Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Для ўраджэнца Малдовы, ваеннага медыка Георге Пушкаша Беларусь стала другою радзімай — і крыніцай паэтычнага натхнення

Ён з музай крочыць па жыцці

У Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур сваю новую, ужо трэцюю кнігу вершаў пад назвай “С пером и скальпелем по жизни” презентаваў Георге Пушкаш. Павіншаваць з важнай падзеяй палкоўніка медслужбы ў адстаўцы, таленавітага ўрача-ўролага, паэта і артыста малдаўскага ансамбля “Плай” прыйшлі яго родныя і блізкія, калегі па працы, прадстаўнікі Амбасады Малдовы на чале з Амбасадарам Георге Хіаарэ, многія прадстаўнікі малдаўскай дыяспары. А Георге, крануты ўвагаю да сваёй асобы, апавядаў пра сябе, чытаў вершы з новай кнігі. З выхадам яе ў свет паэта віншавалі яго жонка Людміла Міхайлаўна, сын Багдан, намесніца старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, а таксама калегі па працы, супляменнік і таксама паэт з вёскі Баравікі, што на Дзяржыншчыне, Васіль Семянюк ды іншыя прадстаўнікі малдаўскай дыяспары. Цёплыя, душэўныя словы ў адрас цёзкі казаў Амбасадар Малдовы Георге Хіаарэ, ушанаваў таленавітага супляменніка Ганаровай граматай. І шмат прыгожых малдаўскіх песень гучала на імпрэзе: іх выконвала вядучая, старшыня суполкі “Таварыства малдаван” Антаніна Валько.

Г. Пушкаша (справа) віншуе Пасол Малдовы Г. Хіаарэ
Фота: Лявон Целеш

Георге Пушкаш нарадзіўся 6 мая 1946 года ў Малдове, у вёсцы Старыя Фундуры Гладзянскага раёна. Знаёмства з літаратурай пачалося ў яго ў дзяцінстве з вершаў Аляксандра Пушкіна, ды адразу ж узнікла і любоў да паэтычнага слова. І было тое ў далёкім Заураллі, у сяле Долгаўка Курганскай вобласці: туды высланы былі ягоныя бацькі, уся сям’я ў 1949 годзе. Пазней хлопец закончыў сярэднюю школу ў горадзе Бельцы, пасля — Кішынёўскі медінстытут, і 23 гады адслужыў ваенным медыкам, пайшоў у адстаўку ў званні палкоўніка. Ды і сёння Георге працуе ўролагам у ваеннай паліклініцы. А ў вольны час ён — артыст малдаўскага народнага ансамбля “Плай”, які сваім майстэрствам заваяваў сэрцы гледачоў многіх гарадоў і вёсак Беларусі.

Яшчэ адна вялікая любоў Георге Пушкаша — паэзія. У чарговым паэтычным зборніку галоўнай тэмай вершаў ён называе “Яе вялікасць любоў”. Натхнёныя радкі паэт прысвяціў родным і блізкім, роднай Малдове, калегам па працы. Асабліва цёплыя вершы прысвечаны сябрам па малдаўскай дыяспары ў Мінску.

Беларусь для паэта стала другою радзімай, крыніцай паэтычнага натхнення, таму ў вершах ёсць і замілаванне яе прыродай, і цёплыя згадкі пра сустрэчы з вядомымі людзьмі. Па ўсёй кнізе гучыць тэма дружбы паміж малдаўскім і беларускім народамі. Увогуле ж, прызнаўся Георге Пятровіч, сяброўства з музаю дапамагае яму ўпэўнена крочыць па жыцці.

Кніга “С пером и скальпелем по жизни” выйшла ў цвёрдай вокладцы на 460 старонках, у ёй шмат цікавых здымкаў з сямейнага альбома паэта.

Лявон ЦЕЛЕШ

Голас Радзімы № 17 (3521), пятніца, 5 мая, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter