Интервью с ведущей программы "Жди меня" Кадушкевич

Юлія КАДУШКЕВІЧ (АНТ): «Сорак пяць гадоў шукала сына мацi»

Iнтэрвью з актрысай тэатра і кіно, вядучай праграмы «Чакай мяне. Беларусь» на АНТ Юліяй КАДУШКЕВІЧ

Актрыса тэатра і кіно, вядучая праграмы «Чакай мяне. Беларусь» на АНТ Юлія КАДУШКЕВІЧ пры сустрэчы адразу прапанавала: «Давайце будзем на беларускай мове гутарыць! Хачу перайсці на яе, але пакуль не атрымліваецца, бо размаўляю на рускай у тэатры, на тэлебачанні... Толькі ў транспарце, кіёсках, крамах і дома час ад часу карыстаюся роднай мовай».

 

— Юлія, якія навіны ў творчасці, на тэлебачанні і ў тэатры?

 

— На тэлебачанні пакуль што нічога не змянілася. Нядаўна без перапынку запісвалі шэсць ці сем праграм «Чакай мяне. Беларусь». Здымкі доўжыліся амаль пяць гадзін.

 

А ў тэатры імя Горкага, дзе таксама працую, выпусцілі спектакль «Пясняр», прысвечаны Уладзіміру Мулявіну. Пастаноўка атрымалася добрая, люблю яе за тое, што там ёсць тэма пра кожнага з нас, хто зараз жыве ў Беларусі, хто жыў тут у мінулым. Там і кавалак гісторыі, ну і, канешне, тэма, якая прысвечана вялікаму Мулявіну. Таксама я працую ў тэатры «Ч», іграю ў пастаноўцы «Дзяды» па творы Адама Міцкевіча…

 

— Што змянілася ў тваім жыцці пасля прыходу ў праект «Чакай мяне. Беларусь»?

 

— Я атрымала магчымасць крышачку наблізіцца да таго, каб хаця б у эфіры дапамагаць людзям, бачыць шчаслівыя твары тых, хто сустрэўся. Гэта дае мне магчымасць больш усміхацца і разумець, што не проста так мы жывём, што не можам быць адзін да аднаго абыякавымі. І праграма «Чакай мяне. Беларусь» яшчэ адна магчымасць сказаць, што нельга проста так прайсці па вуліцы і не спыніцца, не дапамагчы, калі нехта сябе дрэнна адчувае…

 

А яшчэ зараз сталі мяне часта пазнаваць. Гэтым не ганаруся, але, калі заходжу ў краму, чую: «Ой, гэта ж вы ведзяце праграму «Чакай мяне. Беларусь». І бачу зацікаўленыя твары. Гэта вельмі прыемна, таму што людзі не проста ўсміхаюцца, бо ты — знакамітасць, а таму, што як быццам яны — мае сябры.

 

Дарэчы, праект «Чакай мяне. Беларусь» ідзе пяць гадоў, але ў мяне такое адчуванне, што толькі два. Хутка час праляцеў. Не ведаю, як гэта здарылася.

 

— Што для цябе самае складанае ў гэтым праекце?

 

— Знайсці настрой на праграму, каб не нервавацца заўсёды ад таго, што не ведаеш, як чалавек сябе будзе паводзіць. Таму што сама за ўсіх хвалююся, гатовая з імі і плакаць, і нервавацца, і баяцца нешта сказаць. У тым сэнсе, што немагчыма прадказаць, ці будзе чалавек плакаць, ці ўвогуле разгубіцца і нічога не зможа сказаць, ці можа дрэнна сябе адчуць. І такое было. Але заўсёды ёсць «хуткая дапамога», якая ў час праграмы прысутнічае. І яшчэ такія тэхнічныя моманты: у сцэнарыі 60 лістоў. Яго трэба дакладна ведаць, нельга губляцца і рабіць паўзы…

 

Спачатку, канешне, было складана. Зараз атрымліваю задавальненне, таму што бачу вочы людзей, якія расказваюць усё, што ў іх на сэрцы. Усе яны чакаюць дапамогі.

 

У праграме ёсць і гумар, і слёзы. Зараз складанасцей амаль што няма. Толькі адно хвалюе: каб хутчэй знайшліся ўсе, каго шукаюць. Гэта мая мара. Звычайна пасля праграмы іду і думаю: «Божа, ну як жа так? Калі ж знойдуцца ўсе блізкія людзей, якія сёння прыйшлі да нас?»

 

— Юлія, у тваёй сям’і хто-небудзь звязаны з тэлебачаннем, тэатрам?

 

— Так. Мая маці, Анжэліка, скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Яна рэжысёр тэлебачання, зараз працуе на радыё. А першая спецыяльнасць у яе — мастак. Мой тата Віктар таксама мастак. Муж, Раман — акцёр. Бабуля Лідзія ўвогуле вельмі любіць тэатр, з самага дзяцінства вадзіла мяне на спектаклі, таксама творчы і захоплены мастацтвам чалавек. І бацькі Рамана — Святлана і Уладзімір — мастакі ў жыцці і ў сваёй прафесіі. Усе мы з творчай сферы.

 

— Ці захаваліся дзіцячыя ўспаміны пра першыя сустрэчы з тэатрам?

 

— Матуля брала мяне з сабою, калі рабіла нейкія ўрыўкі спектакляў як рэжысёр. Таксама яна іграла на сцэне. Памятаю, што сама я актыўна ўдзельнічала ў рэпетыцыі. Мне было, напэўна, гады два…

 

А ў школе не ўдзельнічала ні ў якіх пастаноўках, толькі ў выпускным класе нешта там такое рабілі. І падышоў да мяне дзядуля, які іграў на баяне, і сказаў: «Вам трэба ісці ў актрысы». Адказала: «Ды вы што. Я нават толкам і спяваць не ўмею». — «Паслухайце мяне. Ідзіце. Гэта ваша». І знік той дзядуля. Больш яго не бачыла. А мая маці кажа: «Гэта быў твой анёл, направіў цябе туды, куды ты павінна была ісці».

 

Дарэчы, у школе матуля аддавала мяне на эстрадна-спартыўныя танцы, але там не прыжылася. У асноўным хадзіла ў гурткі, дзе трэба было нешта рабіць рукамі: вышываць, шыць, ляпіць, маляваць. Гэта мне падабалася, напэўна, таму, што маці малявала.

 

— А калі зразумела, што ты — актрыса?

 

— На здымках стужкі «Знахарка» (на той момант у тэатры Горкага ўжо адпрацавала гады чатыры-пяць). За адзін эпізод мы вельмі хваляваліся, як ён атрымаецца. І рэжысёр растлумачыў: «Я павінен табе паверыць. Рабі што хочаш». Я думала, дома рэпеціравала, чытала сцэнарый, шукала матэрыял пра знахарак. І калі на здымках пасля першага дубля да мяне падышоў рэжысёр, то ў яго на вачах былі слёзы: «Я табе паверыў». Паляпаў мне рукой па плячы. І ў мяне было такое адчуванне, што я ў космас паляцела. Не ведаю, ад шчасця ці ад таго, што пачалася праца над роллю…

 

— Як уплываюць ролі на тваё жыццё, характар?

 

— Працэс рэпетыцый у тэатры і кіно неаднолькавы. У тэатры яны ідуць тры месяцы, і ты паступова ўваходзіш у ролю, жывеш ёю, думаеш аб ёй. А на здымках стужкі ты павінен прыйсці ў сем гадзін раніцы, а пайсці ў дзесяць гадзін вечара. І за гэты час здымаюцца восем сцэн! Такое павінна быць уключэнне, што ты жывеш сваім персанажам. Робіш тое, што павінен рабіць ён. І калі прыходзіш дадому, усе думкі, адчуванні, эмацыянальны стан ролі перакладаецца на хатняе жыццё. А яшчэ аналізуеш характары іншых людзей, намагаешся іх палюбіць, зразумець.

 

— Калі адчуваеш, што задаволена сваёй працай?

 

— Калі на спектаклі глядач адказвае. Не апладысментамі, а проста сваёй увагай, якую адчуваю. І калі на запісе «Чакай мяне. Беларусь» усё без тэхнічных і маіх асабістых накладак... Калі адчуваю настрой і ёсць натхненне, проста лятаю па сцэне. І глядач са мной лятае. Тады адчуваю задавальненне, таму што адбылося тое, дзеля чаго мы збіраемся. І канешне, калі тэма ў спектаклі прагучыць тая, якую заклаў рэжысёр. І якая ўва мне жыве...

 

— У чым для цябе крыніца натхнення ў творчасці?

 

— Людзі, зносіны, кнігі, фільмы. Калі здаровыя ўсе, каго я люблю. А яшчэ музыка, прырода.

 

— Як прыйшло каханне ў тваё жыццё? Як адбылася сустрэча з мужам?

 

— Каханне прыйшло, калі вучылася ў акадэміі мастацтваў. Пазнаёмілася з Раманам на першым курсе. Мой муж у той час прыйшоў працаваць педагогам, ён сам толькі скончыў акадэмію... Але мы з Раманам зразумелі, што кахаем, калі я была на трэцім курсе, і паспрабавалі гэта сказаць адзін аднаму... Сёння ён мой лепшы сябар. Заўсёды адчуваю яго падтрымку, у прафесійнай дзейнасці таксама.

 

— Ты памятаеш твой прыход на тэлебачанне?

 

— Канешне. На ТВ, трэба адзначыць, я прыходзіла тры разы. Спачатку вяла праект «Лэдзі чысціня». А потым прыйшла на пробы вядучых навін. Мне падалося, што там такая жорсткая структура. Людзі бегаюць туды-сюды. Усе ў працы. Падумала: «О-ё-ёй. Што я тут зраблю?» Потым былі пробы на «Чакай мяне. Беларусь». І вось я трапіла ў сваю сферу.

 

— Калі ласка, раскажы самыя апошнія гісторыі, якія цябе ўразілі на праграме.

 

— Уражвае кожная гісторыя. Таму што яна не фантазія аўтараў праекта, а з самога жыцця. Бывае, што людзі чакаюць адзін аднаго па пяцьдзясят гадоў!

 

Калі чытаю перад праграмай сцэнарый, думаю: «Як гэта маці чакае сына сорак пяць гадоў? Яна раніцай прачынаецца і ведае, што паедзе сёння на нашу праграму. Але не ведае, ці сустрэне сына. Як яна гэта ўсё перажывае?»

 

Мяне ўражваюць гісторыі, калі хлопчыкі і дзяўчынкі трапляюць у дзіцячыя дамы, а потым адзін аднаго шукаюць. Была нядаўна адна такая сустрэча. Брат шукаў сястру і так хацеў яе бачыць, што плакаў і калі з ім размаўлялі па тэлефоне, і ў час эфіру. І што было, калі сястра прыйшла ў студыю, — гэта не перадаць словамі!

 

(Заканчэнне на 12-й стар.)

 

Дарэчы, мне вельмі б хацелася, каб больш знаходзілі сваіх родных тыя, хто прыходзіць на праект з фотаздымкамі людзей, якія нечакана зніклі, ды і ўсіх, канешне.

 

— Ці ёсць час на захапленні? Якія яны?

 

— Калі хадзіла ў школу, вязала на прутках. Зараз, калі ёсць час, успамінаю, як гэта робіцца. Вучуся вязаць кручком. Люблю займацца лапікавым шыццём. Гэта мая самая любімая справа. У выхадныя люблю нармальна пачаць раніцу, нікуды не спяшацца. Выпіць кавы. А далей займацца хатнімі справамі і чытаць. Слухаць музыку, гуляць. Вядома, займацца шыццём. Люблю гатаваць. Раней захаплялася італьянскай кухняй, а зараз — беларускай.

 

— Мабыць, у тваім жыцці былі людзі, якія моцна на цябе паўплывалі?

 

— Па-першае, гэта маці і бацька. Мае бабулі. А яшчэ мой педагог у акадэміі Фама Сільвестравіч Варанецкі… І, вядома, мой муж, з якім мы зараз ідзём па жыцці... Па-другое, проста людзі, якіх магу сустрэць на вуліцы, якім няма куды ісці. Калі яны сядзяць з нейкай торбай і ім нечага есці, гэта даводзіць да слёз. Хочацца нешта змяніць навокал…

 

На мяне робяць уражанне ролікі з хворымі дзецьмі, якія паказваюць па тэлебачанні. Я тэлефаную і пераводжу грошы. Гэтым не ганаруся.

 

— Юлія, ты веруючая?

 

— Так, я веру ў існаванне Бога. Зараз вывучаю рэлігіі, і не згодна з нейкімі жорсткімі рамкамі ў кожнай з іх. Не ведаю, ёсць там Бог ці гэта напісана людзьмі. Можа, насамрэч Бог — гэта тое, што я адчуваю інтуітыўна і сэрцам.

 

— Кажуць, што сапраўдны мужчына павінен пабудаваць дом, пасадзіць дрэва, вырасціць сына. А што павінна зрабіць сапраўдная жанчына?

 

— Дапамагчы гэта ўсё зрабіць мужчыне. Жанчына павінна кахаць яго, а калі гэта ёсць, то ёсць і ўсё астатняе.

 

— На твой погляд, што не вымяраецца ў грошах?

 

— Каханне. Сумленне. Слова, дадзенае кімсьці. Сяброўства. Душа. Жаданні і пачуцці.

 

— Ці звязана ты з вёскай?

 

— Мая бабуля жыве ў Верхнядзвінску. Там праходзіла маё дзяцінства. Памятаю, як бабуля вучыла мяне пісаць. Гэта было вельмі цікава. Мы з ёй сядзелі каля акна, яна цярпліва спрабавала выводзіць кручочкі, хаця ў яе шмат працы было...

 

 У бабулі мы жылі са стрыечнай сястрой. Дапамагалі на агародзе. У нас была нязменная звычка — выбіваць па суботах усе дарожкі і дыванкі... Нейкі час бабуля працавала ў сталовай. Мы ёй дапамагалі посуд збіраць, мылі яго. У вольны час бегалі на рэчку, гулялі з дзяўчатамі. Памятаю, як хадзілі на Купалле. Ой, класнае было дзяцінства.

 

— Якое тваё меркаванне пра вясковых жыхароў?

 

— Гэта людзі, якія непасрэдна звязаны з прыродай. Лічу, што чалавек без гэтага не можа нармальна існаваць. Цяжкі эмацыянальны стан выходзіць, калі ты працуеш, калі гуляеш па лесе, збіраеш грыбы. Калі ў кожным сезоне жывеш так, як табе дае прырода. А вясковыя людзі гэта маюць. У бацькоў майго мужа дом за горадам, туды мы прыязджаем усімі нашымі сем’ямі. Ці хачу там жыць? Не ведаю, таму што шмат працы, не будзем паспяваць ездзіць. Але, калі стамлюся, бываюць такія думкі. На месяц хочацца з’ехаць, жыць каля рэчкі і не ведаць праблем.

 

— Якім ты бачыш сваё далейшае развіццё ў прафесіі?

 

— Праграму «Чакай мяне. Беларусь» мне падабаецца весці. А яшчэ хацелася б, магчыма, атрымаць і нейкі свой праект на радыё, у ім адкрываць тэмы, якія мне цікавыя сёння: чым жывуць людзі кожны дзень, як яны пачынаюць сваю раніцу. І чаго яны ўвогуле хочуць. Слухаць іх дзіцячыя мары. Напрыклад, мая сяброўка марыць аб тым, каб пасля працы не трэба было ісці дадому, а проста націснуць нейкую кнопку і адразу там аказацца… Хацелася б сыграць больш цікавых роляў у тэатры і кіно. Сыграць менавіта пра тое, што мяне хвалюе.

 

— А чаго яшчэ хочацца ў жыцці?

 

— Шмат чаго. Хочацца, каб родныя былі здаровыя, каб яны былі побач, каб мы з імі разам прайшлі вялікае жыццё і ўсе сустрэлі глыбокую старасць. Гэта самае галоўнае. Шмат мар у прафесіі. Хочацца, каб людзі не забывалі, што трэба марыць, усміхацца, рабіць адзін для аднаго нейкія маленькія цуды.

 

Мяне хвалюе, што ёсць бяздомныя. Хацелася б, каб для іх быў нейкі дом, дзе яны маглі б мець ежу, правесці час... Хвалюе, што ў нас шмат бяздомных жывёл, іх усыпляюць. На мой погляд, гэта бесчалавечна. Хацелася б, каб прынялі закон аб абароне правоў жывёл…

— Юлія, дзякуй за сустрэчу. Няхай твае жаданні і мары збудуцца!

 

Вера ГНІЛАЗУБ, «СГ»

gnilozub@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter