліся хлопцы. Маці Коласа — Ганна Юр’еўна — сабрала ім вячэру. Пачалі ладзіцца, дзе пераспаць. А Купала пажартаваў: «А, нічога, я каласок пад галаву пакладу і перасплю як-небудзь». Спалі на сене ў гумне. Сустрэча паклала пачатак сяброўству двух маладых паэтаў, — распавядае сваячка Коласа.

…Аднойчы гасцявала на Стаўбцоўшчыне Марыя Дзмітрыеўна, жонка Якуба Коласа. Яна была з сям’і светара, вельмі інтэлігентнай. І калі ў лесе назбірала шмат суніц, вырашыла: «Трэба было б зварыць варэнне». Але тут жа яго не варылі, не ведалі, што гэта такое. І Марыя Дзмітрыеўна папрасіла Якуба Коласа, які ехаў на кірмаш, каб купіў жалезны таз. І варэнне было зварана. А сведка таго часу — таз — цяпер стаіць у музеі ў Смольні.

…У чырвоным кутку — іконка святога Мікалая Цудатворца. Мікалаеўшчына названа ў гонар гэтага святога, а не князя Радзівіла, даводзіць экскурсавод: «Тут іконка вельмі старажытная. Часта ў мяне пытаюцца: чаму вёска названа Мікалаеўшчына. Я цэлы год працавала і высветліла: Мікалаеўшчыну купіў Мікалай Радзівіл Чорны. Значыць, яна ўжо раней мела сваю назву… Мікола Цудатворац — заступнік маракоў, аўтамабілістаў, рачнікоў. А па ўспамінах старых людзей, у Мікалаеўшчыне мелася прыстанька. І на ёй была маленькая бажнічка — каплічка, дзе людзі маліліся. Дарэчы, прыстанька — вядомае месца, там прайшоў нелегальны настаўніцкі з’езд».

І ў Мікалаеўшчыне — адзін з першых помнікаў, які паставілі Коласу. Вёска можа паведаміць не адну займальную гісторыю. Так, калісьці тут стаяла карчма, дзе начавала… будучая жонка Лжэдзмітрыя — Марына Мнішак. Яна ехала ў Маскву. А Дзмітрый даў такі загад: «Вказываю, загатить гать в деревне Николаевщезне, дабы невесте моей хорошо ехать было».

Музей еўрапейскага тыпу

Вернемся да Смольні. Літаратурная экспазіцыя тут месціцца ў асобным будынку, знаёміць з біяграфіяй паэта, яго творчым шляхам з дапамогай пісьмаў, фотаздымкаў, дакументаў, рэдкіх выданняў твораў Коласа. Ёсць тут і пераклады на замежную мову, буклеты пра народнага паэта. Глядзіць на гасцей задуменны Колас, якого выразалі з чырвонага дрэва. Па ўспамінах родных зроблены партрэт дзядзькі Антося, бо здымкаў не захавалася. «З першага погляду старыя людзі Мікалаеўшчыны пазналі дзядзьку Антося. Вельмі падобны», — паведамляе Соф’я Міцкевіч.

Вось занатаваны ў форме на карціне семінарыст Якуб Колас. «Любімы выкладчык рускай мовы і літаратуры ў Кастуся — Фёдар Андрэвіч Кудрынскі — супаставіў вершы Коласа і напрарочыў: «Пішыце, Канстанцін, больш на сваёй роднай мове. І паглядзіце, з вас выйдзе сусветна вядомы паэт».

Чарговая карціна — як праходзіць нелегальны настаўніцкі з’езд. Якуб Колас выступае з прамовай. Паліцыя наляцела, пазабіралі ў хлопцаў пашпарты, і з’езд праваліўся. «А ў Івана Фёдарава — Янкі Маўра — нават меўся пісталет. І ён трошкі быў вінаваты ў тым, што з’езд выявілі, таму што прыехаў на ровары. А ў той час на ровары — гэта як цяпер на ракеце», — смяецца Соф’я Пятроўна.

— Па жыцці Якуб Колас быў вельмі актыўны. Уставаў у пяць-шэсць гадзін раніцы, садзіўся за стол і пісаў. Прытым кожны раз сачыў, якое будзе надвор’е… Калі апошні раз прыязджаў у родныя мясціны, то, разводзячы рукамі, сказаў старэйшай сястры: «Ну, Міхаліна, я, мабыць, памру. Адчуваю зямное прыцяжэнне». Памёр Колас 13 жніўня 1956 года ў сваім рабочым пакоі, калі сядзеў у гэтым крэсле, — паказвае Соф’я Пятроўна. — А ў другім сядзеў яго сын Даніла. Толькі сын паспеў запытацца: «Ну, як, бацька, з’ездзіў у Дом Урада?» — «З’ездзіць то з’ездзіў, але нічога добрага не будзе. Палітыка, якую пачалі, будзе працягвацца». Размова ішла аб тым, што Хрушчоў прыязджаў у Мінск. Ён сказаў такую фразу: «Чым хутчэй нашы славянскія мовы зліюцца ў адну, тым хутчэй мы прыйдзем да камунізму». Адразу нашы школы пачалі пераводзіць на рускамоўнае навучанне. Розныя саюзы — пісьменнікаў, архітэктараў, медыкаў — аказвалі супраціўленне. А Якубу Коласу, паколькі ён быў дэпутатам Вярхоўнага Савета, даручылі гэтую петыцыю завезці ў Дом Урада. Але ж нічога не выйшла… І ён на зваротнай дарозе, так як быў дзень нара- джэння яго ўнучкі Машы, дачкі малодшага сына Міхася, купіў ёй у ГУМе вылікую ляльку, падараваў. Прыйшоў дадому, быў, вядома, растрывожаны, а тут разрыў сардэчнай мышцы і імгненная смерць.

У космас — з «Новай зямлёй»

«З хваляваннем наведаў музей народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, вершы якого я з дзяцінства помню і люблю. Таму з сабою ўзяў кніжку яго паэзіі. Там, у прасторах Сусвету, асаблівым сэнсам напаўняліся радкі «Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе не маю сілы…» — пакінуў запіс касманаўт Пётр Клімук у Смольні. «У бытнасць Савецкага Саюза ў нас былі стасункі з Зорным Гарадком, касманаўты заўсёды прыязджалі на Стаўбцоўшчыну, — распавядаюць у Мікалаеўшчыне».

Увогуле, многа знакамітых гасцей наведвалася ў коласаўскія мясціны: кампазітары, спевакі, пісьменнікі. Аднойчы ў Смольню завіталі італьянцы і здзівіліся: «У лесе такі шык-мадэрн, такі прыгожы музей!»

— Да 130-годдзя Якуба Коласа ў маі ў нас адбыўся фестываль юных музыкаў «Сымон-музыка». Яны прыязджалі з розных куткоў Беларусі, Расіі, Украіны. Нядаўна мы сустракалі паслоў з Венесуэлы, Паўночнай Карэі, Расіі, Кіргізіі, Эстоніі, Польшчы, Татарстана і іншых краін. 3 лістапада, як заўсёды, у нас пройдуць «Каласавіны» ў музеі Якуба Коласа ў Мінску. Ну а на Стаўбцоўшчыне гасцей чакаем 5 лістапада. Будзе вялікае свята ва Урочышчы «Дубы», ці Бервянец, — закончыла экскурсію Соф’я Міцкевіч.

Па коласаўскіх мясцінах вандравала Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?