Юбiлей для муз з аркестрам

Сваё дзесяцігоддзе нясвіжскі фестываль камернай музыкі адзначыў з дэбютамі і сюрпрызамі.
Сваё дзесяцігоддзе нясвіжскі фестываль камернай музыкі адзначыў з дэбютамі і сюрпрызамі. Нясвіж часта называюць маленькім Парыжам, альбо некаранаванай сталіцай Вялікага княства Літоўскага. А дзесяць гадоў таму па ініцыятыве мастацкага кіраўніка Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Беларусі, народнага артыста рэспублікі Міхаіла Фінберга і тагачаснага старшыні Нясвіжскага райвыканкома, а цяпер намесніка прэм’ер-міністра краіны Уладзіміра Дражына старажытны горад быў абвешчаны сталіцай фестывалю камернай музыкі “Музы Нясвіжа”. Зроблена гэта было не без падстаў. Роля Нясвіжа ў развіцці беларускай музычнай культуры выключная. Магнацкі род Радзі-вілаў, які валадарыў некалі тут, нястомна імкнуўся да набыцця горадам славы аднаго з буйнейшых культурных цэнтраў Еўропы. Менавіта Нясвіж у XVII—XVIII стагоддзях з’яўляўся месцам прыцягнення лепшых музычных сіл, тут стваралася, а пасля распаўсюджвалася па свеце музычная плынь, якая спалучала ў сабе элементы мясцовай і заходняй культур. Творы тых часоў – незаслужана забытыя, мала даследаваныя, а часцей зусім невядомыя — узяўся вярнуць слухачам Дзяржаўны канцэртны аркестр краіны. З тым, каб пацвердзіць: на тэрыторыі старадаўняй Беларусі стваралася і выконвалася музыка, не горшая за прызнаную еўрапейскую класіку. Адроджаныя з нябыту сачыненні знайшлі ў Нясвіжы свайго ўдзячнага слухача. Насуперак меркаванню, быццам акадэмічная, альбо так званая сур’ёзная музыка, не для масавай аўдыторыі. Пацвярджэнне гэтаму — нязменныя аншлагі падчас канцэртаў на працягу ўсіх дзесяці фестывальных гадоў у зале Нясвіжскага цэнтра культуры і адпачынку. Аншлаг быў і ў мінулыя выхадныя, калі “Музы Нясвіжа” сабраліся на 10-гадовы юбілей. Як даўніх сяброў разам са старшынёй Нясвіжскага райвыканкома Фёдарам Прывалавым сустракалі жыхары горада маэстра Фінберга, музыкантаў камернага аркестра, ансамбляў салістаў на драўляных інструментах, трубачоў, флейтыстаў, кларнетыстаў. Шчыра віталі шаноўных гасцей — намесніка прэм’ер-міністра Удадзіміра Дражына, намесніка старшыні Мінскага аблвыканкома Леаніда Крупца (таксама былога кіраўніка Нясвіжчыны), першага намесніка міністра культуры Уладзіміра Рылатку, а таксама гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў, музыказнаўцаў, удзельнікаў навуковай канферэнцыі, якая ўсе дзесяць гадоў суправаджае фестываль. Як ніколі, насычанай была канцэртная праграма свята. Яна ўзгадала лепшыя з адкрытых “Музамі Нясвіжа” творы, чые аўтары ўпрыгожвалі музычнае мастацтва Беларусі эпохі Рэнесансу, – Мацей і Антоній Радзівілы, Андрэй Рагачэўскі, Міхал Ельскі, Ян Голанд, Антон Абрамовіч, Міхал Клеафас Агінскі... Разам з тым гучалі на фестывалі і сачыненні сучасных беларускіх кампазітараў – Мікалая Чуркіна, Льва Абеліёвіча, Анатоля Багатырова, Яўгена Глебава, якія ўвайшлі ў “залаты фонд” айчыннай камернай музыкі. Разам з калектывамі Дзяржаўнага канцэртнага аркестра сёлета да “Муз Нясвіжа” далучыліся Нацыянальны акадэмічны хор Беларусі, Дзяржаўны ансамбль танца, музычная капэла “Санорус”, якія выступілі на цэнтральнай плошчы горада з гала-канцэртам “Подзвігу народа – наш талент”, прысвечаным 60-годдзю Перамогі, пад эгідай якой праходзіў фестываль. Не абышлося на свяце і без прэм’ер. Упершыню побач з прафесіяналамі годна выступалі мясцовыя артысты – выкладчыкі Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў, удзельнікі ансамбля камернай музыкі. Спатканне з джазам падрыхтаваў для “Муз Нясвіжа” маэстра Фінберг, уключыўшы ў праграму фестывалю выступленне біг-бэнда аркестра. Сюрпрызам здзівілі і ўлады горада. Падчас фестывалю па вуліцах Нясвіжа ўпершыню можна было пракаціцца на сапраўднай (дарэчы, і вельмі дарагой) старадаўняй карэце, запрэжанай двойкай коней, кіруемай рамізнікамі, апранутымі ў касцюмы радзівілаўскай эпохі. Карэта спецыяльна закуплена горадам у Польшчы для турыстычных прагулак. Дарэчы, з гэтай жа мэтай набыта некалькі арлоўскіх рысакоў і поні. Нясвіж сёння актыўна рыхтуецца стаць і сталіцай турыстычнай. ...Як адзначыла падчас аднаго з выступленняў нязменная вядучая канцэртных праграм фестывалю доктар мастацтвазнаўства Вольга Дадзіёмава, дзесяць гадоў для творчага праекта – гэта сведчанне яго сталасці і запатрабаванасці. У дачыненні да “Муз Нясвіжа” выснова відавочная. Фестываль не толькі развіваецца сам, збірае новых пры-хільнікаў, выхоўвае свайго слухача, але і стаў папярэд-нікам шэрагу фестываляў у малых гарадах краіны, якія таксама ладзіць Дзяржаўны канцэртны аркестр, – у Заслаўі, Маладзечне, Мсціславе, Міры, а сёлета і ў Тураве. Арганізаваць і правесці адметнае музычнае свята па сённяшнім часе – справа складаная. Зрабіць яго традыцыйным – складаней ўтрая. Але заснавальнікі фестывалю “Музы Нясвіжа” — Міністэрства культуры, Мінскі аблвыканком, Нясвіжскі райвыканком, Дзяржаўны канцэртны аркестр – упэўнены: беларуская старадаўняя і сучасная музыка па-вінна гучаць у Нясвіжы. І значыць, наступнай вясной музы зноў завітаюць у сваю гасцінную сталіцу.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter