Юныя “Харошкі” на берагах Нявы

Мінскія танцоры заваявалі званне лаўрэатаў першай ступені ды адметны прыз “За захаванне нацыянальных традыцый” на міжнародным конкурсе харэаграфічнага мастацтва ў Санкт-Пецярбурзе

   Юныя танцоры з Мінска на конкурсе ў Санкт-Пецярбурзе

Фото: Генадзь Далгіх 

Назву конкурсу “Масты над Нявой” можна тлумачыць па-рознаму. Па-першае, масты, разведзеныя над ракой, — адзін са знакавых сімвалаў культурнай сталіцы Расіі. Па-другое, гэтыя інжынерныя збудаванні даюць магчымасць лёгка пераправіцца цераз раку. І па-трэцяе: у пераносным сэнсе масты — гэта тое, што злучае розныя народы. Дык вось, цяпер і юныя танцоры, якія ў сваёй творчасці маюць нацыянальны каларыт, таксама “наводзяць масты” паміж народамі.

Конкурс сабраў лепшыя юныя таленты з расійскіх рэгіёнаў і краін СНД: амаль 40 калектываў, каля 900 танцораў. Гледачы ўбачылі народныя танцы, яркія характарныя нумары, сучасную харэаграфію. Конкурсная праграма доўжылася з ранку да позняга вечара, на суд журы было прадстаўлена больш за 200 нумароў. І суддзям, і шматлікім гледачам, вядома ж, цяжка было вызначаць лепшых. Ды ўсё ж у іх лік трапілі й выхаванцы дзіцячай студыі Беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”, а таксама Дзіцячай школы мастацтваў №2 з Мінска (дырэктар студыі Аляксандра Лукідзі, педагог-пастаноўшчык Алена Кузнік). У намінацыі “Народны танец” госці з Беларусі выканалі “Крутуху”, “Лявонiху” і “Таўкачыкі”.

Журы конкурсу пад старшынствам Юрыя Васількова — харэограф-пастаноўшчык, прафесар Расійскага дзяржінстытута сцэнічных мастацтваў, славуты танцоўшчык у мінулым — аднадушна прысудзіла юным танцорам з Беларусі званне лаўрэатаў першай ступені ды ўзнагародзіла іх асаблівым прызам “За захаванне нацыянальных традыцый”.

Мастацкаму кіраўніку і галоўнаму балетмайстру “Харошак”, народнай артыстцы Беларусі Валянціне Гаявой быў уручаны па-дзячны ліст. У ім ёсць такія словы: “Журы конкурсу і гледачоў узрушыў высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства і сцэнічнай культуры студыі танца ансамбля “Харошкі”. Асабліва адзначаем беражлівае стаўленне да выканання беларускага народнага танца і традыцыйнага беларускага касцюма. Аргкамітэт конкурсу дзякуе Вам за адданасць харэаграфічнаму мастацтву і беражлівае захаванне народнага танца, выхаванне любові й павагі да танцавальных традыцый беларусаў у юных артыстаў”.

Вандруючы па ўсім свеце, знакамітыя “Харошкі” не толькі выступаюць, але й знаёмяцца з тымі мясцінамі, дзе бываюць. І піцерская паездка запомніцца юным танцорам не толькі танцамі, новымі знаёмствамі, але й насычанымі экскурсійнымі праграмамі па горадзе над Нявой.

Васіль Шалак, лаўрэат конкурсу журналісцкіх работ “Беларусь—Расія. Крок у будучыню”, г. Санкт-Пецярбург

Голас Радзімы № 19 (3523), чацвер, 25 мая, 2017 у PDF


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter