Беларуска-амерыканскія сувязі ў галіне навукі будуць больш цеснымі

Ёсць інтарэс

Беларуска-амерыканскія сувязі ў галіне навукі будуць больш цеснымі. Імпульс працэсу павінен надаць першы сумесны семінар па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве, які праходзіў у НАН Беларусі.

Прадстаўнікі навуковых колаў ЗША ўжо ў трэці раз за апошні час наведвалі нашу краіну, і для гэтага візіту былі пазначаныя канкрэтныя мэты: вызначыць напрамкі сумеснай работы, наладзіць механізмы супрацоўніцтва, завязаць асабістыя сувязі паміж навукоўцамі.

У 2013 годзе ў нас вялося 8 сумесных з амерыканцамі праектаў, у 2014-м — 5, аднак патэнцыял тут значна большы. Старшыня прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў гаворыць, што для абодвух бакоў цікавыя лазерная фізіка і матэрыялазнаўства, перапрацоўка адходаў і біятэхналогіі, хімічны сінтэз і распрацоўка фармпрэпаратаў. Да прыкладу, старшы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнай асацыяцыі кіраўнікоў каледжаў і ўніверсітэтаў ЗША Мэцью Хэміл упершыню пабываў у Беларусі летась і быў уражаны ўзроўнем нашых распрацовак у галіне лазерных тэхналогій, сферы яго прафесійных інтарэсаў. У складзе амерыканскай дэлегацыі гэтым разам былі спецыялісты ў сельскай гаспадарцы ды інфармацыйных тэхналогіях у медыцыне — гэтыя напрамкі таксама вельмі перспектыўныя для супрацоўніцтва. Дарэчы, замежных гасцей сустракала выстава Акадэміі навук, дзе паказаны самыя значныя работы нашых навукоўцаў у галіне машынабудавання, касмічных, лазерных тэхналогій, новых матэрыялаў... Асаблівую цікавасць выклікалі навацыі Інстытута мікрабіялогіі — біяпрэпараты для прамысловай жывёлагадоўлі, якія могуць быць добрай альтэрнатывай антыбіётыкам і гармонам, а таксама работа Рэспубліканскага навукова-медыцынскага цэнтра “Клетачныя тэхналогіі” на базе Інстытута біяфізікі ды клетачнай інжынерыі.

Вольга Гаварухіна
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter