В Минске впервые переработали новогодние ели: за один день удалось собрать около 30 тонн

Ёлкi знiкаюць апоўднi

Зімовыя святы ўжо ў мінулым. Зараз аб іх нагадвае толькі напалову пусты салодкі падарунак і пажоўклыя ёлкі, што трапляюцца часам ля пад’ездаў дамоў. Дарэчы, у гэтым годзе ў Мінску зімовае дрэва можна было здаць на перапрацоўку ў кампост і дранку. Толькі за адзін дзень, 19 студзеня, СТАА «Рэмондыс» і УП «Спецкамунаўтатранс» перапрацавалі каля 30 тон навагодніх дрэў. За гэтым працэсам сачыла карэспандэнт «Р».

Правілы перапрацоўкі

Смеццявоз спыніўся ля кантэйнернай пляцоўкі насупраць чатырнаццатага дома па вуліцы Астрожскіх: ён збірае навагоднія ёлкі. Між іншым, каля 30 000—40 000 гэтых дрэў пакідаюць на вуліцы пасля свят.

— На жаль, раней у нас не было канцэпцыі перапрацоўкі ёлак. Таму ўсе рабілася як звычайна. Разам з іншымі адходамі дрэвы адпраўляліся на палігон, — успамінае кіраўнік аддзела продажу і маркетынгу СТАА «Рэмондыс Мінск» Аляксандр Лагуцёнак.

Зараз усё інакш — жыхарам дому загадзя паведамілі: навагоднія дрэвы трэба пакідаць каля кантэйнерных пляцовак.

Жыхарам дома загадзя паведамілі: навагоднія дрэвы трэба пакідаць каля кантэйнерных пляцовак.

— Усяго ў Мінску каля 8000 пляцовак для збору ёлак. З усіх ажыццяўляецца іх збор і вываз, — запэўнівае Аляксандр Лагуцёнак. — У Мінску ёлкі вывозяць два прадпрыемствы. Напрыклад, з Маскоўскага, Кастрычніцкага і Фрунзенскага раёнаў дрэвы будзе вывозіць СТАА «Рэмондыс Мінск». У астатніх — УП «Спецкамунаўтатранс». Ад нас задзейнічана 9 машын менавіта для збору ёлак.

На кантэйнернай пляцоўцы ляжаць 20—25 былых навагодніх прыгажунь. Яны скінуты ў кучу. Большасць з іх жыхары дома падрыхтавалі правільна, але ёсць і выключэнні.

На кантэйнернай пляцоўцы ляжаць 20—25 былых навагодніх прыгажунь.

— Мы просім грамадзян ачысціць дрэвы ад мішуры і цацак. Таксама трэба прыбраць пакеты, шнуры і іншыя сродкі, ў якія скручвалі ёлку. Гэтае смецце немагчыма перапрацаваць разам з ёлкамі. Нашы супрацоўнікі вымушаны самі здымаць з дрэў такія рэчы, — паказвае на ўпакаванае ў сетку дрэва.

У выпадках, калі кантэйнерныя пляцоўкі ля дамоў адсутнічаюць, спецыялісты просяць пакінуць навагодняе дрэва ў тарцы будынка з боку заезду з праезнай часткі, у прыватным сектары — ля дамоў, непасрэдна ля дарогі.

Зелянее будучы кампост

Чысцюткія ёлкі адпраўляюцца ў шлях. Наступны прыпынак — участак па перапрацоўцы. Там дрэвы чакае кантрольнае ўзважванне. Затым на спецыяльнай пляцоўцы смеццявоз выгружае тое, што засталося ад ёлак пасля спрасавання ў кузаве. Далей за працу бярэцца франтальны пагрузчык. Ён збірае каўшом дрэвы і падае ў мабільны здрабняльнік: машына робіць з ёлкі дранку.

На спецыяльнай пляцоўцы смеццявоз выгружае тое, што засталося ад ёлак пасля спрасавання ў кузаве.

— У нас атрымліваецца зялёная маса, — каменціруе начальнік участка па перапрацоўцы адходаў СТАА «Рэмондыс Мінск» Генадзь Лаўрэнчык. — Адразу бачна: такая сыравіна — будучы кампост. А калі значна пераважаюць драўляныя часткі, значыць, будзе дранка.

Натуральны кампост — гэта сапраўды каштоўнае рэчыва. Ён мае шмат пераваг перад штучным «сабратам». Напрыклад, арганічная сыравіна карыстаецца вялікім попытам у вытворцаў гародніны. На натуральным кампосце растуць сапраўды карысныя плады. А дранку бяруць мінскія раённыя цеплавыя сеткі і арганізацыі, якія выкарыстоўваюць яе для ацяплення.

Гледзячы на досыць вялікі аб’ём перапрацаваных ёлак, хочацца верыць, што карысная сыравіна не прападзе.

— Калі збяром 100 тон дрэў, атрымаем прыкладна 40 працэнтаў паліўнай дранкі і каля 60 працэнтаў арганічнага кампосту, — робіць прагнозы Генадзь Дзмітрыевіч. — Згадзіцеся, прыемны паказчык.

Гледзячы на досыць вялікі аб’ём перапрацаваных ёлак, хочацца верыць, што карысная сыравіна не прападзе. А разумная ўтылізацыя навагодніх дрэў стане пастаяннай, таму што для гэтага ёсць усё неабходнае. Дарэчы, правільна распарадзіцца ёлкай, калі навагодняе дрэва затрымалася ў доме, жыхары сталіцы яшчэ паспеюць. Спецыялісты арганізуюць паўторны збор ёлак 26 студзеня — адтуль жа, што і ў мінулы выхадны.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter