Ёсць што яшчэ выкараняць!

Пісьменнік, сведка эпохі, не разумее, куды зараз падзеліся майстры добрых фельетонаў

Пісьменнік, сведка эпохі, не разумее, куды зараз падзеліся майстры добрых фельетонаў

У свае 74 гады Іван Стадольнік любіць адшукаць сабе суразмоўцу і засыпаць яго жартачкамі. Паэт, празаік і гумарыст распавёў карэспандэнту “НГ” пра сябе, свой час і моц сатырычнага слова.

І смех, і гонар, і слёзы

Жартуе Іван і ў паўсядзённым жыцці. Напрыклад, пацешыў творца гісторыяй пра тое, як ён ва ўласным агародзе жонку заахвоціў вырошчваць табаку, выдаючы яе за “японскую салату”.

Ганарыцца сёння пісьменнік сваім унукам Іванам Сюльжыным, які скончыў факультэт радыёфізікі і электронікі БДУ, вучыцца ў магістратуры і займаецца выкладчыцкай дзейнасцю.

Пра тое, што пісьменніцкае вока і да гэтага часу не змылілася прыкмячаць трапныя, характэрныя для беларусаў рэчы, сведчаць яго творы, надрукаваныя ў свежым сборніку “Сёмае неба” ў межах серыі “Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі”. Іван Стадольнік у сваіх апавяданнях і гумарэсках піша пра жыццё сучаснікаў, у якім пераплятаюцца мужнасць, трагізм і камізм. Паказвае чалавека, які трапляе ў перыпетыі, і як на іх адгукаецца кожная чалавечая душа. “Усе жыццёвыя калізіі, паказаныя ў творах, здарыліся са мной, з маімі сябрамі і добрымі знаёмымі”, — запэўнівае пісьменнік.

З кнігі даведаемся тое-сёе пра цікавую біяграфію Івана Канстанцінавіча, які нарадзіўся ў 1940 годзе ў вёсцы Янкі Докшыцкага сельсавета.

Вайна забрала бацьку, які загінуў у 1945 годзе пры штурме Кёнігсберга, таму тэма памяці пра абаронцаў Радзімы блізкая творчасці Івана Стадольніка...

На Ушаччыне ліпы цвітуць,
Загаіліся цяжкія раны,
Але ў памяці сёння ідуць,
Тут ідуць на прарыў партызаны.
Будуць кветкі заўсёды цвісці,
Будзе мір тут над роднай
зямлёю,
І па мужнасць і вернасць ісці
Будуць вечна нашчадкі к героям.

Пра тое, як было няпроста жыць у пасляваеннай вёсцы, красамоўна сведчыць той факт, што ў 1947 годзе малы Іван здолеў правучыцца ў першым класе Янкоўскай пачатковай школы толькі да зімы, бо не было абутку. Пасля школы хлопец працаваў у калгасе, качагарам на цаліне, бібліятэкарам. Потым вывучыўся на зубнога ўрача, працаваў па спецыяльнасці і... адначасова вучыўся завочна на факультэце журналістыкі БДУ. З 1967 года працаваў у полацкай газеце “Сцяг камунізму”.

Мудрыя настаўнікі

“У маім станаўленні як літаратара сыгралі вялікую ролю празаікі Іван Шамякін, Іван Пташнікаў, Мікола Лобан, Алесь Асіпенка і многія іншыя, — расказвае суразмоўца. — Але самым мілым, самым дарагім настаўнікам быў, ёсць і будзе народны пісьменнік, незабыўны Янка Брыль. Жывучы ў Полацку, я адважыўся напісаць пісьмо і паслаць на суд класіку свае першыя творы. З 1973-га па 1980 год вялася наша перапіска. Іван Антонавіч заўсёды падрабязна рэцэнзаваў мае апавяданні, рабіў у іх праўкі, даваў карысныя і мудрыя парады. Я стаў актыўна друкавацца ў часопісах. У 1977 годзе ў калектыўным зборніку “Ад варот паварот” выйшла нізка маіх гумарэсак, а ў 1979-м — асобная кніга апавяданняў “Хачу табе шчасця”.

Памятае творца сустрэчу ў 1972 годзе на свяце кнігі ў Полацку яшчэ з адным класікам, Уладзімірам Караткевічам. Тады, у сямідзясятыя гады, Іван Стадольнік ужо сур’ёзна займаўся творчасцю. Шмат чытаў твораў сваіх калег-пісьменнікаў, друкаваў уласныя гумарэскі ў “Вожыку”, “сур’ёзныя” апавяданні ў літаратурных штотыднёвіках і тоўстых часопісах, вершы ў рэспубліканскіх газетах, на якія пісалі песні кампазітары Дзмітрый Лукас і Мікалай Пятрэнка.

У тыя гады цікавасць да літаратуры ў людзей была моцная — набіраў сілу кніжны бум. Добрая кніжка цанілася болей за дэфіцытную каўбасу. Асабліва цяжка было прыдбаць кнігі Караткевіча. Не адшукаўшы свежага выдання твораў Караткевіча на кніжным кірмашы, Іван Канстанцінавіч схапіў ёмісты даведнік пісьменнікаў БССР і з ім падышоў па аўтограф і асабістае знаёмства да мэтра. Уладзімір Сямёнавіч прыязна паставіўся да палачаніна і на старонцы са сваім партрэтам напісаў: “Ваню ад Валодзі. І Скарына пачынаў у Полацку”. Пазней была размова ў гасцініцы пра літаратуру, пра задумы і спадзяванні. А потым Караткевіч самалётам паляцеў дахаты. “Калі ў 1980 годзе я пераехаў у Мінск і быў рэдактарам аддзела літаратуры часопіса “Вожык”, мы сустракаліся з Уладзімірам Караткевічам даволі часта, але ўсё больш неяк мімалётам”, — узгадвае Іван Канстанцінавіч.

У розныя гады лёс зводзіў майго візаві з такімі знакавымі асобамі, як Васіль Быкаў, Іван Шамякін, Пятрусь Броўка, Кандрат Крапіва. “Першая мая сустрэча з Кандратам Кандратавічам адбылася незадоўга да яго 85-годдзя, у лютым 1981 года, — узгадвае Іван Стадольнік. — Тады я даведаўся, што ён напісаў ажно дванаццаць баек і хацеў, каб частка з іх была надрукавана ў “Вожыку”. Падчас асабістай размовы Крапіва выказаў шкадаванне, што “Вожык” стаў не надта калючы. Я апраўдваўся, што ёсць устаноўка зверху, каб крытыка была лагодная, памяркоўная, што друкуем нават так званыя станоўчыя фельетоны. Пісьменнік моўчкі высунуў шуфляду са стала і дастаў з яе папку з ладным стосам баек. Прачытаўшы, я выбраў дзве: “Генетычны код, або Асёл у палоску” і “Калі пара крычаць “ура”.

Беларускі менталітэт

“Галоўны прынцып маёй творчасці — найчыстая праўда”, — кажа Іван Стадольнік.

Дарэчы, у 1980 годзе гэтая праўдзівасць і цікавасць “варожай” радыёстанцыі “Голас Амерыкі” да творчасці Івана Канстанцінавіча ледзь не згубіла ўсю яго кар’еру. А ўсё праз тое, што за мяжой зрабілі каментарый на яго фельетон, у якім ён расказваў, як па-варварску спілавалі квітнеючы сад, здымак якога быў змешчаны ў беларускай энцыклапедыі.

Калегі, з якімі Іван Стадольнік працаваў з 1991 года ў часопісе “Тэатральная Беларусь”, кажуць пра яго добра. Паэт, дзеяч культуры Генадзь Пашкоў піша: “Ніводнага разу не бачыў Івана зласлівым. Заклапочаным назіраў, а зласлівым — не. Нехта пра яго так і сказаў: “Беларускі менталітэт”. Шчыра кажучы, такія ярлычкі не люблю. Менталітэт — не нашае слова. Ды і асацыяцыя: мента — прылада біць мух. А ён і гэтую надакучлівую пачварку не пакрыўдзіць. Ён усяму жывому спагадае дабра”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter