Аляксандр Лукашэнка падчас рабочага візіту ў Казахстан прыняў удзел у трохбаковай сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі, Казахстана і Расіі.

Ёсць што абмеркаваць, аб чым параіцца

Аляксандр Лукашэнка падчас рабочага візіту ў Казахстан прыняў удзел у трохбаковай сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі, Казахстана і Расіі. Кіраўнікі трох дзяржаў абмеркавалі існуючыя гандлёва-эканамічныя выклікі ў рабоце Еўразійскага эканамічнага саюза.



Спачатку, па прылёце ў Астану, Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з Прэзідэнтам Казахстана. Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што Беларусь і Казахстан наросцяць тэмпы гандлю. На гэта ён звярнуў увагу Нурсултана Назарбаева.

“У нашых двухбаковых адносінах, здаецца, усё не так дрэнна. Хоць запаволенне ёсць, і хацелася б, каб перш за ўсё гандаль развіваўся больш хуткімі тэмпамі. Але вядомыя падзеі звонку, абвал расійскага рубля амаль у два разы, вядома ж, паўплывалі на сітуацыю ўнутры Казахстана, унутры Беларусі”, — сказаў беларускі лідар. 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што летась шмат увагі было нададзена абмеркаванню праблем у ЕАЭС. Прэзідэнт Беларусі прапанаваў абмяняцца меркаваннямі адносна пашырэння саюза, далучэння да яго Арменіі ды Кыргызстана.

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу таксама на прэзідэнцкую перадвыбарную кампанію, якая праходзіць у Казахстане. “Вы ведаеце нашы адносіны да вас, ведаеце, што мы за вас вельмі перажываем, жадаем вам перамогі”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Нурсултан Назарбаеў у сваю чаргу лічыць, што ў тым, што ЕАЭС пачаў функцыянаваць з 1 студзеня 2015 года, ёсць вялікая заслуга Прэзідэнта Беларусі, які паскараў інтэграцыйныя працэсы.

Прэзідэнт Казахстана таксама звярнуў увагу на важнасць праве­дзенай у Мінску сустрэчы лідараў “нармандскай чацвёркі”. “Добра, што ў Мінску такая сустрэча адбылася, ваша роля ў гэтым вялікая, — сказаў Нурсултан Назарбаеў. — Як бы там ні было, але вайна спынілася. Вялікая вайна, кровапраліцце”. “Нікому не патрэбна і нам не на карысць гэтая канфрантацыя ўнутры”, — дадаў ён. 
Гаворачы пра двухбаковыя адносіны Беларусі і Казахстана, Нурсултан Назарбаеў адзначыў, што тавараабарот паміж дзвюма краінамі не знізіўся. Працуе вялікая колькасць сумесных прадпрыемстваў, дзясяткі зборачных прадпрыемстваў Беларусі ў Казахстане. “Гэтую работу мы бу­дзем прадаўжаць”, — сказаў Прэзідэнт Казахстана.

На наступны дзень падчас трохбаковай сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі, Казахстана і Расіі кіраўнікі трох дзяржаў абмеркавалі існуючыя гандлёва-эканамічныя выклікі ў рабоце Еўразійскага эканамічнага саюза, а таксама некаторыя міжнародныя пытанні.

“Напярэдадні 70-годдзя Перамогі зразумела, што мы павінны быць разам. Вельмі ўжо шмат выклікаў, дайшло ўжо да гісторыі, у тым ліку са спробай нават не перапісаць, а пе­ракрэсліць нашу агульную гісторыю, таму і эканамічна, і палітычна мы павінны напярэдадні 70-годдзя Перамогі прадэманстраваць сваё адзінства”, — сказаў на сустрэчы Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што кожны год даводзіцца рэагаваць на новыя выклікі. На яго думку, час пацвярджае, што Еўразійскі эканамічны саюз быў створаны своечасова. 
Пры гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што не трэба забываць і пра іншых членаў саюза, якім павінны быць прапанаваныя варыянты развіцця падзей на перспектыву. 

Пазней, пасля завяршэння трохбаковай сустрэчы, Аляксандр Лукашэнка паведаміў журналістам, што прэзідэнты Беларусі, Казахстана і Расіі дамовіліся сустрэцца 8 мая ў Маскве. Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць тыя пытанні, якія былі ўзнятыя ў Астане і па якіх да гэтага часу ўрады краін ЕАЭС прымуць канкрэтныя рашэнні.

Варта адзначыць, што ў сталіцы Казахстана лідары трох краін падрабязна абмеркавалі напрамкі супрацоўніцтва і меры, якія павінны рэалізаваць у гандлёвай, грашова-крэдытнай ды іншых сферах з тым, каб максімальна задзейнічаць сумесныя рэсурсы для ўстойлівага ўзаемавыгаднага развіцця.
Прэзідэнт Беларусі з задавальненнем адзначыў, што віцэ-прэм’еры трох краін напярэдадні правялі плённыя сустрэчы, разлічаныя на зняцце праблем, якія існуюць у адносінах паміж дзяржавамі. Акрамя таго, на  двухбаковых перагаворах прэзідэнтаў Беларусі і Казахстана, Расіі і Казахстана таксама абмеркаваны ўвесь комплекс праблемных пытанняў.

Як лічыць Аляксандр Лукашэнка,  на трохбаковай сустрэчы кіраўнікі дзяржаў не пакінулі без увагі існую­чыя праблемы, у тым ліку эканамічныя. У 2014 і пачатку 2015 года адзначаецца зніжэнне тавараабароту. “Гэта нядобрая тэндэнцыя, хоць мы бачым прычыны, — сказаў беларускі лідар. — Мы абмяркоўвалі гэтыя праблемы і вызначалі шляхі выхаду з гэтай сітуацыі. Ёсць складаныя пытанні, якія трэба вырашаць, але ёсць і простая формула для таго, каб тавараабарот унутры саюза рос — трэба гандляваць уласнымі таварамі”.

У ЕАЭС плануецца прыняць у 2015 годзе больш за сто важных дакументаў. Гаворка ідзе, у прыватнасці, аб прыняцці новага Мытнага кодэкса, канцэпцыі фарміравання агульных рынкаў электраэнергіі, газу, нафты і нафтапрадуктаў, а таксама міжнародных дагавораў, якія рэгулююць узаемадзеянне ў валютна-фінансавай і сацыяльна-эканамічнай сферах.

Кіраўнікі дзяржаў дамовіліся развіваць гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва, даручыўшы ўрадам прапрацаваць пытанні, якія садзейнічаюць аднаўленню росту аб’ёмаў гандлю. 
На сустрэчы былі таксама разгледжаныя пытанні адносна ўступлення ў Еўразійскі эканамічны саюз новых членаў. “Мы адназначна пацвердзілі сваё жаданне, каб тыя, хто ўступае ў наш саюз, прытрымліваліся тых класічных прынцыпаў, што былі выпрацаваныя з самага пачатку трыма краінамі. Нам дарагога каштавала фарміраванне гэтага саюза, таму новыя члены ўсё ж такі павінны прытрымлівацца тых прынцыпаў, якія намі выпрацаваныя”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Лідары трох краін не пакінулі без увагі і актуальныя пытанні палітычнага парадку дня, абмеркавалі ход працэсу ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне, шэраг іншых праблем. “Вынікам нашай сустрэчы стала супадзенне пазіцый практычна па ўсіх напрамках далейшага ўзаемадзеяння”, — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Кіраўнікі дзяржаў таксама прынялі рашэнне прадаўжаць практыку такіх нефармальных сустрэч, каб абмяркоўваць і прымаць аператыўныя рашэнні па рэагаванні на ўзнікаючыя крызісныя з’явы.
Прэзідэнты Беларусі, Казахстана і Расіі наведалі бібліятэку першага Прэзідэнта Казахстана. Кіраўнікі дзяржаў пагутарылі з юнымі наведвальнікамі бібліятэкі. Аляксандру Лукашэнку і Уладзіміру Пуціну былі ўручаныя электронныя чытацкія білеты.

Васіль Харытонаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter