Электрычную брытву — тату, набор бакалаў — маме, а малодшаму брату — машынку на пульце кіравання... У снежні шопінг традыцыйна ператвараецца ў «пакуты»: у чарзе па навагоднія падарункі (асабліва ў дні зніжак) можна прастаяць доўга. Але гэты перыяд немагчыма не любіць: гандлёвыя рады ўпрыгожаны яркімі гірляндамі, на вітрынах разгортваюцца цэлыя казачныя гісторыі, а паліцы магазінаў заклікаюць купіць чарговую сувенірную забаўку. Ці гатовыя нашы ўнівермагі да наплыву пакупнікоў і якім асартыментам здзівяць сёлета, даведалася карэспандэнт «Р».

Універмагі ўжо на ўсю моц прымаюць наведвальнікаў. Да Новага года тут можна купіць штучныя ёлкі (коштам ад 30 да 300 рублёў) і заказаць эксклюзіўныя ёлачныя шары з любымі надпісамі і індывідуальнымі матывамі для роспісу. На працягу 20 хвілін мастачкі нанясуць на іх імя, пажаданне, упрыгожаць сямейным шаржам або прапануюць намаляваць прыгожы пейзаж.
Супрацоўнікі магазінаў кажуць, што ў якасці падарункаў людзі больш за ўсё купляюць парфумерна-касметычныя тавары, посуд, вырабы са шкла і сувеніры. Тут і зніжкі някепскія — даходзяць да 40 працэнтаў. Але варта разлічваць свой час: у сярэднім у дні акцый універмагі наведваюць ад 5000 да 20 000 пакупнікоў, а ў пераднавагоднія дні — удвая больш.
— У гэтым асенне-зімовым сезоне змяніліся падыходы да афармлення. Незвычайна ўпрыгожаны вітрыны, якія з’явіліся дзякуючы кааперацыі дэкаратараў з мастачкай Ганнай Сілівончык. За аснову матываў афармлення ўзяты сюжэты некаторых карцін беларускага майстра, да іх дададзены розныя тавары і навагодні антураж. Упрыгожванне вітрын — даволі затратная і працаёмкая справа, у гэтым годзе на стварэнне дэкору пайшло каля 40 000 рублёў, — расказала начальнік аддзела арганізацыі гандлю ГУМа Анжаліка Лысакоўская.
Дарэчы, ёлкі ў холе ўнівермага ў гэтым годзе не будзе — замест яе ў цэнтры залы з’явілася фотазона са слядамі Дзеда Мароза, каля якой можна загадаць жаданне. Яно абавязкова збудзецца.
Крысціна СКУРАТОВІЧ