Народны артыст Мiхаiл Дрынеỳскi: мiнамётны разлiк бацькi тры разы гiнyỳ поỳнасцю, а ён застаỳся жывы

З адвагай і малітвай праз вайну

Міхаіл ДРЫНЕЎСКІ з адзіным даваенным, 1936 года, здымкам бацькі.
Фота Паўла ЧУЙКО
Дырыжор Мiхаiл Дрынеўскi — народны артыст Беларусi, прафесар, мастацкi кiраўнiк Нацыянальнага акадэмiчнага народнага хору iмя Г.I. Цiтовiча — родам з палескай вёскі Тонеж колiшняга Тураўскага, а цяпер Лельчыцкага раёна. Ён з пакалення, чыё дзяцінства апалена вайной. А яго родная вёска, як і сотні іншых у Беларусі, з «вогненным» лёсам. У 1943-м, якраз перад Калядамі, з 6 на 7 студзеня, карнікі сабралі ў мясцовай царкве і забілі 270 яе жыхароў, а пасля раніцай там жа і спалілі — жанчын, старых і 108 дзяцей. 

Не абышла трагедыя i радню Дрынеўскiх. У тым полымi загiнула бабуля Міхаіла Паўлавіча, бацькава мацi... Самому ж яму было тады 2 гады. Выратаваннем для малога сталі балота і лес, куды паспелі загадзя, да той вогненнай бяды, перабрацца і схавацца некаторыя з тонежцаў.

Страчыў мінамётчык


— У сям’і маіх бацькоў — мамы Евы Аляксандраўны і таты Паўла Фёдаравіча — усяго нарадзілася 9 дзяцей. Але першыя тры хлопчыкі і дзяўчынка памерлі. Як казалі ў народзе, ад рэзачкі, дызентэрыі. З тых, хто застаўся, Дзіма, старэйшы брат, нарадзіўся ў 1935 годзе, а пасля, праз кожныя два гады —  у 1937-м, 1939-м і 1941-м, — Коля, Валодзя і я, за чатыры месяцы да пачатку вайны. А ўжо праз 6 гадоў пасля яе заканчэння нарадзіўся самы малодшы наш брат — Грыша.

Бацька працаваў качагарам пры млыне. У 1941-м адразу ў армію яго не забралі, а пакінулі старшынёй калгаса. Па загадзе падпольнага райкама партыі. З пачаткам вайны яго ўдзельнікі ў лесе размяшчаліся, бацька там ім нават хату спецыяльна збудаваў. Дык вось, застацца старшынёй прымусілі, можна сказаць. Расказвалі, бацька ўвесь час прасіўся, каб адправілі на фронт, бо не мог жанчынамі камандаваць. Мужыкоў жа не было, а поле трэба абрабляць — араць, сеяць, жаць. Паўсюль немцы міны панастаўлялі. Коні, людзі на іх часта ўзрываліся. Не мог бацька гэта бачыць і трываць.

З чатырма малымі дзецьмі Ева Аляксандраўна тры гады ратавалася ў лесе. Выжылі ўсе.

Ваяваць у Чырвоную армію яго адправілі ў 1942-м. На Беларускі фронт.  Быў мінамётчыкам, дайшоў да самага Берліна.

І вось які цуд: яго разлік тры разы гінуў поўнасцю, а ў бацькі — ніводнай драпіны. Казаў пасля, можа, таму жывы застаўся, што малітвачка ў яго была, насіў яе заўсёды пры сабе. Не ведаю, адкуль яна ўзялася, мо даў хто — жонка ці маці. Але з той малітвай бацька і дамоў вярнуўся.

Усё жыццё ганарыўся, што са свайго мінамёта аплёўваў рэйхстаг. Так і казаў: «Многа вакол пражэктараў паставілі, а між імі і мінамёты, і іншыя прылады ўсякага калібру. Асляпілі мы гэты рэйхстаг. І я таксама сваім агнём яго  аплёўваў». Ваяваў адважна, меў узнагароды. Расказваў, што мог стаць Героем Савецкага Саюза. На яго дакументы нават падавалі, але не дайшлі яны ці што. 

Наогул успамінаць пра вайну бацька не надта любіў. Гаварыў, там усё проста і зразумела: ці заб’юць, ці жывы застанешся. І заўсёды паўтараў, што маме нашай, відаць, цяжэй было. Тры гады ў лесе з намі, чатырма малымi дзецьмi, бедавала. На сённяшнi розум страшна нават падумаць, як было тое вытрымаць… І галадалі, і мерзлі, і на тыф усе перахварэлі, але ўратавалiся, выжылі.

Куфар трафеяў


— Пра тое, што вайна скончылася, пра Перамогу я пачуў на сяле 9 мая 1945-га. Мне было ўжо чатыры гады. Бег дадому і крычаў: «Мама, не будзем пакуль снедаць садзіцца, пачакаем, зараз тата прыйдзе!»

Але чакаць прыйшлося дзесьцi да канца лістапада, бацька заставаўся ў арміі, бо пачалася вайна з Японіяй.

Міхаіл ДРЫНЕЎСКІ з бацькам Паўлам Фёдаравічам.

Тату было 39, калі ён вярнуўся дадому. Прывёз пераможца з вайны трафеі — губны гармонік і вялікі набор рознай таўшчыні і відаў свердлаў. Не ведаю, як ён прыцягнуў аж з самога Берліна гэткі куфар «жалеззя» — сантыметраў 60 шырынёй, 80 даўжынёй і вышынёй з паўметра. З гэтымі свердламі пасля ўся наша вёска адбудоўвалася. Гаспадаром бацька быў умелым. Пасля вайны ўзначальваў калгасную будаўнічую брыгаду. Потым арганізавалі ў вёсцы інвалідную арцель «За Радзіму». Паравую машыну прывезлі, і яму яе даверылі асвойваць. Казаў, начамі не спаў, пакуль з усім разабраўся, каб усё круцілася і працавала як мае быць. Але справіўся. Быў пры ёй качагарам-машыністам. Наогул, ён добрым інжынерам мог бы стаць. Але не было калі вучыцца. 

Генеральскі каньяк


— Бацька любіў ладзіць дома музычныя сямейныя вечары. У дзяцінстве мы, хлопцы, усе танцавалі і ігралі. Спачатку па чарзе асвойвалі той самы  трафейны гармонік. Першы — Дзіма, старэйшы, пасля — малодшыя. Потым неўзабаве бацька купіў у кагосьцi «чвэртку»-акардыёнчык, за ім — «палавінку». Таксама «па ранжыры» ўсе браты вучыліся. Сам тата нам бубен рабіў з валовай скуры, каб мацнейшы быў. Бывала, і капейчынай нас заахвочваў: хто лепш сыграе або станцуе. Мог нават і рубель даць. Але гэта рэдка, часцей 20 капеек ці 10. 

Браты ДРЫНЕЎСКІЯ ў бацькоўскім двары ў вёсцы Тонеж.

Але вось з усіх братоў музыка толькі мяне аднаго зацягнула. Трое —  медыкі, адзін — інжынер. І калі я ў музыканты вырашыў падацца, бацька быў супраць катэгарычна. Па вясковых мерках занятак несур’ёзны. Кпіў з мяне: будзеш старцам па вёсках ездзiць, казлякi збiраць (значыць, пабiрацца), i белага каня табе купiць у мяне грошай няма, каб лепш падавалi. Але неяк пад канец 10-га класа пачуў я, як мама яго ўгаворвала: «Паўла, вялікі ўжо наш хлопец, няхай сам вырашае, хоча — хай у музыку ідзе, не ламай ты яму жыццё».  І бацька моўчкі згадзіўся. 

Праўда, у выбары маім яшчэ доўга пасля сумняваўся. Усё ўпотай пасмейваўся і здзіўляўся, што і музыкантам званне, напрыклад прафесара, даюць. А, памятаю, дзесцi  ў 1970-я пасля канцэрта хору, якім я ўжо кіраваў, мяне запрасіў у кабінет генерал — на  каньячок. Я кажу: «Дык да мяне бацька прыехаў, у зале чакае». А ён: «Ну дык з сабой бяры!» А як прыйшлі мы пасля дадому, тата сказаў: «Не, можна і музыкантам быць, сам генерал на каньяк запрашае».

svirko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter