Дзяніс ПАРШЫН жыве ў Беларусі, дзесяць гадоў працуе ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі

Яшчэ не рэжысёр, але ўжо i не акцёр

Ён такі прывабны і таленавіты, што, калі б нарадзіўся ў Амерыцы, мог бы сапернічаць з Робертам Пацісанам ці Леанарда Ды Капрыа
Ён такі прывабны і таленавіты, што, калі б нарадзіўся ў Амерыцы, мог бы сапернічаць з Робертам Пацісанам ці Леанарда Ды Капрыа. Да таго ж ён яшчэ і няблага спявае. Уяўленне малюе проста неверагоднага акцёра ў геніяльных кінастужках. Але Дзяніс ПАРШЫН жыве ў Беларусі, дзесяць гадоў працуе ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі і добра вядомы толькі ў мастацкім асяроддзі. Там бясконца ідзе размова пра тое, што гэтаму чалавеку не хапае выбуху, ён ніяк не можа гучна заявіць аб сабе на ўвесь свет. Не хапае прасторы або няма асаблівага жадання? Гэта, здаецца, вядома толькі яму, сціпламу, самакрытычнаму і абаяльнаму чалавеку. На гэтую тэму можна было б доўга разважаць, але Паршын сам здымае ўсе пытанні і падаецца ў тэатральныя рэжысёры, хутка адбудзецца яго дэбют са спектаклем «Дзед». Гэта і прывяло нас да Дзяніса.


— Чаму раптам такое рашэнне?

— Па адукацыі я — рэжысёр і, больш за дзесяць гадоў працуючы акцёрам у РТБД, ніколі не пакідаў думкі пра рэжысуру.

— Магчыма, вы проста стаміліся ад акцёрства?

— Не. Проста я хачу паспрабаваць сябе ў новай якасці.

— А як жа кіно? Яно няблага корміць акцёраў?

— Я з задавальненнем здымаюся ў кіно, рады, калі прапануюць ролі, але часцяком проста сумую на здымачнай пляцоўцы. Тэатр мне бліжэй. 

— Гэта дзіўна чуць, тым больш што нарэшце вы дачакаліся і галоўнай ролі ў кіно. Нядаўна была прэм`ера фільма «Мама, я жанюся».

— Было такое, але туды я трапіў выпадкова: у апошні момант ад ролі адмовіўся нейкі маскоўскі акцёр. Гэта не тая роля, якой трэба ганарыцца.

— Вернемся да рэжысуры: пачатак рэжысёрскай кар`еры ў час самага росквіту акцёрскай — гэта супадзенне ці абдуманы да дробязей крок?

— Мастацкі кіраўнік тэатра Аляксандр Гарцуеў заўважыў маю цікавасць да пастановачнага працэсу і параіў паспрабаваць сябе. Я пагадзіўся, прынёс яму некалькі п`ес, яны яму спадабаліся. Але ў тэатры якраз была неабходнасць паставіць спектакль да 70-годдзя Перамогі, і ён прапанаваў мне свой варыянт. Я прачытаў п`есу Вячаслава Паніна, яна мне спадабалася. Але немалую ролю адыграла і тое, што я проста не хацеў губляць шанц. Прызнаюся, быў гатовы ўзяцца хоць бы за што, толькі б паспрабаваць сябе ў новай прафесіі. 

— Цікава, а які матэрыял вы прапанавалі мастацкаму кіраўніку, чым захапляецеся?

— Прапаноўваў сучасныя п`есы ў розных жанрах: італьянскую камедыю, ірландскую трагедыю і сацыяльную драму расійскага аўтара. Мне здавалася, што гэта будзе цікава нашаму тэатру, і, галоўнае, я бачыў іх рэжысёрскае вырашэнне. Мне цікавыя розныя жанры. Зараз я ўзяўся за самы складаны — трагікамедыю. 

— Раскажыце, пра што ваш дэбютны спектакль?

— Здараецца, працуючы над спектаклем, да фіналу выходзіш не на тое, пра што задумваў, але застаешся побач са сваёй звышзадачай. Мы разважаем на тэму вайны. Для адных гэта кроў, страты, боль. Для іншых — усяго толькі камп`ютарная гульня, стралялкі. Хтосьці з жахам узгадвае тыя страшныя дні, хтосьці з энтузіязмам знішчае віртуальнага ворага, перажоўваючы хот-дог. Пры гэтым апошнія з`яўляюцца ўнукамі першых. Як і калі пралягла прорва паміж імі? І ці існуе яна ўвогуле або гэта проста збег абставін, выпадковасць? Мы разважаем, ці ўсё мы зрабілі для ветэранаў і ці здольныя мы цяпер здзяйсняць подзвігі.

— Старт у вас складаны, і не таму, што за цяжкую тэму вы ўзяліся, а таму, што падобныя спектаклі нядоўга затрымліваюцца ў рэпертуары.

— Старт сапраўды складаны. Набліжаецца 70-годдзе Перамогі, таму ўсё гэта вельмі адказна і хвалююча. Нельга дапусціць фальшу. Даводзіцца ўсё прадумваць, вывяраць. Імкнёмся не пакрыўдзіць старэйшае пакаленне і адначасова быць цікавымі маладому. І стараемся зрабіць спектакль, які будзе актуальным і пасля свята. 

— Ведаю, што вы пішаце музыку і добра спяваеце, некалі нават давалі канцэрт «Між намі кажучы». У сваім першым рэжысёрскім спектаклі выступаеце і ў якасці кампазітара?

— Над музыкай працуе кампазітар Віталь Судзін. Ён ужо зрабіў у нашым тэатры некалькі спектакляў: «Кругі раю», «Фінт-круазэ». Мая ж работа ў гэтым накірунку заўсёды была, хутчэй, нейкім афармленнем, назваць гэта музыкай можна з такой жа нацяжкай, як і мяне кампазітарам.

Мне часта кажуць: «Табе трэба спяваць!» Магчыма, калі б я яшчэ ў студэнцкія гады пайшоў па гэтай дарозе, не выключана, штосьці і атрымалася б. Але я захацеў вучыцца рэжысуры, выбраў іншы шлях. Тэатр убірае ў сябе і музыку, і літаратуру, і шмат іншага. Мне тут цікава.

— Як да вашага пераўтварэння ставяцца калегі-акцёры?

— Спадзяюся, што добра. Пакуль не магу назваць сябе рэжысёрам у поўным сэнсе гэтага слова. Пераход з адной прафесіі ў іншую яшчэ не здарыўся. Я размаўляю з акцёрамі як сябар, калега, які толькі пачынае спрабаваць свае сілы як рэжысёр. Мы пастаянна раімся, абмяркоўваем. Інакш і быць не можа, таму што ў нас шмат людзей больш вопытных і старэйшых за мяне. На шчасце, мы знаходзім паразуменне. Здаецца, што яны зразумелі, што я не проста вырашыў пабалавацца, а хачу сур`ёзна займацца новай для мяне справай.

— Не баіцеся рэзкай крытыкі і расчаравання ў прафесіі?

— Ведаеце, я яшчэ ніколі не чуў рэзкай крытыкі. Так, былі непахвальныя водгукі. Я спакойна стаўлюся да канструктыўнай крытыкі, з якой можна атрымаць штосьці карыснае.

— У адным з вашых апошніх фільмаў «Ой, мамачкі!» у вас жонка прыгажуня-сцюардэса і два сыны-блізняты. А ў жыцці?

— У мяне жонка прыгажуня-маркетолаг Наташа і сын Багдан, якому хутка два гады.

ДАРЭЧЫ 

Аляксандр ГАРЦУЕЎ, мастацкі кіраўнік РТБД:

— Тых, хто жадае ставіць у нас спектаклі, шмат, але тэатр не безразмерны. Таму выбіраем толькі тых, хто адпавядае пэўным крытэрыям. Хачу ў тэатры вырасціць плеяду маладых рэжысёраў. Добры прыклад — Аляксандр Марчанка, кіраўнік Цэнтра беларускай драматургіі, які поўнасцю пагружаны ў пошук новай літаратуры і робіць гэта з поспехам. На рускамоўнай прасторы краін СНД існуе такое паняцце, як беларускі драматургічны феномен. Зараз з`явіліся такія прозвішчы, як Расолька, Сцешык, Багаслаўскі, але іншая справа, што гэта зусім не традыцыйная драматургія, гэта, хутчэй, тэатральныя тэксты. Але тэатр — жывы арганізм, дзе заўсёды нешта развіваецца, у тым ліку змест і формы. Мне больш зразумела традыцыйная драматургія, але я вітаю і новыя плыні. Галоўнае ж, гэта цікава гледачу.

Справа яшчэ і ў тым, што гэта не вельмі суадносіцца з рэпертуарным тэатрам. Тыя тэксты, хутчэй, маюць характар тэатральных праектаў, якія разлічаны на некалькі паказаў, а не на доўгае жыццё. У Чэхава ў "Чайцы" Трэплеў казаў, што патрэбны новыя формы, але потым ён прыходзіць да высновы, што трэба, каб песня ішла з душы пры існаванні новых форм. Думаю, што ісціна ляжыць недзе пасярэдзіне. Патрэбна поліфанія, разнастайнасць, над гэтым і працуем.

stepuro@rambler.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter