«Ён заўсёды настроены на навізну...»

Бабруйскія матрацы ведаюць і ў Маскве, і ў Санкт-Пецярбурзе

Дырэктар бабруйскай вытворчай фірмы «БАРРО» Васіль Баранчук адзначаны спецыяльнай прэміяй Магілёўскага аблвыканкама «Чалавек года-2012»

Хто ведае Баранчука, той без ваганняў скажа: «Заслужана!» Прадукцыя яго прадпрыемства — матрацы, спружынныя блокі, наматрацнікі, ложкі...

А пачыналі з невялікага станка па навіванні спружын. Потым кожны год прыбаўлялі абсталяваннем, умацоўваліся кадрамі. Закупілі некалькі пустуючых памяшканняў для арганізацыі вытворчасці, летась — яшчэ адно агульнай плошчай больш за тысячу квадратных метраў.

Сёння прадпрыемства мае сетку фірменных магазінаў у Магілёве, Баранавічах, Рэчыцы, Светлагорску, Оршы і іншых гарадах рэспублікі, рэгіянальныя гандлёвыя прадстаўніцтвы ў Маскве і Санкт-Пецярбургу. 70 працэнтаў прадукцыі рэалізуецца на ўнутраным рынку, 30 — на знешнім. Доля экспарту, як тут лічаць, будзе павялічвацца, таму што адбываецца актыўны выхад на расійскі рынак.

Баранчук заўсёды настроены на навізну. Падсцёбвае сябе і работнікаў, колькасць якіх падбіраецца пад паўтысячы.

Адна з важных умоў пастаяннага руху наперад, як лічыць Васіль Анатольевіч, — мадэрнізацыя вытворчасці. У мінулым годзе былі закуплены лінія па вырабе блокаў незалежных спружын і станок па зборцы спружынных блокаў. Цяпер ідуць перамовы аб набыцці сучаснай лініі па вырабе матрацаў, у перспектыве — станка для шыцця і раскрою тканіны...

Калі на «БАРРО» кажуць пра мадэрнізацыю, не забываюць узгадаць яшчэ вось пра што. Пры ўваходзе на прадпрыемства ўстаноўлены паклонны крыж. Дырэктар падумвае, каб пабудаваць на тэрыторыі маленькую цэркаўку.

У многім дзякуючы Васілю Анатольевічу працуе філіял гарадской гімназіі з праваслаўным ухілам, які наведваюць больш за сто хлопчыкаў і дзяўчынак. Дзе трэба падставіць плячо, аказаць матэрыяльную дапамогу — Баранчук там. Яшчэ адзін храм, праект якога ўжо падрыхтаваны, Васіль Анатольевіч хоча пабудаваць у сваёй роднай вёсцы Слюдзякі, што на Быхаўшчыне.

Баранчук дапамагае і духоўным установам, і ўстановам культуры, грамадскім фарміраванням, спартыўным клубам — усім, хто ў гэтым мае патрэбу. Не ўсе ведаюць, што менавіта Васіль Анатольевіч вярнуў да жыцця рукапіс камандзіра разведатрада «Сямёрка» Рыгора Варожышчава, што дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Быхаўскага раёна, выдаўшы пра гэта кнігу.

На здымку: Васіль БАРАНЧУК.

Фота: Аляксандр АНТАШКЕВІЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter