Познаем Беларусь: на Юрьев день украшали елку, пекли караваи и обливали друг друга водой

Юр’ева раса — лепш аўса

Шмат народных прымет звязана з гэтым веснавым святам.

Фота Віктара Драчова

На Юр’е, якое па праваслаўным календары штогод адзначаецца 6 мая, нашы продкі ўпрыгожвалі ёлку, пяклі караваі і ішлі з імі ў поле прасіць Бога паслаць ім добры ўраджай.

У гэты дзень праваслаўныя вернікі ўзгадваюць святога велікамучаніка Георгія. Сюжэт перамогі гэтага святога над змеем быў добра вядомы беларусам і пераказваўся ў многіх апавяданнях, лёг у аснову балад, у якіх ён паўставаў як збаўца ў імя веры ў Госпада Бога.

Імя святога Георгія ў народзе атрымала скарочаную форму — Юрый, Ягорый. Яго ўяўлялі Божым ключнікам. Лічылася, што менавіта ён валодаў ключамі, якімі замыкаў зіму і адмыкаў вясну. Святы Юрый-Георгій паўставаў як уладар, які выпускае расу, благаслаўляе ўсё вакол. А яшчэ ён лічыўся абаронцам жывёлагадоўлі і земляробства. Лічылася, што ад яго залежаў поспех селяніна ва ўсіх гаспадарчых справах.

У дзень ушанавання святога па вёсках праходзілі валачобныя працэсіі. Людзі спявалі прывітальныя песні, вадзілі карагоды. У многіх вёсках, дзе ў гонар Георгія пабудаваны і асвечаны праваслаўныя храмы, праходзіла прастольнае свята. Пасля службы ў храме арганізоўвалі кірмашы з песнямі і танцамі.

У кожным доме на Юр’е гатавалі пачастункі для сваякоў, гасцей, якія прыязджалі ў вёску з усёй акругі. Запрашалі ў хату нават чужых лю­дзей і жабракоў.

Са святам быў звязаны і першы выган хатніх жывёл на пашу. Кароў імкнуліся выгнаць рана, каб застаць у полі расу, якая па павер’ях была цудадзейнай. Казалі: «Юр’ева раса — лепш аўса».

Асноўнымі атрыбутамі першага выгану кароў, акрамя расы, былі асвячоныя вярба, яйка, вада, соль. Усе магічныя дзеянні былі накіраваны на перасцярогу жывёлы ад сурокаў, нападу ваўкоў. Пасля таго як кароў адпускалі на пашу, аднавяскоўцы праводзілі сумесную трапезу ў полі, раскладвалі вогнішча, частаваліся прынесенымі стравамі. Асаблівая роля на такіх пасядзелках з пастухом належала, як і на Вялікдзень, фарбаваным яйкам. Пастухоў як галоўных захавальнікаў жывёлы адорвалі падарункамі, гатавалі для іх яешню з салам і аладкамі. 

Пасля Юр’я пачыналіся працы ў полі. Асабліва цешыў сялян у гэты час дождж, які прадказваў добры ўра­джай. З гэтай нагоды моладзь аблівала адзін аднаго вадой.

АД ПРАДЗЕДАЎ

На Юр’е сяляне хадзілі па вёсцы ад хаты да хаты, спявалі песні пад вокнамі. За гэта атрымлівалі традыцыйныя ласункі — яйкі і бліны.

НАРОДНАЯ ПРЫМАЎКА

Юр’ева раса — ад сямі хвароб.

kuzmich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter