Юравіцкія помнікі старажытнасці

Юравічы: ад мележаўскіх кірмашоў да сусветных святынь

“ЗАЛАТОЕ кальцо” Гомельшчыны пралегла па дзевяці населеных пунктах, сярод якіх і старажытныя Юравічы, славутыя самай даўняй на беларускай зямлі стаянкай першабытных людзей, якой больш за 26 тысяч гадоў. Захаваліся курганы дрыгавічоў ХII—ХIII стагоддзяў і гарадзішча перыяду Кіеўскай Русі. 

На прыпяцкіх кручах да ХII стагоддзя існаваў горад Міжмосце, які спалілі татары. На папялішчы паўстаў замак Відоліч, які таксама ворагі знішчылі дашчэнту. 


Старшыня Калінкавіцкага райсавета Валерый ЦІХАНОЎСКІ і старшыня сельсавета Анатоль КАРНЕЯВЕЦ.

У пісьмовых дакументах паселішча ўпершыню ўзгадваецца ў 1430 годзе. Як сведчыць паданне, у горадзе Юр’еве быў знойдзены абраз Божай Маці. У 1630 годзе ён знаходзіўся на захаванні ў гетмана Рэчы Паспалітай Станіслава Канецпольскага. Яго ўнук перадаў святыню езуіцкаму ордэну. Калі яе перавозіў манах Марцін Тароўскі, на высокай кручы спыніліся заначаваць. Абраз павесілі на дрэве. Раніцай да вандроўнікаў прыйшла сялянка і паведаміла, што сніла жанчыну ў вобразе Дзевы Марыі з дзіцём, якая прасіла збудаваць каплічку. Вестка пра з’яўленне Багародзіцы абляцела наваколле, і людзі збудавалі драўляную царквушку, у якую змясцілі цудадзейны абраз. У ХVIII стагоддзі тут паўсталі велічны барочны касцёл езуітаў і калегіум. Ад вялікага князя Яна Сабескага Юравічы  атрымалі ў 1683 годзе статус мястэчка. Храм і манастыр ад бернардзінскага ордэна некалькі разоў пераходзілі ад каталікоў да праваслаўных. Стагоддзямі нязменна прыцягвала сюды вернікаў Святая Багародзіца.

У першыя гады савецкай улады юравіцкі кляштар пераўтварылі ў дзіцячы прытулак. Мястэчка стала раённым цэнтрам, а ў 1931 годзе ўвайшло ў састаў Рэчыцкага раёна. У сярэдзіне мінулага стагоддзя тут дзейнічаў тэхнікум, працавалі цагельня, швейная і шавецкая майстэрні, лясніцтва, школьныя ўстановы, краязнаўчы музей, бібліятэка, бальніца.

Ветэранвайныіпрацы НастассяГАРЧАНКА


Не перажыў палескі Нотр-Дам усплёску барацьбы з рэлігіяй. Культавыя будынкі разбіралі па цагліне для калгасных будоўляў. Ацалелыя муры працягваюць уражваць арыгінальнай архітэктурай і прыгажосцю. І ў знявечаным выглядзе не саступаюць іншым беларускім святыням. У былым калегіуме ў 2005 годзе аднавіўся праваслаўны Свята-Раства-Багародзіцкі мужчынскі манастыр.

Палескае мястэчка, якое цяпер мае статус аграгарадка, таленавіта ўвекавечыў у вядомым рамане “Людзі на балоце” беларускі класік Іван Мележ.

Дырэктар Юравіцкай сярэдняй школы Сцяпан БЛОЦКІ з выхаванцамі.


АСФАЛЬТАВАНАЯ дарога з Калінкавіч на Хойнікі агінае аграгарадок Юравічы, дзе з высокага пагорка вякамі ўглядаецца ў далячынь хрысціянская абіцель. Пры савецкай уладзе мястэчка славілася працавітасцю жыхароў і цудоўным народным хорам, што неаднойчы пакараў сваімі спевамі сталіцу.

На пачатку мінулага стагоддзя археолагі выявілі тут самую старажытную на тэрыторыі Беларусі стаянку першабытнага чалавека.

Беларускі класік Іван Мележ ярка ўвасобіў у сваім літаратурным шэдэўры палескае мястэчка, дзе “на плошчы, акружанай драўлянымі і каменнымі будынкамі – крамамі і крамкамі юравіцкіх гандляроў і каапэрацыі, — было ўжо даволі густа вазоў і людзей. Людзі варушыліся, хадзілі, і вазы ў гэтым людскім возеры, здавалася, танулі, паказваючы дзе-нідзе задраныя аглоблі ды конскія галовы".

Настаўнік хіміі Мікалай СІРАШ і вучань Дзмітрый КАНАНЧУК.

Цёплым вясновым днём, калі беллю ўхуталіся квітнеючыя сады, вандроўку па аграгарадку пачаў з той плошчы, дзе збіраліся на кірмаш мележаўскія героі. Углядаўся ў твары прахожых, каб заўважыць рысы літаратурных вобразаў Ганны Чарнушкі ці гаспадарлівага Васіля Дзятліка. Дарэчы, лёс падараваў мне сустрэчу з той самай куранёўскай сялянкай, якая паслужыла правобразам галоўнай гераіні літаратурнага твора. Здымаючы тэлепраграму пра землякоў пісьменніка, адшукалі ў глухой вёсачцы Каранёўка яе хацінку. Перад ганкам ляжалі распілаваныя, неколатыя дровы. З маленькага акенца зірнула немаладых гадоў жанчына і хуценька выйшла да нас, павіталася. Перад намі стаяла Ганна Чарнушка. Гады захавалі прыгожыя рысы твару. Прыемна было калоць дровы літаратурнай гераіні Івана Мележа, лёс якога пераплецены з Юравічамі.

Амаль паўтара стагоддзі таму валасную ўладу мястэчка ўзначальвалі Ігнацій, а потым і Фёдар Мележы, карані якіх вядуць у Чэхію. Жонкай Фёдара стала прыгажуня з суседніх Глінішчаў. Выхавалі яны сына Паўла, які стаў бацькам будучага пісьменніка. У дзяцінстве хлопчык неаднойчы бываў на юравіцкіх кірмашах. Па-майстэрску перадаў іх каларыт у рамане.

Загадчык Юравіцкай бальніцы Рыгор ПРАКАПЕНКА і пацыент Аляксандр КАВАЛЬЧУК

ЮРАВІЦКІЯ сяляне, як і героі рамана-хронікі, касілі сена на прыпяцкіх балотах, хлеб вырошчвалі, вяселлі гулялі. Міналі дзесяцігоддзі, па-ранейшаму праца на зямлі заставалася асноўнай. Мясцовы калгас далучылі да суседняга КСУП “50 гадоў БССР”, што спецыялізуецца на жывёлагадоўлі і вырошчванні збожжавых. За сялянскімі падворкамі малочна-таварны комплекс з тэхналагічным абсталяваннем. Чысціня і парадак у памяшканнях. На МАЗе штодзённа амаль па восем тон малака адвозіць на перапрацоўку ў Калінкавічы Валянцін Купрыенка. Трыццаць дзевяць гадоў працуе шафёрам у гаспадарцы, цэнтрам якой стала вёска Бярозаўка. Выконвае абавязкі дырэктара Віктар Бека. Яго хвалюе, што ярыну прыхапілі замаразкі, як і некаторыя пасевы ў  суседнім ААТ “Прудокскае”, землі якога таксама на тэрыторыі Юравіцкага сельсавета.

— Працоўных рук на палях і фермах хапае, але з дысцыплінай складана, — заклапочаны старшыня сельсавета Анатоль Карнеявец. — Сучасныя тэхналогіі патрабуюць дакладнасці. Дзе парадак, там і поспех. Прудокскай гаспадаркай мудра кіруе вопытны Сяргей Ярасевіч. Падтрымлівае дысцыпліну, і справы там лепш ідуць. З маленства трэба выхоўваць імкненне да працы. Некаторыя вяскоўцы скардзяцца: няма занятку, але не можам знайсці жадаючага працаваць дворнікам. Патрэбны працаўнікі і лясгасу ў час пасадкі лесу.

Сям’я юравіцкага святара Аляксандра БІРУКОВА, 1900 год.

Да нас едуць турысты, паломнікі. Імкнёмся падтрымліваць парадак у аграгарадку. Уладкавалі крынічку каля вёскі Пеніца — пабудавалі купель. Большасць жыхароў падтрымліваюць ініцыятывы, але ёсць і такія, што не рэагуюць на заўвагі адрамантаваць агароджу ці прыбраць падворак. Чакаюць, што нехта зробіць. Як толькі пачынаю строга патрабаваць, сыплюцца скаргі. Столькі дарагога часу губляем на праверкі.

Старшыня сельсавета ведае кожную сям’ю. У суседняй вёсцы Гулевічы нарадзіўся і вырас. Закончыў Гомельскі аўтатэхнікум. Вярнуўся і два дзесяцігоддзі ўчастковым міліцыянерам падтрымліваў парадак у Юравічах. Атрымаў пенсію і мог спакойна адпачываць. Дочкі Ганна і Яна пайшлі на свой хлеб. Унучка Дар’я падрастае. Але Анатоль Анатольевіч згадзіўся ўзначаліць сельсавет. Праца з людзьмі яму знаёмая. Умее выслухаць, даць параду.

Паслушнік Свята-Раства-Багародзіцкага мужчынскага манастыра Аляксандр ТРАФІМОВІЧ.

У апошнія гады стабілізавалася колькасць жыхароў. Да чарнобыльскай катастрофы ў Юравічах пражывала ў тры разы больш насельніцтва. Засталося крыху болей за 700 чалавек. Спынілася змяншэнне школьнікаў. У сельсавеце 25 шматдзетных сем’яў. Самая вялікая з іх — Пятачэнкі. Гаспадар Віктар вырабляе музычныя інструменты. Сваімі рукамі зладзіў варган. Завочна вучыцца ў Мінскай духоўнай семінарыі і працуе вадзіцелем пры Свята-Раства-Багародзіцкім мужчынскім манастыры.

Узначальвае абіцель ігумен Аўксенцій. Служэнню Богу вырашыў прысвяціць сваё жыццё паслушнік Аляксандр Трафімовіч. Займаецца вывучэннем гісторыі юравіцкай святыні. Сорак гадоў будавалі касцёл. Чарговы польскі кароль Аўгуст Моцны падарыў прывілеі на штотыднёвыя таргі па панядзелках, а таксама на чатыры штогадовыя кірмашы. Першы — на вясновага і другі на асенняга святога Юр’я, трэці — на нараджэнне Панны Марыі і чацвёрты — на Пакровы.

У 1742 годзе ў Познані выйшла кніга «Крыніца ласкі духоўнай Панны Марыі з гораў Юравіцкіх». У мястэчку адкрылася школа, якая пазней была пераўтворана ў калегіум. У канцы XVIII стагоддзя польскі кароль Станіслаў Панятоўскі аднавіў Юравічам статус мястэчка.

На пачатку восені 1758 года абраз Божай Маці Юравіцкай перанеслі з драўлянага касцёла ў барочны мураваны. Пасля паўстання 1863 года храм перайшоў праваслаўнай царкве і асвечаны ў гонар Нараджэння Святой Багародзіцы. Па-над дахам узняліся дваццаць купалаў з крыжамі. Цудатворны абраз Маці Божай Юравіцкай вывезлі ў Кракаў. Пасля перадачы юравіцкай святыні Тураўскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы вярнуўся цудатворны абраз. Па другой версіі, арыгінал цудадзейнай іконы застаўся ў кракаўскім храме Святой Барбары, а ў Юравічы перадалі копію. Калі гэта так, то мо з-за таго, што яна бездакорна скапіравана, ёй перадалася святасць, якая дапамагае людзям.

Не мінула мястэчка атамная хмара Чарнобыля. Многія жыхары назаўсёды пакінулі свае паселішчы. На тэрыторыі сельсавета засталося крыху больш за семсот чалавек. Рэзка паменшала на падворках свойскай жывёлы. Толькі 120 кароў цяпер у жыхароў сельсавета. У Аляксандра Скідана і Аляксандра Дабранскага па шэсць дойных кароў, і штодзённа яны здаюць па 80 кілаграмаў малака. Па 15—20 кілаграмаў пастаўляюць малакапрыёмшчыку Святлана Гарчанка, Надзея Каральчук, Тамара Бельская. Гэта поўніць іх бюджэт.

Вялікую атару мела сям’я Валерыя Міронава. Мінулай восенню зграя ваўкоў загрызла амаль сорак авечак. Дзве каровы і цялятка цяпер у хляве Міронавых. Дачка Каця дапамагае даглядаць іх і пасля заканчэння адзінаццатага класа марыць паступіць вучыцца на ветэрынарнага ўрача ў Беларускую дзяржаўную ветэрынарную акадэмію. А яе аднакласнікі Павел Краснапёраў і Дзіма Кананчук вырашылі стаць спецыялістамі лясной гаспадаркі. Прадпрымальнік Сяргей Гарбар адкрыў аграсядзібу “Літвін”.

З падмаскоўнай будоўлі вярнуўся сын Валянціны Голуб, якая працуе памочнікам выхавацеля ў дзіцячым садзіку. Спяшаўся, каб паспець павіншаваць маці з юбілеем, і зноў адправіўся на заробкі.

Аліна Трафімава пасля выхаду на пенсію вярнулася з Мазыра да дзевяностапяцігадовай маці Настассі Гарчанкі, якая ўсю вайну прайшла медсястрою сапёрнага батальёна. Прымала ўдзел у аперацыі “Баграціён”. Перамогу сустрэла ў пераможаным Берліне. У мірны час амаль паўвека лячыла аднавяскоўцаў у Юравіцкай бальніцы. Побач у аграгарадку жыве сын Анатоль з сям’ёю. Працаваў токарам у гаспадарцы “50 гадоў БССР”.

Вадзіцель КСУП “50 год БССР” Валянцін КУПРЫЕНКА і лабарант Ганна МАЗУРКЕВІЧ

ПА традыцыі ў свята Перамогі павіншуюць франтавую медсястру Настассю Іванаўну калегі-медыкі. Два гады ўчастковай бальніцай кіруе выпускнік лячэбнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Рыгор Пракапенка. Атрымала размеркаванне ў Калінкавіцкі раён на пасаду ўрача-гінеколага і яго жонка Настасся Фёдараўна, якая зараз выхоўвае трохмесячную дачушку Паўлінку. Маладая сям’я плануе будаваць у Калінкавічах жыллё і заставацца працаваць у раёне. З дваццаці пяці стацыянарных ложкаў участковай бальніцы палова адведзена для адзінокіх састарэлых. Адзін з пацыентаў — Аляксандр Кавальчук, які працаваў галоўным аграномам у нараўлянскім калгасе “Галоўчыцы”. Так сталася, што застаўся адзін і знайшоў тут прытулак. Больш як 120 дамоў пустуе ў сельсавеце. Без гаспадароў стаяць пабудаваныя нядаўна катэджы ў вёсцы Агароднікі. Запрашалі дочкі да сябе аўдавелага васьмідзесяцігадовага Аляксандра Целяша, які да выхаду на пенсію працаваў электрыкам на Мазырскай ТЭЦ. Застаўся ў сваім доме. За ім замацаваны сацыяльны работнік. Адзінокіх пенсіянераў сельсавета абслугоўваюць Вольга Гарбар і Ганна Рубан.

Знаходзяць жанчыны час і для репетыцый. Кіруюць мастацкай самадзейнасцю культработнікі Анжэла Паташка і Надзея Кавальчук. Цудоўна акампануе на акардэоне Тамара Луцкевіч, якая працуе ў дзіцячым садзіку.

— У Доме культуры дзейнічае чатырнаццаць гурткоў рознага профілю, сярод якіх палова – дзіцячыя, — адзначае майстар-метадыст Надзея Кавальчук. – Да свят рыхтуем выступленні. З канцэртамі выязджаем у суседнія вёскі.

Самадзейныя артысты Анжэла ПАТАШКА і Надзея КАВАЛЬЧУК.

Гурткі па інтарэсах працуюць у сярэдняй школе, якую дзявяты год узначальвае былы выхаванец Сцяпан Блоцкі. Не кожная вясковая школа можа пахваліцца такім краязнаўчым музеем, як у Юравічах. Біўні мамантаў, алейныя партрэты мясцовых хлебаробаў, створаныя ў савецкі перыяд высокапрафесійнымі мастакамі, унікальныя экспанаты побыту палешукоў можна тут убачыць. Фінансавую падтрымку з раённага бюджэту для афармлення экспазіцыі аказаў старшыня Калінкавіцкага райвыканкама Віктар Піліпец. Школа атрымала грант ад прадстаўніцтва ПРААН. Закупілі неабходную мэблю, музейнае абсталяванне. Са школ раёна і вобласці едуць сюды на экскурсіі.

Мінулае і сучаснае моцна перапляліся ў Юравічах. Святую хрысціянскую абіцель, што вякамі ўзвышаецца на самым высокім пагорку раёна, з усіх бакоў акружаюць патанаючыя ў квітнеючых садах новыя катэджы. Навокал мястэчка зелянеюць хлебныя нівы і заліўныя прыпяцкія лугі. Як і ў мінулыя стагоддзі, не заціхае паток пілігрымаў да юравіцкіх святынь і гістарычных помнікаў, якія па значнасці не ўступаюць іншым старажытным мясцінам зямлі беларускай.

Калінкавіцкі раён

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter