Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Сярод удзельнікаў ІІІ Фэсту мастацтваў беларусаў свету было шмат моладзевых і дзіцячых калектываў

Ёсць надзея, бо фэст маладзее

Памятаю, тры гады таму, калі праходзіў другі Фэст, артысты з моладзевага ансамбля беларускай песні “Надзея” з казахстанскага Паўладара жартавалі: “Мы тут самыя маладыя”. Былі, праўда, іх аднагодкі з танцавальнага гурта “Чайка” з Аргенціны, маладыя спявачкі з Кыргызстана і Новасібірска Юлія Руцкая і Анастасія Дзяменцьева. Але неяк губляліся маладыя таленты сярод выступоўцаў больш сталага ўзросту.

Беларусы замежжа прыгожа павіншавалі Мінск з юбілеем  
Фота Кацярыны Мядзведскай

Маладзеем! І расцём

Сёлета моладзі на Фэсце было значна болей. З украінскай Палтавы прыехаў спявак Глеб Кудрашоў, з Люксембурга — піяністка Таццяна Зяленка і цымбалістка Таццяна Ялецкая, з Вялікабрытаніі — кампазітар і піяністка Вольга Сцяжко. Парадавала гледачоў трыа музыкаў-віртуозаў Арцёма Шышкова, артысты якога з трох розных краін — Германіі, Бельгіі ды Францыі. Разам з дарослымі спявалі народныя песні дзеці з гурта “Родныя карані” з Ерэвана. З Ізраіля прыехаў дзіцячы гурт “Кветкі Ашдода”, яго артыст Наіль Чарткоў казаў: выступаць у Беларусі яму спадабалася. Тлумачыў: “Людзей столькі прыехала з усяго свету! Здорава выступілі гурты з Францыі, Італіі, Казахстана... З радасцю прыеду на наступны Фэст мастацтваў!”. Дарэчы, 8 верасня, у дзень адкрыцця Фэсту, Наілю споўнілася 10 гадоў. З днём нараджэння хлопчыка віншавалі ўсе ўдзельнікі свята. А ў якасці падарунка ён паплаваў з дэльфінамі ў Мінскім дэльфінарыі “Нэма”. “Крута, што маё асабістае свята супала з Днём горада Мінска! — радуецца Наіль. — Раю ўсім адзначаць свой дзень нараджэння ў Беларусі!”

У канцэртах Фэсту выступілі Юлія Руцкая, ужо заслужаная артыстка Кыргызстана, і Анастасія Дзяменцьева — яна цяпер кіруе Новасібірскім цэнтрам беларускай культуры. А згаданы ўжо гурт “Надзея” з Казахстана прыбыў амаль цалкам у новым складзе. Вось табе й моладзь...   Уражвалі прафесіяналізм, артыстызм удзельнікаў Фэсту. Гучныя апладысменты гледачоў адрасаваліся літаральна ўсім выступоўцам. Не хацелі адпускаць са сцэны беларускі хор “Спадчына” з італьянскага Неапаля, ансамблі “Славянская душа” з Францыі, “Світанак” з польскага Беластока... Бліскуча выступілі ансамбль беларускай песні “Надзея” з Латвіі, “Світанак” з літоўскага Вісагінаса, гурты з Яраслаўля, Калінінградскай і Цюменьскай абласцей Расіі. Незабыўныя ўражанні пакінулі выступленні мужчынскага гурта “Рэтра-хіт” з Санкт-Пецярбурга, трыа “Спадкі” з Эстоніі, спевака Пятра Жаркова са ЗША.

Як мне падалося, вылучаўся гэты Фэст і сваёй дынамікай. Праходзіла ўсё так зладжана, што, здавалася, было адрэпетавана загадзя: канцэрт за канцэртам, сустрэча за сустрэчай.

У Купалавым доме

Прымалі гасцей і ў Купалавым доме. У Літаратурным музеі Янкі Купалы прайшла сустрэча літаратараў беларускага замежжа з пісьменнікамі Беларусі. Чыталі вершы ды ўрыўкі са сваіх твораў вядомы паэт з Латвіі, аўтар гімна беларусаў свету “Беларускі дом” Станіслаў Валодзька, пісьменнікі з Польшчы, удзельнікі літаб’яднання “Белавежа” Міра Лукша, Юры Баена, Кацярына Сянкевіч ды іншыя. 

Рэй на сустрэчы вяла намесніца старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах. Расказала пра адну з апошніх ініцыятыў арганізацыі: перадачу кніг беларускіх аўтараў у Нальчык, у Кабардзіна-Балкарскі ўніверсітэт — цяпер там на кафедры філалогіі студэнты пачалі вывучаць беларускую мову. Намесніца галоўрэда часопіса “Полымя” Юлія Алейчанка запрасіла літаратараў да ўдзелу ў праектах інфармацыйнага холдынгу “Звязда” — “Сугучча”, “Літаратурная крытыка”, іншых. А дырэктар міжнароднага радыё “Беларусь” Навум Гальпяровіч паведаміў гасцям пра пачатак новай акцыі для супляменнікаў “Гукае ласкай родны край”. Цяпер слухачы радыё “Беларусь” з розных краін, хто мае беларускія карані, могуць перадаць анлайн-прывітанне сваёй малой радзіме. “Гэта можа быць здымак з месца, дзе чалавек жыве цяпер, ці фота з сямейнага архіва, з дзецьмі-ўнукамі, бацькамі, сябрамі, — казаў Навум Гальпяровіч. — Перадаць прывітанне можна ў выглядзе сэлфі або відэа, далучыць лісты ці ўспаміны. Фота змесцяць на сайце радыё “Беларусь”... Будуць і прызы”. На ўсе рукі майстры

На Фэсце сустрэліся даўнія сябры з Казахстана і Новасібірска
Фота Кацярыны Мядзведскай

Фэст збірае розныя таленты. У Белдзяржфілармоніі разгарнулася выстава твораў дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва беларусаў замежжа. Чатыры фотапрацы з экспазіцыі “Родныя сялібы” прадставіла кіраўніца суполкі Беларускі культурны рух Малдовы Ганна Мазур. Пра кожны свой здымак, фотапартрэт актывістаў беларускіх суполак з розных краін расказваў Віктар Байкачоў з Нарвы. Напрыклад, карэспандэнтку газеты “Прамень” з Латвіі Іну Олесаву ён сфатаграфаваў пад час творчай стажыроўкі для кіраўнікоў аматарскіх калектываў беларускіх арганізацый за мяжой. А здымкі кіраўніцы асацыяцыі “Bellarus” з Неапаля Таццяны Пумпулевай, Ганаровага консула Беларусі ў Клайпедзе, старшыні суполкі “Крыніца” Мікалая Логвіна, саліста гурта “Світанак” з Вісагінаса Сяргея Шабадалава зроблены сёлета: на сустрэчы членаў Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа ў Празе. 

Былі на выставе й самаробныя строі з розных рэгіёнаў Беларусі майстрыхі Таццяны Івашынай з Даніі, лялькі ў нацыянальных касцюмах Літвы народнага майстра Галіны Харбедзіі з Вісагінаса ды шмат чаго іншага. Свае ювелірныя вырабы прывёз з Ялты мастак Пётр Якубук. Партрэт Якуба Коласа з расійскага Яраслаўля прывезла мастачка Яніна Піотух, карціна была падорана Коласаўскаму музею.

На адкрыцці выставы дырэктарка Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Антоненка казала: куды б ні адпраўлялі запрашэнні майстрам да ўдзелу — адусюль з імпэтам адклікаліся.

Натхняе малая радзіма 

Выступалі ўдзельнікі фэсту й на сцэнічнай пляцоўцы каля Мінскай гарадской Ратушы. Менавіта ў Дзень горада, 9 верасня, канцэрт “Беларусы замежжа віншуюць сталіцу” стаў падарункам Мінску да яго 950-годдзя. Бачыла: мінчанам падабалася. Яны й падпявалі артыстам, танцавалі. Шмат ахвотных было сфатаграфавацца з выступоўцамі, бо тыя ж у строях, з інструментамі: каларытна!

Самі ж госці былі ў захапленні ад сустрэчы з горадам: святочная, дружалюбная і вельмі ўтульная атмасфера, знаёмства з новымі сябрамі... Кіраўнік ансамбля “Славянская душа” з Францыі Аляксандр Меркуль казаў: “Мы й не чакалі, што атрымаецца такое вялікае свята. Рады сустрэчы з Мінскам: ён такі прыгожы, сонечны сёння. І так шмат людзей на вуліцах. Пазнаёміліся з беларусамі з многіх краін, ужо дамаўляемся, хто да каго першы ў госці прыедзе. Такія сустрэчы неабходныя — каб ведаць, хто мы ёсць у свеце”.

А 10 верасня ўсе выканаўцы й творчыя калектывы беларусаў замежжа раз’ехаліся па рэгіёнах. Прымалі гасцей на Брэстчыне, Гомельшчыне, Гродзеншчыне, Віцебшчыне, Магілёўшчыне. Беларускі хор “Спадчына” з Неапаля патрапіў у Жыткавіцкі раён Гомельшчыны. І там, казала кіраўніца асацыяцыі “Bellarus” Таццяна Пумпулева, пачуцці-эмоцыі амаль што ракой цяклі. Кіраўніцтва раёна, зразумела, сустракала хлебам-соллю, артысты ж дарылі песні-танцы. Былі й экскурсіі па мясцовым прадпрыемстве, у старажытны горад Тураў... А пасля — канцэрт у Жыткавічах. Хор прывёз вялікую праграму: спявалі “Купалінку”, “Гаворка беларуская”, “Хлеб ды соль”. Кіраўніца калектыву італьянка Роза Мантана па-беларуску выканала песню “Бор” на словы Якуба Коласа. Кампазіцыя Таццяны Ляусік і Алы Усачовай “Край мой” пра пачуцці тых, хто знаходзіцца далёка ад Радзімы, да слёз расчуліла гледачоў. Апошняй песняй-падарункам жыткаўчанам стала вядомая італьянская песня “Фінікулі-фінікула”.

Таццяна Пумпулева пасля фэсту затрымалася ў Беларусі. Наведала родных у Гомелі: там у яе жывуць маці ды чатыры пляменнікі з сем’ямі. З родным братам сустрэлася ў Жыткавічах: ён прыйшоў на канцэрт у мясцовым Доме культуры з арыгніальным падарункам: закатанымі баравічкамі. “Роднае паветра дапамагае, — прызнавалася мне па тэлефоне Таццяна. — Я ўжо дамовілася з дырэктарам Гомельскага дзіцячага тэатра лялек аб прыездзе да нас на гастролі ў Неапаль трупы акцёраў. Яны прывязуць навагодні спектакль для дзяцей з Дзедам Марозам і Снягуркай, лялечную пастаноўку. Таццяна таксама лічыць, што Фэст мастацтваў беларусаў свету — вельмі важны: “Адкрываюцца новыя абшары, з’яўляецца шмат ідэй для працы, а родная зямля дае сілы і натхненне для іх ажыццяўлення”.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 36 (3540), чацвер, 21 верасня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter