Ёсць хлеб, будзе і песня

10 ВЕРАСНЯ Бяроза прымае гасцей абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2011». Да святочнай падзеі райцэнтр заўважна папрыгажэў. Мясцовыя хлебаробы таксама пастараліся. Яны намалацілі звыш 61 тысячы тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 34,7 цэнтнера з гектара.

Сёння ў Бярозе ўшаноўваюць лепшых хлебаробаў Брэстчыны.

10 ВЕРАСНЯ Бяроза прымае гасцей абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2011». Да святочнай падзеі райцэнтр заўважна папрыгажэў. Мясцовыя хлебаробы таксама пастараліся. Яны намалацілі звыш 61 тысячы тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 34,7 цэнтнера з гектара.

— Сёлета хлебны каравай крыху большы, чым летась, — расказаў «БН» першы намеснік старшыні Бярозаўскага райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Міхаіл Крэйдзіч. — Шчодра збожжа ўрадзіла ў СВК «Спорава», СВК «Аграфірма «Малеч», КУВП «Пескаўскае» і іншых гаспадарках, дзе на круг намалочвалі па 37—40 цэнтнераў зерня.

У цэлым у гаспадарках Брэсцкай вобласці атрымалі звыш 1 мільёна 71 тысячы тон збожжа. Баранавіцкі раён па намалоту перавысіў 100 тысяч тон, тут і ўраджайнасць адна з самых высокіх — 38,5 цэнтнера з гектара. У Брэсцкім раёне на круг атрымалі па 39 цэнтнераў збожжа, гэта найлепшы паказчык у вобласці.

Пераможцаў жніва будуць ушаноўваць на святочна ўбранай плошчы Леніна. Тут адбудзецца ўрачыстае шэсце герояў жніва, канцэрт лепшых калектываў мастацкай самадзейнасці Брэстчыны і сольных выканаўцаў. Брэсцкі абласны тэатр драмы рыхтуе вулічнае прадстаўленне, а на выставе-продажы вырабаў народных майстроў арганізатары абяцаюць шмат цікавых сюрпрызаў. Будзе працаваць гандаль. Свае тавары са скідкамі пакупнікам прапануюць арганізацыі і прадпрыемствы з Брэста, Пінска і 10 раёнаў вобласці. Гандлёвыя рады расцягнуцца на паўтара кіламетра.

Аляксандр КУРЭЦ, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter