8 февраля исполнилось 100 лет со дня рождения полесского песняра и фронтовика Ивана Мележа

Ёсць на Палессі Глінішча

Асколкам бомбы на вайне Івану Мележу раздрабіла плячо, руку патрабавалася ампутаваць, але знайшоўся хірург, які ратаваў яе, а выратаваў, як потым стане вядома, легендарнага пісьменніка

Гэты факт стаў нібыта лёсавызначальным, для таго каб сын непаўторнага Палесся гэтай самай рукой напісаў багата геніяльных твораў, якія ў свой час былі прыхільна сустрэты айчыннымі і многімі крытыкамі былога Савецкага Саюза, перакладзены на розныя мовы народаў свету. Асаблівым поспехам карысталіся раманы з «Палескай хронікі» — «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі, снежань». Патрэба ў такіх творах вечная. Да 100-годдзя нашага класіка ў адным з буйнейшых беларускіх выдавецтваў «Мастацкая літаратура» выйшла кніга «Іван Мележ. Пясняр Палесся», укладальнікам і адным з аўтараў якой стаў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Мікола Мятліцкі. Мы пагутарылі з Міколам Міхайлавічам пра змест навінкі, а таксама пра ролю вялікага песняра ў яго лёсе. У далёкім 1973 годзе яму выпала сустрэцца з Іванам Паўлавічам, які даў маладому літаратару глыбокі і сур’ёзны наказ. Вось як пра гэта распавядае сам Мікола Мятліцкі:

–У СТУДЭНЦТВЕ, калі вучыўся на філфаку Белдзяржуніверсітэта, напісаў паэму «Зялёны гай», прысвечаную лёсу хойніцкай вёскі, якую нямецкія карнікі спалілі разам з людзьмі, не адрадзілася яна і з часам. Прынёс гэты твор у Саюз пісьменнікаў Беларусі кансультанту Анатолю Вярцінскаму, Іван Паўлавіч тады працаваў намеснікам старшыні Саюза. Вярцінскі, улічваючы, што з Мележам мы землякі, пазнаёміў нас. Пагаварылі пра родную Хойніччыну, і Іван Паўлавіч даў мне грунтоўны наказ — сур’ёзна працаваць у яго літаратуры. Што, як мне здаецца, удалося выканаць. Памяці класіка і ў знак нашай агульнай прыналежнасці да хойніцкай зямлі з удзячнасцю стаў укладальнікам і адным з аўтараў кнігі да яго стагоддзя.


Ілюстравана выданне многімі фотаздымкамі, сярод якіх ёсць раней неўжываныя. Іх з вялікім клопатам падрыхтавала малодшая дачка Івана Мележа Ларыса Іванаўна, якая ў свой час працавала ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» мастацкім рэдактарам. На Міжнароднай кніжнай выставе — пройдзе ў Мінску з 18 па 21 лютага — запланавана чарговая прэзентацыя зборніка, які таксама можна набыць. Ён з серыі «ЖЗЛ», аналаг якой выходзіць у Маскве. Толькі айчынная серыя расказвае пра беларусаў, якія сталі годнасцю нашай нацыі, — Якуба Коласа, Кузьму Чорнага, Івана Шамякіна, Максіма Танка, а цяпер і пра незабыўнага Івана Мележа, які пакінуў гэты свет даўнавата, у далёкім 1976-м, але яго творы, як пацвердзіў час, праз сваю мастацкую вартасць папулярныя і зараз. 

— Працуючы галоўным рэдактарам часопіса «Полымя», бачыў перспектыву гэтай кнігі, друкаваў матэрыялы да юбілеяў Івана Паўлавіча. З даўняй пары быў знаёмы з яго сям’ёй, ведаў асабіста яго ўдаву Лідзію Якаўлеўну Пятрову і, памятаю, у 1990-х папрасіў яе напісаць успаміны пра мужа. Яны і сталі пачаткам новай кнігі, якая днямі выйшла ў свет. Да працы Лідзія Якаўлеўна паставілася сур’ёзна, перадала мне рукапіс на захаванне, які некалі публікаваўся ў часопісе «Нёман». Там расказваецца пра першыя сур’ёзныя літаратурныя крокі Мележа, пра жыццё ў Бугуруслане (Расія), куды лёс яго закінуў пасля ранення. Менавіта там ажаніўся, нарадзілася дачка Людміла, потым сям’я пераехала на Сходню пад Маскву, дзе Мележ паступіў на працу і вучобу ў БДУ, які на той час там размяшчаўся, — разбірае біяграфічныя факты Мікола Мятліцкі.

Таксама ў «Песняры Палесся» гаворка з дзвюма дочкамі Івана Паўлавіча — Людмілай Іванаўнай, якая ў сваіх нататках расказала пра кватэры, што сям’я займала ў Мінску, пра свае знаёмствы з пісьменнікамі, паездкі з татам на Палессе. Цёпла прыгадала жонку Кузьмы Чорнага Равеку Ізраілеўну. Другая дачка Ларыса Іванаўна — вядомая мастачка, якая расказала ў тым ліку пра апошнюю паездку ў Крым у 1976 годзе, адкуль тата вярнуўся пакутна хворым.

– ЁСЦЬ у кнізе слова стрыечнага брата Ільі Дзмітрыевіча Мележа, гэта мой настаўнік і кумір, вайсковец, якога жыццё кідала па розных рэгіёнах былога Савецкага Саюза. Ён сябраваў з Іванам Паўлавічам, часта размаўлялі на ваенныя тэмы, невыпадкова класік стварыў раман «Мінскі напрамак». Таксама трымае слова родная сястра Мележа Тамара Аляхновіч, яго аднакласнік Пятро Чарняк — былы сакратар Мазырскага гаркама партыі. Ёсць успаміны Барыса Сачанкі, які сябраваў з Іванам Паўлавічам і быў першым чытачом яго рамана «Людзі на балоце» ў рэдакцыі часопіса «Полымя». Потым з гэтым раманам з вялікім захапленнем пазнаёміўся загадчык аддзела прозы гэтага часопіса Ян Скрыган і адрасаваў Мележу ўсхваляванае пісьмо, — заўважае Мікола Мятліцкі.

У эпіцэнтры першага раздзела кнігі «Ёсць на Палессі Курані» — вёска Каранёўка, дзе жылі дзяды Мележа па маці. Напрамую праз славута апісаную грэблю ён часта бегаў з роднага Глінішча да дзеда Дзяніса. Вайной, як расказвала малодшая сястра класіка Любоў Паўлаўна, калі гарэла хата, той жа дарогай сям’я ўцякала ў Каранёўку, дзе ўратаваліся. І ўжо пасля ліхалецця на папялішчы разам з бацькам Іван Паўлавіч, пішучы сваю аповесць «Гарачы жнівень», дапамагаў ставіць новую хату, якая і зараз на вуліцы Глінішча, непадалёку ад могілак, дзе пахаваны тата і маці класіка.

— Гомельская журналістка Тамара Кручэнка, літаратуразнаўца Серафім Андраюк, наведаўшы мележаўскія мясціны, напісалі для «Песняра Палесся» нататкі пра радню, музей, творчасць. Такім чынам, першы раздзел напісаны і самімі родзічамі, і людзьмі, хто ведаў Івана Паўлавіча з маленства, на адной зямлі нарадзіўся ці пабываў там аддаць даніну павагі краю, які выправіў у свет славутага песняра, — гартае кнігу ўкладальнік.

У раздзеле «Пуцявінамі лёсу» выступаюць калегі па пяры і паплечнікі Мележа, хто прайшоў з ім поруч творчымі шляхамі, пачынаючы з Міколы Лобана, які быў у яго аднакурснікам па Сходні. Таксама гэта Алена Васілевіч, Васіль Вітка, Янка Брыль, Генадзь Бураўкін, Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, Уладзімір Ліпскі, Іван Шамякін… Заключны раздзел з назвай, якая цалкам характарызуе творчасць Мележа, — «Раман — гэта народ». «Палеская хроніка» якраз пацвярджае гэтую ісціну.

— Тут спадчыну Мележа ацэньваюць сур’ёзныя крытыкі. Прыемна, што побач са старэйшымі — Алесем Адамовічам, Дзмітрыем Бугаёвым, Генадзем Шупенькам — сваё слова сказалі мала­дзейшыя — Таццяна Шамякіна, Алесь Карлюкевіч, але бадай самы малады аўтар — Ігар Аўласенка, які напісаў свой артыкул з пачцівасцю, гістарызмам, пранікнёна, — цешыцца Мікола Мятліцкі.

Знявечаны вайной, Іван Паўлавіч знайшоў у сабе сілы ўзнесці нашу Айчыну на самыя высокія вяршыні прыгожага пісьменства.

КНІГА хоць і важкая па аб’ёме, туды не змясцілася багата матэрыялаў, напрыклад вершаваныя прысвячэнні. Аднак гэта першае выданне, і ёсць спадзяванне, што выйдзе дапоўненае. Падмурак, які заклалі класікі, вымагае больш сур’ёзнага стаўлення да літаратуры. Значыць, самае каштоўнае ствараецца не толькі на мяжы самаўяўлення, а з вялікім клопатам пра народ, рух гісторыі, пра самае адметнае ў лёсе лю­дзей. Крытыкі не памыляюцца: мележаўскія творы пройдуць і праз сучаснае стагоддзе, будуць чытацца нашымі суайчыннікамі і людзьмі іншых народаў з вялікім душэўным хваляваннем, бо напісаны з любоўю да роднай зямлі, з глыбінёй характараў, духоўнай прыгажосцю. 

— Таму ўвага да такой літаратуры будзе нязменная, а новая кніга яшчэ раз нагадае маладзейшым, каму не выпала сустрэцца з класікам, пра ягоную прысутнасць у нашай духоўнасці. Думаю, гэта даніна пашаны і самаму песняру, і таму краю, які яго нарадзіў. Многія вядомыя творцы аб’ядналіся ў сваёй рупнасці звярнуць увагу на мужны гераічны літаратурны шлях. Знявечаны вайной, Іван Паўлавіч знайшоў у сабе сілы ўзнесці нашу Айчыну на самыя высокія вяршыні прыгожага пісьменства. З зямляцкай удзячнасцю, азіраючыся ў далёкую і глыбокую памяць, магу сур’ёзна адказаць: «Іван Паўлавіч, у тым ліку гэтай кнігай я пастараўся выканаць ваша даручэнне — працаваць у літаратуры сур’ёзна», — заключае Мікола Мятліцкі.

basikirskaya@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter