102-гадовая паляшучка Яўгенія Сапон — пра сакрэты здароўя, перажытае і незабытае каханне, адданасць працы і пра тое, што радуе

«Яйкі піць — доўга жыць»

Густанаселены Столінскі раён багаты на старажылаў. Жывуць яны пераважна ў аддаленых палескіх вёсках. 104-ы год адлічвае Ерафей Васільевіч Шпакевіч з Церабліч, што паміж старажытнымі Давыд-Гарадком і Туравам. А старэйшая сярод жанчын Яўгенія Іосіфаўна САПОН — карэнная жыхарка аграгарадка Беражное. Яе прасторны драўляны дом, вокны якога глядзяць на хуткацечную Гарынь, акружае дагледжаны садок, дзе акрамя традыцыйных яблынь, груш, вішань і сліў пладаносяць чарэшні, абрыкосы, персікі, вінаград. Пад поліэтыленавымі плёнкамі спеюць розных колераў памідоры, шчодра родзяць агуркі. На падворку сярод мноства курэй і куранят важнічаюць стракатыя пеўні. Адразу за сядзібай на рачной лугавіне пасецца чырванабокая кабылка. Да нядаўняга часу была на падворку і кароўка, якую даіла Яўгенія Іосіфаўна. Але адпала неабходнасць трымаць яе. У крамах аграгарадка багаты выбар разнастайнай малочнай і мясной прадукцыі.


У гэтую сядзібу Яўгенія Іосіфаўна пятнаццацігадовай сіратой прыйшла замуж на пачатку мінулага стагоддзя. За свой доўгі век толькі аднойчы ў ваеннае ліхалецце прымусова пакідала родныя мясціны, калі на супрацьлеглым беразе Гарыні праходзіла лінія фронту.

Вуліца Набярэжная шнурком выцягнулася на некалькі кіламетраў уздоўж пакацістага рачнога берага. Большасць сялянскіх пабудоў змураваныя з цэглы. Яўгенія Іосіфаўна памятае, як саматужна выраблялі яе з гліны. На ўскрайку аграгарадка ў былым панскім маёнтку захаваўся змураваны з чырвонай цэглы двухпавярховы палац. Адсюль вядуць радавыя карані вядомага рускага і савецкага літаратара Юрыя Алешы. Яўгенія Іосіфаўна памятае былых гаспадароў маёнтка, як і да дробязей перажытае за сваё жыццё. Жыве яна разам з сям’ёю ўнучкі Алены, якая даглядае адзінокіх людзей у сацыяльным аддзяленні мясцовай бальніцы. Гаспадар Анатоль Марыніч працуе ў лясніцтве. У бабулі асобны пакой у доме. Шануе яна свае самаробныя строі. У прасторную залу выйшла ў прыгожай вопратцы і белым ільняным фартуху, аздобленым ладнай вышыўкай.

Адчуваючы маё здзіўленне, Яўгенія Іосіфаўна падкрэсліла: фартушок вышывала сама да замуства. А квяцістую кашулю, якую апранула, сваячка шыла ў даваенныя гады. Праз светлыя сенцы выйшлі на высокі ганак. Па мурожным падворку сцяжынка вядзе да гаспадарчых пабудоў. Паміж імі і высокім домам усталявана альтанка, увітая вінаграднай лазою. Прыселі ў цяньку, і пачаліся ўспаміны пра мінулае.

Сваю маці Яўгенія Іосіфаўна не памятае. Яна памерла праз тыдзень пасля нараджэння дачкі. Паспела толькі даць імя дзяўчынцы. Прасіла хутчэй немаўля перахрысціць: баялася, што яно памрэ. Маці была ўкраінкай, а бацька з роду пераселеных у палескую глыбінку немцаў Байзертаў. Дзядуля Юлій па бацькавай лініі служыў у беражноўскім маёнтку Алешаў. Асірацелую ўнучку забрала да сябе бабуля.

— Часта галадала, — з боллю ў сэрцы ўзгадвае сіроцкае дзяцінства 102-гадовая Яўгенія Іосіфаўна. — Пасля смерці маці родныя хацелі, каб мяне карміла сваім малаком сваячка, якая мела немаўля. Ад яе адварочвалася, таму вымушаны былі штучна мяне карміць. Аўдавелы бацька хутка прывёў у хату мачыху Адосю. Потым забраў мяне ад бабулі. Хата была вялікая, крытая гонтай. Пад адным дахам жылі дзве сям’і. Мачыха нарадзіла чатыры дачкі. Дзве дзяўчынкі ад розных хвароб памерлі ў малым узросце. Я і за няньку была, і поле палола, і жывёлу даглядала. Мачыха папракала: чаму, маўляў, у цябе на спіне хутка рвецца сарочка? Таму што не здымала з плячэй маленькую зводную сястрычку Надзейку. Мяне дома пастаянна загружалі рознымі справамі. Летам зграбала сена на лузе, жала жыта, а восенню капала бульбу. Як пайшла ў пачатковую школу, настаўнік цікавіўся, чаму часта прапускаю заняткі. Мачыха пераконвала, што навука сарочку не дасць, і не пускала ў школу. Трэба было дзяцей глядзець і па гаспадарцы ўпраўляцца. З-за частых пропускаў мяне пакінулі на другі год. Усё-такі чатыры класы польскай школы скончыла. У дванаццаць гадоў умела прасці і ткаць. Мой спрыт ля кудзелі прыкмеціў на вячорках кавалер Рыгор Сапон. Але я імкнулася яго не заўважаць. Аднойчы праходзіла лугавінай і ўбачыла чарнявага хлапчука, які пасвіў статак. Мяне ён таксама прыкмеціў. Такі харошы, майго ўзросту. Паглядзела на яго і падумала: «Няўжо назаўтра не прыйдзе на луг?» А ён узяў ды і прыйшоў. Сэрца разрывалася ад пачуццяў. Нас заўважыў той самы Рыгор. Тады мне было пятнаццаць. Праз некалькі дзён надвячоркам Рыгор нечакана прыйшоў да нас у хату. Прынёс гарэлку і стаў сватацца. Мачыха адразу ж дала згоду аддаць мяне замуж за яго.

— Вам было пятнаццаць, а кавалеру колькі?

— Ён на сем гадоў старэйшы. Кляўся, што даўно кахае мяне.

— А вы яго?

— Выйшла замуж і звыклася. О, гэта каханне! Колькі ў свеце непрыемнасцей з-за яго. Каханне — як невылечная хвароба.

— І святар пагадзіўся вянчаць пятнаццацігадовую дзяўчынку?

— Настаяцель нашай беражноўскай царквы параіў звярнуцца за дазволам на вянчанне да благачыннага ў Столін. Бацька запрог коніка і паехаў за 20 кіламетраў да святара. А той паабяцаў усё ўладзіць з архіепіскапам у Пінску. Усё закончылася вяселлем. Выйшла замуж за Рыгора. Бацькі дапамаглі займець невялікую хаціну ў Беражным. Муж да мяне ставіўся сардэчна. Нарадзіўся першынец. Назвалі Мікалаем. У пасляваенныя гады ён быў адным з лепшых трактарыстаў нашага калгаса імя Леніна. Старшыня Яўхім Сагановіч дзякаваў за працавітага сына. Мы з мужам адразу пасля арганізацыі ў Беражным калгаса ўступілі ў яго. Карову, каня перадалі ў калектыўную гаспадарку. Да выхаду на пенсію працавала ў паляводчай брыга­дзе, а муж на пілараме, а потым стаў ездавым. Калгас славіўся на ўсю рэспубліку высокімі ўраджаямі, надоямі малака і шчодрым садам. Да нас ехалі пераймаць вопыт. Маладыя жаніліся, стваралі новыя сем’і. Вёска забудоўвалася. На нашай Набярэжнай вуліцы столькі дамоў паўстала. З мужам пражылі сумесна больш за паўвека.

— Пра лёс таго юнака, што некалі крануў ваша дзявочае сэрца, што ведаеце?

— Таго чарнявага пастушка і ў сто гадоў памятаю. А тады, пасля замуства, паступова астыла ад гарачых пачуццяў. Захапілі сямейныя клопаты, праца ў гаспадарцы. Акрамя першынца, нарадзіла яшчэ трох сыноў. Федзька памёр маленькім да вайны. Васіль і Іван нарадзіліся ў час нямецка-фашысцкай акупацыі. Яны, як і муж, ужо ў Бога. Мяне пастаянна адведваюць унукі, праўнукі і нават прапраўнукі. Калі адзначалі маё стагоддзе, цесна было за святочным сталом. Для іх заспявала сваю любімую песню пра тое, як дзяўчыну маці біла бярозавым прутам, каб не кахала маладога рэкрута.

— Калі сэрца палае, не дапаможа ніякі прут…

— Яно так спрадвеку было, ёсць і будзе. Заўжды імкнулася быць у згодзе з сэрцам. Ніколі не зайздросціла, што нехта жыве лепей. У нас кажуць: як Бог дасць, то і ў акно падасць. Вось так і жыву. І дзяцей такімі выхоўвала. Хачу, каб гэтага трымаліся мае нашчадкі. Каб ім ніколі не давялося перажыць тое, што выпала на наш лёс. Колькі гора і пакут прынесла страшэнная вайна. У мяне на руках было трое маленькіх сыноў, а мужа акупанты пагналі капаць абараняльныя акопы на чыгуначную станцыю Лобча, што каля Лунінца. Ён употайкі адтуль вярнуўся. А тут паступіў загад выселіцца з дамоў, бо пачнецца бамбёжка. На павозку пагрузілі спажытак і адправіліся ў бежанцы. Каб акупанты не пазналі мужа, ён пераапрануўся ў жаночае адзенне. Па дарозе сустрэлі варожы грузавік. Ён загруз у каляіне, і нас прымусілі дапамагаць яму выбірацца. Ваенныя пазналі Рыгора. Нас завезлі ў Давыд-Гарадок. Адтуль адправілі на чыгуначную станцыю Лахва і таварняком у Нямеччыну. Колькі давялося там слёз праліць, гараваць на варожых палях. Толькі ў маі 1945 года нас вызвалілі амерыканскія ваенныя.

Вярнуліся дамоў, і не было што есці. Сыны пасвілі кароў вяскоўцам. Старэйшаму было шэсць гадоў. Людзі плацілі бульбай, збажыной. Назбіралі торбачку зерня, а прыйшлі патрабаваць плаціць падаткі і ўсё збожжа забралі. Да вайны трымалі ўласную кабылку. Адшукалі яе і прадалі, каб купіць карову. Вось так і выжывалі.

— Як вы ставіліся да здароўя?

— Працай мацавала яго. Ніякай сялянскай справы не цуралася. Потам зямельку палівала. Было і такое, што ледзьве жывая трымалася. У першы пасляваенны год скразняком так праняло, што я цяжка захварэла. Не магла глытаць — усё запалілася. Звярнулася да акушэркі Ганны Лобінавай. Яна агледзела мяне і сказала, што без рызыкоўнай аперацыі не абысціся. Муж распіскай даў згоду на аперацыю. У нашым доме акушэрка мяне прааперыравала і ўратавала. А вось двухгадовую дачушку ў пасляваенныя гады мы з мужам не ўсцераглі. Яна цяжка захварэла. Дабраліся да Століна ў бальніцу, а там параілі звярнуцца да спецыялістаў у Пінск. Пешшу зімою з маленькім дзіцяткам на руках прайшлі 60 кіламетраў. Уратаваць дзяўчынку не ўдалося.

— Перажытае за такі доўгі век сніцца?

— У снах звычайна працую ў полі ці на падворку. Усё жыццё маё звязана з зямлёю. Столькі рукі перарабілі ўсяго. Нядаўна перастала даіць карову, даглядаць свіней. Да 97 гадоў капала бульбу на агародзе. Калі бралася за справу, то і вады не піла, пакуль яе не заканчвала. У працы мне не было роўных.

— А ў танцах ці гулянках?

— Лепш, чым я, ніхто ў вёсцы не танчыў. На гулянках адбою не было ад жадаючых паскакаць са мною ў польцы ці закружыцца ў вальсе. Мае любімыя танцы — кракавяк, абэрак, падэспань. Цяпер іх мала хто ведае. І з песняй ніколі не развітвалася. Вяжам на полі снапы і заводзім на некалькі галасоў палескія напевы. Палешукі пявучыя. Нават калі гора агортвае душу, песня лечыць.

Як чвэрць стагоддзя таму аўдавела, стала знікаць цікавасць да жыцця. Ведаю, што грэх упадаць у роспач. Вельмі ўдзячна ўнучцы Алене і яе мужу Анатолю Марынічу за іх цярпенне і ўвагу да мяне. Цікаўлюся жыццём, радуюся ўдачам родных, аднавяскоўцаў. Нядаўна даведалася, што праўнучка Вераніка нарадзіла трэцяе дзіцятка. Загарэлася адведаць яе. Па дарозе крыху ногі падвялі і спатыкнулася. Дзякуй сусе­дзям, што заўважылі і дапамаглі мне. А нядаўна парадаваў праўнук Андрэй. Ён служыць у арміі і там ажаніўся. Прывозіў маладую жоначку на агледзіны.

— Ваша любімая страва?

— Ніколі ежу не перабірала і не пераядаю. Люблю стравы з яек. Не здарма кажуць: яйкі піць — доўга жыць. Пастаянна трымаем курэй. Нядаўна ўнадзіліся тхары. Муж унучкі палавіў іх, і зараз зноў поўны падворак куранят. Ёсць у нас кабылка. Радуе душу, што ўнучка Алена і яе муж Анатоль дружна гаспадараць.

— Не сумуеце па равесніках?

— У Беражным, як і ў наваколлі, ёсць старажылы, але стагадовых не так і многа. Калі застаюся адна, перабіраю перажытае. Быццам учора толькі нарадзілася, а ўжо лёс адлічвае другое стагоддзе. Важна прайсці так па жыцці, каб нашчадкам пакінуць добры ўспамін пра сябе.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter