Маладая творца ўпершыню раскрывае мастацкую гісторыю Пухавіччыны

Яркія фарбы роднага кута

Дар'я Раманенка — маладая таленавітая творца. Cкончыла Беларускую акадэмію мастацтваў, пасля — магістратуру. І ў сваіх арыгінальных мастацкіх работах, у сваіх даследчыцкіх клопатах як мастацтвазнаўца Дар’я вельмі цесна прывязана да сваёй малой радзімы — Пухавіцкага краю, Мар’інай Горкі. З маладой мастачкай і мастацтвазнаўцай і адбылася наша гутарка. 

Дар’я РАМАНЕНКА

Багатая  гісторыя

— Дар'я, вы завяршылі па-свойму ўнікальны праект — напісалі, аформілі мастацкую гісторыю Пухавіцкага краю. Што стала для вас першаштуршком у гэтай рабоце? 

— Мая магістарская дысертацыя — гэта сапраўды новы ў сучасным мастацтвазнаўстве даследчы праект. Здаецца, дагэтуль ніхто не апісваў гісторыю краю праз судакрананне з ёю мастакоў. У сваёй рабоце я паставіла задачу раскрыць мастацкую гісторыю Пухавіцкага краю. 

— Можна назваць гэта і свайго роду ўнёскам у мастацкае краязнаўства…

— Мажліва, і так. Ідэя гэтага праекта нарадзілася досыць даўно. У той час, калі я сама стала ўдзельніцай уласнай персанальнай выстаўкі ў 2014 годзе ў карціннай галерэі Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея ў Мар’інай Горцы. Знаёмства з дырэктарам музея Аляксандрам Аляксандравічам Прановічам, чулым да выяўленчага мастацтва чалавекам, наведванне розных персанальных выставак у Мар’інай Горцы, знаёмства з пастаяннай экспазіцыяй галерэі — усё разам гэта і кіравала маім мышленнем у бок паяднання ведаў пра Пухавіччыну мастацкую. Дапамагалі, безумоўна, лекцыі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, а следам — і пачатак выкладчыцкай работы ў Мар’інагорскай дзіцячай школе мастацтваў. 

— Маючы за плячыма шырокі вопыт даследавання, вы можаце сцвярджаць тое, што на Пухавіччыне ва ўсе часы была адметная мастацкая гісторыя? Ці заўважаныя тут выразныя сляды мастакоў, скульптараў ранейшых стагоддзяў — XIX і папярэдніх?

— Так, калі шлях пройдзены, калі мая праца абаронена, я магу смела і пераканаўча сцвярджаць, што менавіта на Пухавіччыне ва ўсе часы была багатая, магчыма, не ўсім зараз вядомая мастацкая гісторыя, мастацкая практыка. Буйныя мастацкія зборы існавалі ў маёнтках у Дукоры, Замосці, Дудзічах, Русаковічах. Тут працавалі такія знакамітыя мастакі, як Напалеон Орда, Генрых Вейсенгоф, Аркадзь Астаповіч і шмат хто яшчэ. 

 — Былі так званыя «культурныя гнёзды»?

— Так, культурныя, мастацкія «гнёзды», якія спрыялі збіранню талентаў, што дапамагалі звярнуць увагу на край увогуле, на геаграфічны і нават на гаспадарчы ландшафт Пухавіччыны. У выкладанні маіх думак адносна мастацкай біяграфіі Пухавіччыны мне, несумненна, найперш дапамагло знаёмства са зборамі карціннай галерэі ў Мар’інай Горцы. 

Возьмем, напрыклад, перыяд 1940—1960-х гадоў. У галерэі і фондах музея — арыгіналы прац Г. Бржазоўскага, С. Лі, Я. Леўчанкі, С. Каткова, Л. Рана, Ю. Пучынскага, Н. Шчарбакова і іншых творцаў. 1970—1980-я гады прадстаўлены карцінамі, графічнымі работамі В. Сухаверхава, В. Барташэвіча, А. Марыкса, С. Геруса, В. Ткачука, В. Высочына, А. Бараноўскага, Ю. Пучынскага, В. Сычова і іншых асоб, хто вызначаў арыенціры беларускага мастацтва ў гэты перыяд. Пра 1990-я гады раскажуць работы В. Калацэй, Б. Рэпіна, Л. Гурбо, А. Кашкурэвіча, Ю. Зайцава, М. Басалыгі, Л. Гоманава. 

«Пленэр»

— Ведаю, што Вольга Калацэй, якая нарадзілася ў пухавіцкай вёсачцы Светлы Бор, зараз жыве і працуе ў Злучаных Штатах Амерыкі, шмат паездзіла па іншых краінах свету…

— І ў дадатак да гэтага ведання я звярнула б увагу на тое, што мастак не можа пакінуць назусім свой край, сваю родную прастору. Як прыклад — Марк Шагал, які праз усё жыццё памятаваў пра родны Віцебск. Мяркую, што пухавіцкія матывы, павевы цячэння знаёмых Вользе Свіслачы і Волмы, яе светлаборскія лясы, пералескі і зараз нейкім чынам адбіваюцца ў колерах заморскіх карцін, яе пейзажаў. 

А што да Леаніда Гоманава, то ён — часты госць у галерэі, у музеі. Відаць, дзейнічае і тое, што некалі ён пачынаў працаваць у Мар’інай Горцы, добра ведае Пухавіцкі край. 

Першыя два ці амаль два дзесяцігоддзі новага стагоддзя прадстаўлены ў Мар’інай Горцы работамі А. Пашкевіча, К. Камала, А. Марачкіна, Н. Шчаснай, А. Філіповіча, М. Мішчанкі, Я. Шунейкі, Н. Бржазоўскай,Х. Ладуцькі, А. Фінскага, Э. Арзуманяна, М. Мішука, М. Эльяшэвіч. Перадала ў фонды галерэі некаторыя свае работы і я. 

— Такія зборы сапраўды ўражваюць…

— Экспазіцыя і фонды Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея з’яўляюцца велізарным па прасторы, па багацці імёнаў матэрыялам, які дазваляе прасачыць узнікненне і развіццё шматлікіх напрамкаў беларускага выяўленчага мастацтва ў другой палове XX — пачатку XXI стагоддзя. Менавіта раённы музей у наш час з’яўляецца пераемнікам тых ранейшых буйных і знакамітых мастацкіх збораў, якія, заўважу, былі не толькі ў буйных гарадах, але і ў рэгіёнах. 

Душы  высокія  пачуцці

— А як, на ваш погляд, тэма мастацкай гісторыі Пухавіцкага краю адлюстравана ў краязнаўчай рабоце? Ці можна гаварыць пра сам прадмет існавання пухавіцкага мастацкага краязнаўства?

— Мая навуковая праца ніколі б не адбылася, калі б я не абапіралася на той багаты матэрыял, які ўжо сабраны і часткова агучаны ў розных публікацыях маімі папярэднікамі. У нас у Мар’інай Горцы, Пухавіцкім краі, заўсёды шмат працавала краязнаўцаў. 

— Дастаткова ўспомніць Анатоля Ярохіна, Браніслава Зубкоўскага, Віктара Арлова, Сяргея Сіпача, Аляксандра Пікуліка, Івана Чуйкова, Наталлю Ільініч…

— Я дадала б у гэты спіс і Аляксандра Аляксандравіча Прановіча, Алеся Мікалаевіча Карлюкевіча, якія аддаюць Пухавіччыне самыя высокія свае пачуцці, імкнуцца эмацыянальна, публіцыстычна завострана расказаць пра родны край. І, канешне ж, судакранаюцца ў сваіх пошуках з мастацкай гісторыяй рэгіёна. 

— Хто з мастакоў, прывязаных да гісторыі Пухавіччыны, вам найболей цікавы?

— Вельмі цікавай і знакавай для мяне з’яўляецца мастацкая спадчына С. Лі. І яшчэ найбольшую ўвагу я праяўляю да зробленага скульптарам А. Фінскім. Сімпатыі выклікаюць работы арыгінальных эксперыментатараў у жывапісе —А. Пашкевіча і Б. Рэпіна. Іх творчасць мае сваё наватарскае значэнне і з’яўляецца крэатыўнай старонкай беларускага выяўленчага мастацтва ўвогуле. Шкада, што пра іх мала пішуць айчынныя мастацтвазнаўцы. 

— Вам не хацелася б самой павандраваць з мальбертам па тых мясцінах, дзе працавалі на эцюдах Анатоль Бараноўскі, Генрых Вейсенгоф, Аляксандр Пашкевіч ці хто іншы з творцаў, захопленых Пухавіччынай?

— Гэта выдатная ідэя для новай серыі творчых праектаў. Паспрабую звязаць паміж сабой розныя гістарычныя адрэзкі часу. Найболей актутальным зараз для мяне з’яўляецца праект творчага пленэру «З Парыжа — у Русаковічы», прысвечанага перыяду жыцця Генрыха Вейсенгофа на Пухавіччыне, Рудзеншчыне ў 1905—1917 гадах. У 1905 годзе мастак вярнуўся з Парыжа прызнаным жывапісцам і на радзіме сваёй маці стварыў цэлую галерэю захапляльных, мо нават самых цікавых у яго творчасці прац. 

— А якім будзе працяг вашай даследчыцкай працы ў галіне гісторыі мастацтва на Пухавіччыне? Якія рэкамендацыі вы мяркуеце вылучыць праз сваю працу?

— Планую напісаць цыкл мастацтвазнаўчых публікацый па выніках магістарскай работы, але ўжо з большым прыцэлам на канкрэтныя мастацкія адрасы на Пухавіччыне. Мару пра тое, каб мой родны горад Мар’іна Горка стаў у бліжэйшай будучыні цэнтрам культурнага турызму. І буду дзеля гэтага працаваць над рэалізацыяй розных ідэй. Мне падаецца, што поруч з карціннай галерэяй у горадзе магла б існаваць яшчэ і прыватная галерэя, можа быць, салон, дзе цікаўныя да выяўленчага мастацтва людзі маглі б нешта і набыць з карцін, пейзажаў, а мо і з прынтаў, тыражаваных рэпрадукцый работ, прысвечаных роднай старонцы. 

Кастусь ЛАДУЦЬКА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter