Хлопцы сарві-галава: байкеры адкрылі сумны адлік сезону

Язда на павышаных тонах

Толькі пачало цяплець, а на дарогах ужо першыя здарэнні з удзелам матацыклістаў. Засумаваўшы па хуткасці, яны часта ствараюць аварыйныя сітуацыі. У Пружанах, напрыклад, 18-гадовы бяспраўнік на матацыкле Yamaha збіў на пешаходным пераходзе 22-гадовую дзяўчыну. Сам загінуў, дзяўчыну з цяжкімі траўмамі адвезлі ў рэанімацыю. Карэспандэнт «Р» разам з інспектарамі ДАІ праверыла, ці ўсе матацыклісты падрыхтаваліся да новага сезона.

За мінулы год у краіне адбылося 224 аварыі па віне вадзіцеляў мотатранспарту, у якіх 32 чалавекі загінулі і 222 пацярпелі.
Больш за 50 матацыклістаў былі п’яныя.

У Брэсце мотасезон пачаўся 1 красавіка. У Мінску ён адкрыецца пазней — 23 красавіка. Аднак многія матацыклісты ўжо на ўсю сiлу абкатваюць тэхніку пасля зімы. Такую карціну назіраем на вуліцы Кальварыйскай, якая так падабаецца байкерам. 150 км/г на заднім коле — тут карціна звычайная.

— Дасведчаныя байкеры выязджаюць не адразу, бо для камфортнай язды на матацыкле павінна ўсталявацца адпаведнае надвор’е, — дзеліцца назіраннямі старшы інспектар ДАІ Цэнтральнага раёна Мінска Аляксей Хадасевіч. — У першую чаргу неабходна, каб дарожнае палатно добра прагрэлася для нармальнага счаплення. Разам  з  тым  дарожнікі  павінны пачысціць магістралі ад рэагентаў, якія аселі за зіму. Яны таксама могуць уплываць на счапленне кола з дарогай.

А вось тым, хто толькі што набыў транспарт, не церпіцца выпрабаваць яго. Спыняем першага парушальніка. Малады чалавек ехаў на новенькім Stels SB 200 без шлема.

— Усе грошы на матацыкл патраціў, на экіпіроўку крыху не хапіла. Небяспечна? Ды не, я ж асабліва не ганяю, яшчэ толькі прывыкаю да тэхнікі, — разводзіць рукамі наваспечаны матацыкліст і, атрымаўшы на першы раз папярэджанне, ад’язджае.

...З боку ГЦ «Карона» ў напрамку да Нямігі праязджае група байкераў. Едуць па правілах — пытанняў няма. У чаканні парушальнікаў гаворым пра тых, матацыклы якіх равуць. Акрамя вуліцы Кальварыйскай, яны любяць «ісці на ўзлёт», едучы па праспектах Незалежнасці і Пераможцаў, дзе ёсць магчымасць разагнацца. Таму скаргі ад жыхароў бліжэйшых дамоў, якім яны перашкаджаюць адпачываць, сыплюцца  інспектарам штодня.

— Каб матацыкл гучаў грамчэй, многія перарабляюць яго. Устаўляюць рэзанатары, мадэрнізуюць выпускную сістэму... Тэхагляд такі матацыкл не пройдзе. Так і ганяюць без дакументаў. Адсюль асноўныя парушэнні: акрамя невыканання хуткаснага рэжыму, адсутнасць тэхагляду, рэгістрацыі і пасведчання вадзіцеля неабходнай катэгорыі, — пералічвае Аляксей Хадасевіч.

Інспектары ўпэўнены: уладальнікі мапедаў і скутараў недаацэньваюць небяспеку гэтага віду транспарту

Самі ж матацыклісты тлумачаць моцны гук спробай папярэдзіць аўтамабілістаў аб сваім набліжэнні. У любым выпадку пераабсталяванне прыраўноўваецца да няспраўнасці і пагражае штрафам да адной базавай велічыні, за паўторнае парушэнне на працягу года штраф павялічваецца да 5 базавых. Хоць далёка не ўсе перабіраюць тэхніку. Часам проста разганяюцца на ніжняй перадачы. Эфект той жа — маторы равуць, людзі незадаволеныя.

Тым часам інспектар тармозіць матацыкл Baltmotors Classic. За рулём Аляксандр з 15-гадовым стажам кіравання байкам.

— Надзейная «чарапаха», — пахлопвае сябе па каленях вопытны байкер, дэманструючы ахоўную экіпіроўку. — Шлем, пальчаткі, куртка, штаны, мотаботы... Такая экіпіроўка не парвецца пры падзенні — спрабаваў, ведаю.

Не менш за дзесяць хвілін iдзе ў Аляксандра на пералічэнне сваіх траўм. Словы падмацоўвае здымкамі ран і пераломаў на тэлефоне. Кажа, што не ліхачыць, а паскорыцца да 110 км/г дазваляе сабе толькі на загарадных трасах, гэта ў межах дапушчальных хуткасцей. А вінаватымі ў большасці аварый, у якіх ён пабываў, прызнавалі аўтамабілістаў.

— Увесну вадзіцелі яшчэ не паспелі прывыкнуць да хуткіх байкаў і скутараў, якія толькі выехалі на дарогі, — Аляксей Хадасевіч пацвярджае словы байкера. — Адсюль самыя распаўсюджаныя аварыі — у аўтамабілі адчыняюцца дзверы, а паміж радамі машын у гэты час едзе матацыкліст... Да таго ж матацыклы паскараюцца хутчэй, чым аўтамабілі. Гэта ўлічваюць не ўсе. Вось вадзіцель глядзіць у люстэрка задняга віду — там нікога. Пачынае перастройвацца, а праз 2—3 секунды з суседняй паласы вылятае на хуткасці байк...

Некалькі слоў пра скутары і мапеды, якія так любяць многія.

— Хуткасць скутара значна ніжэй за хуткасць астатніх транспартных сродкаў. Каб не перашкаджаць іншым удзельнікам дарожнага руху, ехаць на мапедзе і скутары можна не далей за адзін метр ад правага краю праезнай часткі. Выязджаць за гэтую мяжу можна толькі для аб’езду перашкоды, павароту налева альбо развароту. Наяўнасць зашпіленага шлема на скутарысце таксама ніхто не адмяняў, — нагадаў правілы інспектар.

Аднак Аляксей Хадасевіч кажа, што агульная культура аматараў мотатранспарту ў апошнія гады істотна павысілася. Без нумароў у асноўным ганяюць аматары перавышэння хуткасці, каб не патрапіць на камеры фотавідэафіксацыі. Дарэчы, аб хуткасці. Рэдкае затрыманне парушальніка на байку абыходзіцца без пагоні.

— Аднойчы вырашылі праверыць дакументы ў матацыкліста на чырвоным Yamaha, а той — па газах! — Аляксею Хадасевічу асабліва запомнілася гэтая пагоня. — Уцякаючы, выжымаў не менш як 150 км/г, пралятаючы на чырвонае святло. Ні на гук сірэны, ні на просьбы ў гучнагаварыцель не рэагаваў. Скончылася пагоня на Мінскім моры. Ліхач заехаў у пясок і ўграз. Прычым аказалася, што ўсе дакументы ў яго былі ў парадку. А на пытанне, чаму ўцякаў, адказаў, маўляў, хацеў адчуць адрэналін.

Цэны на матацыклы не кусаюцца, таму дазволіць іх сабе могуць нават падлеткі. Зразумела, аддаюць перавагу хуткасным байкам, хоць неабходных правоў для язды на небяспечнай тэхніцы ў іх няма. Каб знізіць колькасць ДТЗ, у краіне ўвялі падзел катэгорый. З’явілася катэгорыя «А1», якую можна атрымаць, толькі ад’ездзіўшы два гады на малакубатурным матацыкле. Толькі пасля гэтага можна атрымаць катэгорыю «А», якая дае права ездзіць на магутных мадэлях.

gorbatenko_inna@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter