Што стрымлівае развіццё Юрацішкаў

Юрацішкі: ад станцыі разлук да станцыі вяртання

Шэсцьдзясят гадоў таму раённы цэнтр Юрацішкі, што на Гродзеншчыне, атрымаў статус пасёлка гарадскога тыпу. Больш стагоддзя на лініі Ліда — Маладзечна дзейнічае чыгуначная станцыя Юрацішкі.


Вучоныя адшукалі царкоўны дакумент, дзе адзначаецца, што “ў Юрацішках віленскім ваяводам, канцлерам Вялікага Княства Літоўскага Альбрэхтам Мартынавічам Гаштольдам у 1532 годзе заснавана Мікалаеўская царква». Безумоўна, храм будаваўся не на пустым месцы. Пасяленне існавала раней. Знойдзеныя ў ваколіцах каменныя сякеры, нажы і іншыя бытавыя прылады сведчаць аб пражыванні людзей у эпоху сярэдняга каменнага веку 10 тысяч гадоў таму.

Старажытным паселішчам, акрамя канцлера Гаштольда, у розныя часы валодалі буйныя баярскія роды Няміраў, Копцяў, Касцялоўскіх і Радкевічаў. Сярод жыхароў пераважала каталіцкая шляхта. У канцы ХVI стагоддзя Юрацішкі набылі статус мястэчка. Касцёл стаў уніяцкім, а праз два з паловай стагоддзі пераабсталяваны ў царкву.

Вязень фашысцкіх лагераў Людміла АБРАМОВІЧ

За шматвяковую гісторыю паселішча не аднойчы знішчалася. Захавалася паданне, што шведскія ваяры караля Карла ХII спалілі ўсе пабудовы. Не кранулі толькі храм, у якім ставілі коней. Бог пакараў захопнікаў. Яны аслеплі.

У другой палове ХIХ стагоддзя ў мястэчку адкрылася народнае вучылішча, пабудавана Мікалаеўская царква.

Дзяжурная па чыгуначнай станцыі Ганна АБРАМОВІЧ

Першая імперыялістычная вайна і рэвалюцыйныя падзеі  пакінулі свой след у Юрацішках, якія згодна з Рыжскім дагаворам адышлі да буржуазнай Польшчы. Пасля аб’яднання беларускіх зямель мястэчка стала раённым цэнтрам і было ім да 1960 года.

У гады вайны ў навакольных лясах актыўна дзейнічалі партызаны. Для барацьбы з народнымі мсціўцамі гітлераўцы прыслалі касцяк остмусульманскага палка. У мястэчку стварылі канцлагер, у якім знішчылі амаль паўтары тысячы жыхароў. Савецкія войскі вызвалілі райцэнтр 7 ліпеня 1944 года.

Дзясятае жніво дастаўляла абеды ў поле механізатарам Алена БЕЖАН

Хуткімі тэмпамі аднаўлялася мірнае жыццё. Пачалі дзейнічаць агароднінасушыльны завод, саўгас, аўтабаза, прамкамбінат, хлебапякарня, дрэваапрацоўчы цэх. У сярэдзіне мінулага стагоддзя функцыянавала медыцынскае вучылішча.

ЯКІ ж сённяшні дзень пасёлка? Ад старшыні Юрацішскага сельвыканкама Аксаны Кавеліч даведаўся, што ў трох дзясятках катэджаў, пабудаваных за апошнія гады КСУП “Юрацішкі”, справілі наваселле жывёлаводы, механізатары, спецыялісты сельскай гаспадаркі, педагогі, медыкі. Цікава тое, што па колькасці старажылаў сельсавет лідзіруе на Гродзеншчыне. Дзявяты дзясятак размянялі амаль 200 чалавек. Ёсць на каго раўняцца моладзі.

Чатыры гады таму прасторны дом атрымала маладая сям’я жывёлаводаў Мікалая і Людмілы Каспяровічаў. Гаспадар загадвае малочна-таварным комплексам “Дунічы”, а жонка — жывёлагадоўчай фермай “Верашчакі”. Дзве дачкі і сын падрастаюць у Людмілы Рыгораўны і Мікалая Мікалаевіча. Старэйшая Карына вучыцца ў Слонімскім медкаледжы. Пасля атрымання дыплома медсястры плануе вярнуцца дамоў.

Жывёлавод Тэрэза УЛЯШКА і загадчык МТК “Дунічы” Мікалай КАСПЯРОВІЧ

Застаўся працаваць механізатарам у лясніцтве Аляксандр Відзевіч. Ажаніўся. Пабудаваў дом. Рыхтуюцца да наваселля яго суседзі па вуліцы Гаўрылава Алена і Аляксандр Швайкоўскія. Катэджамі забудаваны вуліцы Першамайская, Спартыўная, Лясная, Сонечная, Савецкая. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы шматдзетныя сем’і атрымаюць сацыяльныя кватэры ў Іўі. Вызваленае жыллё капітальна адрамантуюць для паўторнага засялення.

— Плануем з гэтага фонду забяспечыць кватэрай сям’ю загадчыка бальніцы Віталія Казакова, — інфармуе старшыня сельвыканкама Аксана Кавеліч. — Пакуль доктар прыязджае на працу з райцэнтра. Яго жонка таксама ўрач. Не забываем пра сем’і настаўнікаў, работнікаў культуры. Клапоцімся пра стварэнне працоўных месцаў. Амаль паўтары сотні чалавек заняты ў КСУП “Юрацішкі”. Вытворчыя карпусы агароднінасушыльнага завода выкупіў прадпрымальнік Мікалай Клінцэвіч і наладзіў вытворчасць кошыкаў для ўпакоўкі ягад, садавіны і гародніны. Паўсотні чалавек атрымалі працу. Столькі ж рабочых і на прыватным прадпрыемстве, дзе чысцяць, фасуюць і закрываюць у вакуумныя ўпакоўкі гародніну для гандлю. Дзясятак рабочых прыватнай фірмы з адходаў зерня штампуюць кармавыя брыкеты для буйной рагатай жывёлы.

Мастацкі кіраўнік Дома культуры Марыя ДЛУЖНЕЎСКАЯ
Тут нялішне будзе сказать пра пазіцыю на гэты кошт раённых улад. Ужо пасля вандроўкі па Юрацішках пацікавіўся ей у старшыні Іўеўскага райвыканкама.

— Праблема працаўладкавання вострая ў Юрацішках, хоць яны па колькасці насельніцтва і ўступаюць райцэнтру і аграгарадку Ліпнішкі, — такі каментарый даў Аляксандр Булак. — Але ж тут паспяхова развіваюцца прыватны гандаль, службы па рамонце аўтамабіляў, перавозцы грузаў. У перспектыве — стаўка на фермерства і агратурызм. Возера Чарнелі, якое побач з гар- пасёлкам, перададзім у арэнду. Усё гэта дазволіць забяспечыць працай жыхароў.

АДНОЙ з лепшых на Гро- дзеншчыне была Юрацішская аўтабаза, якую пасля рэарганізацыі раёна закрылі. Многія вадзіцелі пераселі на спецыялізаваную тэхніку лясніцтва, лесапіларамы. Сяргей Абрамовіч замяніў бацьку на лесаскладзе. Жонка працуе дзяжурнай на чыгуначнай станцыі Юрацішкі. Дапамагаюць упраўляцца з агародам аўдавелай маці Сяргея Станіслававіча — Людміле Карлаўне, дзяцінства якой апаліла вайна.

Сустрэліся з ёю на падворку, больш падобным на вялікі кветнік. Гасцяваць да бабулі прыехала ўнучка з Літвы. Радавыя карані васьмідзесяцігадовай Людмілы Карлаўны па бацькоўскай лініі вядуць у Прагу. У 1916 годзе бацька Карл Шэфер трапіў у Сібір, дзе сустрэўся з беларускай дзяўчынай Софіяй Сцікулене, якая з роднымі адбывала ссылку. Маладыя пажаніліся і пасля рэвалюцыі вярнуліся на радзіму нявесты. Перад вайной уладкаваліся ў Мар’інай Горцы. У час нямецка-фашысцкай акупацыі сям’я Шэфераў дала прытулак двум мінскім яўрэям. Пра гэта даведаліся акупанты. Софію Аляксееўну і Карла Мацвеевіча з чатырма малалетнімі дзецьмі арыштавалі і вывезлі ў Польшчу. Перасылалі з аднаго лагера ў другі. У маі 1945 года савецкія воіны вызвалілі іх на нарвежскім востраве Бергенрыген. Вярнуліся дамоў. Людміла Карлаўна выйшла замуж. Працавала кінамеханікам. Моладзі ў Юрацішках было многа, асабліва пасля адкрыцця медвучылішча.

— Тэлевізары не ў кожным доме былі, — узгадвае выпускнік Юрацішскага медвучылішча Іван Більмон, які зараз працуе ў гарадской бальніцы. — У вольны ад вучобы час глядзелі кіно, спортам займаліся. У нашай групе вучыўся цяперашні намеснік Прэм’ер-міністра Васіль Жарко. З ім за адной партай сядзелі. Наш выпуск быў апошні ў медвучылішчы. Васіль Іванавіч прыязджаў на сустрэчу з выпускнікамі. Наведаў бальніцу, гутарыў з медперсаналам, пацыентамі. Умовы для лячэння ідэальныя: новы лячэбны корпус на 30 ложкаў, лабараторыя, паліклініка, дзве машыны «хуткай дапамогі». Плануецца перавесці да нас пацыентаў Трабскай бальніцы сястрынскага догляду.

Медсястра бальніцы Аксана ІЛЬЮШЭНКА кансультуе пацыента Віктара ЖАМОЙДУ

ЦЭНТР гарадскога пасёлка зусім нядаўна ўпрыгожыў драўляны праваслаўны храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца. Дзейнічае і касцёл Праабражэння Гасподняга. У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей уключана брацкая магіла ў цэнтры, дзе пахавана звыш васьмідзесяці савецкіх воінаў, якія загінулі пры вызваленні Юрацішкаў ад гітлераўцаў. Ля мемарыяла праводзяцца ўрокі мужнасці.

Кіраўнік КСУП “Юрацішкі” Алег ЗДОНЧЫК і галоўны аграном Іосіф ЛЯНЦЭВІЧ

1 верасня ў комплекс яслі-сад — сярэдняя школа, пераабсталяваны па галандскай тэхналогіі пры дапамозе замежных спонсараў, прыйдзе амаль трыста выхаванцаў. Дзейнічаюць дзіцячая школа мастацтваў, спартыўная школа. Выпускніца школы Ніна Каспяровіч стала аператарам машыннага даення кароў, Іван Самакар — механізатарам. Былыя выхаванцы працуюць у бухгалтэрыі гаспадаркі, іншых вытворчых калектывах. Сярод пераможцаў сёлетняга жніва, якое паспяхова завяршылі тыдзень таму, таксама выпускнікі школы. Амаль па 30 цэнтнераў даў кожны з больш як паўтары тысячы гектараў збожжавых. 120 гектараў  азімага рапсу трэба будзе засеяць.

Перадавы камбайнер Іван СТАНЧЫК

ПЕРАД пачаткам жніва кіраваць сельгаспрадпрыемствам даручылі трыццацігадоваму галоўнаму інжынеру Алегу Здончыку. З мэтай фінансавага аздараўлення гаспадаркі антыкрызісным дырэктарам прызначаны Віталій Мацейка.

— На тры гады нам замарозілі выплату даўгоў, — расказвае Віталій Мацейка. — Фінансавыя сродкі, што паступаюць ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі, накіроўваем на выплату заробкаў, рамонт тэхнікі, набыццё ўдабрэнняў.
Старшыня Юрацішскага сельвыканкама Аксана КАВЕЛІЧ надведвае ў бальніцы пенсіянерку Леакадзію ХАДАРЦЭВІЧ

Сельгаспрадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці мяса-малочнай прадукцыі. З двух тысяч галоў буйной рагатай жывёлы палова — дойны статак. Для забеспячэння ўласнымі кармамі пагалоўя адведзена пад травы і кукурузу на корм больш за 1600 гектараў. На будучы год запланавана на дваццаці гектарах эксперыментальна вырошчваць кукурузу на зерне. З’явіцца стогектарная плантацыя цукровых буракоў. Пашырацца плошчы пад яравыя культуры. У перспектыве — павелічэнне валавой вытворчасці малака і мяса.

— Каб эфектыўна развівацца далей, нам вельмі неабходны маладыя кадры, — лічыць кіраўнік КСУП “Юрацішкі” Алег Здончык. — Увогуле для больш стабільнага забеспячэння гаспадарак рабочай сілай варта было б аднавіць сістэму навучання старшакласнікаў сельскім прафесіям, як гэта было ў савецкія часы. Многія адразу пасля школы пачыналі працаваць трактарыстамі, жывёлаводамі. Мае бацькі засталіся ў вёсцы і нас, пяцерых дзяцей, да сялянскай працы прывучалі.

На сёлетнім жніве камбайнеры працавалі без памочнікаў. Спадзяюся, што такога больш не будзе.

За паўгода санацыі гаспадарка паступова з дапамогай дзяржавы выходзіць з крызіснай сітуацыі. Ад яе эканамічнага стану ў многім залежаць і перспектывы развіцця былога раённага цэнтра.

Іўеўскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter