Ёсць такая пасада – участковы

Нядаўна ён стаў пераможцам агляду-конкурсу сярод участковых рэспублікі. А крыху раней не пакінуў ніякай надзеі на перамогу ні аднаму з больш чым паўсотні калег з райаддзелаў міліцыі Гродзенскай вобласці.

Лепшы ўчастковы інспектар міліцыі Беларусі жыве ў Смаргонскім раёне, у вёсцы Асінаўшчызна. І завуць яго Аляксандр Ярмолаў

Нядаўна ён стаў пераможцам агляду-конкурсу сярод участковых рэспублікі. А крыху раней не пакінуў ніякай надзеі на перамогу ні аднаму з больш чым паўсотні калег з райаддзелаў міліцыі Гродзенскай вобласці.

На службу ў міліцыю Аляксандр Ярмолаў прыйшоў у 1995 годзе пасля заканчэння акадэміі фізічнага выхавання і спорту — не змог уладкавацца на працу па спецыяльнасці. Два месяцы асвойваў азы ў патрульна-паставой службе міліцыі, а потым быў прызначаны на пасаду ўчастковага інспектара. З таго часу і нясе службу на тэрыторыі Каранёўскага і Жодзішкаўскага сельсаветаў.

Нагрузка даволі вялікая — на абслугоўванні знаходзіцца больш за дзве тысячы сельскіх жыхароў, сярод якіх трапляюцца і не зусім законапаслухмяныя людзі. І хаця афіцыйна працоўны дзень участковага доўжыцца з 8 да 18 гадзін, але на самай справе ў выпадку неабходнасці  прыходзіцца выязджаць на адміністрацыйны ўчастак позна вечарам, ноччу. Жонка і дачка прывыклі ўжо, што муж і бацька рэдка бывае дома, разумеюць — служба такая.

Аляксандр Віктаравіч удзельнічаў у конкурсе і ў 2007 годзе. Тады таксама быў прызнаны лепшым участковым Гродзенскай вобласці, а ў рэспубліканскім конкурсе заняў шостае месца. Тады паставіў перад сабой задачу перамагчы і “на рэспубліцы”. І сёлета мара ажыццявілася.

У якасці заахвочвання за вельмі добрыя паказчыкі ў аператыўна-службовай дзейнасці і выдатнае выступленне ў конкурсе прафесійнага майстэрства Міністэрства ўнутраных спраў прыняло рашэнне аб прысваенні Аляксандру Ярмолаву чарговага спецыяльнага звання падпалкоўнік міліцыі. У Смаргонскім раёне гэта будзе першы ўчастковы інспектар з такім высокім званнем.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ

НА ЗДЫМКУ: Аляксандр ЯРМОЛАЎ з жонкаю Вольгай і дачкой Стэлай.

Фота Міхаіла РАЗУМНІКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter