Здабыткі культуры за апошнія гады ўражваюць

Яркая палітра

Здабыткі культуры за апошнія гады ўражваюць


Дасягненні ў сферы культуры за гады існавання незалежнай Беларусі можна вылічаць мільёнамі — кіламетраў стужак знятых фільмаў, цаглін і тон бетону, пакладзеных у адрэстаўраваныя муры будынкаў тэатраў, музеяў, замкаў, наведнікаў фестываляў і экскурсій. Апошнюю чвэрць стагоддзя мы назапашвалі інтэлектуальнае і мастацкае багацце. Сёння можна падвесці некаторыя вынікі і адзначыць найбольш значныя дасягненні: што канкрэтна створана ў беларускай культуры з 90-х гадоў мінулага стагоддзя да нашых дзён.


Тэатры. Толькі ў адным Мінску пасля рэканструкцыі за апошнія гады адчыніліся тры тэатры — Купалаўскі, Тэатр юнага гледача і маладзёжны. Некалькі гадоў трупы гэтых устаноў былі змушаны туляцца па чужых сцэнах. Але гэта было таго варта. У выніку рэканструкцыі будынкаў ім вернута гістарычнае аблічча, а значыць — і колішняя аўра, адчуванне повязі з папярэднімі пакаленнямі акцёраў і гледачоў. Апрача таго, цяпер тэатры абсталяваны найноўшай тэхнікай, і гэта дае магчымасць рабіць пастаноўкі сусветнага ўзроўню, праваблівае ў трупы моладзь, а колькасць гледачоў расце разам з добрай пагалоскай пра арыгінальныя паказы.


Музеі. Нацыянальны мастацкі музей паступова пашырае свае плошчы. Ажыццяўляецца ў наш час даўняя задума — стварэнне паміж мінскімі вуліцамі Карла Маркса, Леніна і Кірава музейнага квартала, дзе будуць абсталяваны новыя плошчы не толькі пад выставы, але і пад кавярні, даследчыя ўстановы. Гістарычна-краязнаўчыя музеі папаўняюцца новымі прадметамі. Яшчэ некалькі год таму ў слуцкім музеі не было ніводнага знакамітага слуцкага пояса, а цяпер наведнікам паказваюць арыгінал. Да таго ж, у горадзе ў выніку рэалізацыі дзяржаўнай праграмы адноўлена вытворчасць дзівосных паясоў — праз амаль дзвесце год пасля спынення іх вырабу. Вялікай падзеяй у жыцці краіны стала адкрыццё ў 2014 годзе новага будынка Беларускага дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны.


Замкі, палацы, храмы. Каб толькі пералічыць усе тыя аб’екты гістарычна-культурнай спадчыны, якія адноўлены, адрэстаўраваны за апошнія гады, трэба некалькі часопісных палосаў. Скажам пра галоўныя. Адбудаваны сядзібы Адама Міцкевіча ў Завоссі і Тадэвуша Касцюшкі ў Мерачоўшчыне. Рэстаўруецца — павольна, але грунтоўна — найстарэйшая з захаваных у краіне цэркваў — Спаса-Праабражэнская XII стагоддзя ў Полацку. Вялікай падзеяй стала адкрыццё пасля грунтоўнай шматгадовай рэстаўрацыі Мірскага і Нясвіжскага замкаў і ўнясенне іх у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, што ў сваю чаргу прывабіла ў краіну мноства турыстаў з-за мяжы. У Віцебску адбудаваны некалькі цэркваў, знішчаных у ХХ стагоддзі — гэта цалкам змяніла панараму гістарычнага цэнтра горада, ён стаў выглядаць сапраўды непаўторна.


Скульптуры. Помнікі многім дзеячам нацыянальнай культуры з’явіліся ў розных гарадах: Францішку Скарыну, Усяславу Полацкаму і Еўфрасінні Полацкай, Соф’і Слуцкай, Вацлаву Ластоўскаму, князю Альгерду. Апрача таго, стала модай усталяванне вулічных скульптур у памяць пра розныя побытавыя з’явы нашага жыцця. Верабей, конь, гурок, дзяўчына з парасонам, мужчына, які просіць прыкурыць — гэтыя простыя, але блізкія кожнаму прахожаму вобразы сталі выдатнымі дадаткамі да дагледжаных вуліц нашых гарадоў. А досыць падняць вочы ўгару, стоячы ля “брамы горада” на Прывакзальнай плошчы ў Мінску, як прыкмеціш на вежах “брамы” велічныя скульптуры рабочага, сялянкі, воіна. Яшчэ дзесяць з лішкам год таму іх там не было. А цяпер здаецца, што яны стаяць тут вечна.


Кнігі. У 2017 годзе Беларусь адзначыць 500-годдзе пачатку кнігадрукавання нашым земляком Францішкам Скарынам. Да гэтай даты перавыдаецца пераклад Бібліі, зроблены асветнікам. Упершыню масавымі тыражамі выходзяць старажытныя манускрыпты — Полацкае, Тураўскае евангеллі. Сучасныя празаікі, паэты, драматургі пішуць так многа, што адкрываюцца новыя літаратурныя выданні, а выдавецтвы заўсёды маюць з чым працаваць. Адам Глобус і Уладзімір Сцяпан, Людміла Рублеўская і Андрэй Федарэнка, Мікалай Чаргінец і Георгій Марчук, Югася Каляда і Андрэй Хадановіч, Алесь Бадак і Віктар Шніп — гэтых аўтараў шануюць і чытаюць у Беларусі вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў, іх публікуюць і ведаюць за мяжой. Расце канкурэнцыя, патрабавальнасць чытачоў да пісьменнікаў. А сёлета ў Шчучыне на Дзень беларускага пісьменства ўручалася першая Нацыянальная літаратурная прэмія. Будоўля новага корпусу для Нацыянальнай бібліятэкі на праспекце Незалежнасці стала справай усёй краіны. Ініцыятыву гэтаму пачыну даў Прэзідэнт. А затым беларусы і многія шчодрыя людзі з-за мяжы ахвотна ахвяравалі хто колькі мог, каб у скарбніцы веды з’явіўся новы сучасны будынак. Трэба сказаць, што бібліятэка, якая атрымала ў народзе імя “алмаз” — дзякуючы незвычайнай форме будынка — таксама стала новым домам для Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, з якім дзеліць частку памяшканняў. А на даху “алмаза” створана аглядная пляцоўка, з якой адкрываецца непаўторная панарама сталіцы.


Мастацтва. Некалькі галерэй сучаснага мастацтва, вялікая колькасць вядомых у краіне і свеце імён — ад Андрэя Вашкевіча да Віктара Альшэўскага — паказваюць, што беларусы ўдала падтрымліваюць традыцыі нацыянальнай мастацкай школы, закладзеныя вялікімі папярэднікамі, сярод якіх такія зоркі як Валенты Ваньковіч, Вітольд Бялыніцкі-Біруля, Язэп Драздовіч. Беларусы штогод удзельнічаюць у сусветным біенале ў Венецыі. Праводзяцца ў краіне форумы, якія прывабліваюць творцаў з-за мяжы. Так, у сёлетнім верасні адбыўся фестываль архітэктуры “Мінск-2015”, на якім дойліды з некалькіх дзясяткаў дзяржаў паказалі свае дасягненні, а беларусы прадэманстравалі свае набыткі. І шматлікія эксперты сышліся ў думцы, што нашы і замежныя архітэктары крочаць не адстаючы адзін ад аднаго. Пра гэта сведчаць і вуліцы гарадоў, дзе ўражваюць сучасныя будынкі — ад Палаца Незалежнасці ў Мінску да новых гандлёвых цэнтраў, спартыўных пляцовак, жылых раёнаў у кожнай вобласці. І, вядома, шмат робіцца ў сферы нацыянальнага кіно. А мінскі кінафестываль “Лістапад” даўно прываблівае найбольш адметныя стужкі і іх стваральнікаў з усяго свету.


Фестывалі. Ні разу не здрадзіў сваёй традыцыі — адбывацца штогод — Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Ён даўно збірае гасцей не толькі са славянскіх краін, але і з заморскіх — ад Ізраіля да Кубы. Такім чынам Віцебск штогод становіцца культурнай сталіцай краіны. Зрэшты, з’явілася і афіцыйная акцыя “Культурная сталіца Беларусі”. Упершыню ёю быў прызнаны Полацк, а сёлета тытул носіць Брэст. Гэта дае стымул развіццю гарадоў, куды накіроўваюцца значныя дзяржаўныя сродкі. Фестывалі ўвогуле сталі адным з магнітаў, які ажыўляе розныя мясціны. “Дажынкі” ў малых гарадах, сярэднявечныя форумы ў Мсціславе і Гальшанах, кулінарныя ў Моталі, Глыбокім, Расонах, Мёрах, музычныя ў Маладзечне і Магілёве сталі візітоўкамі і гэтых паселішчаў, і ўсёй краіны. Вядомая на ўвесь свет опернае мастацтва Беларусі можна ацаніць не толькі ў мінскім Вялікім тэатры, але і штогод у двары Нясвіжскага замка, дзе адбываецца фестываль зорак сталічнай сцэны. А напярэдадні Божага Нараджэння рэгулярна праходзіць Мінскі міжнародны калядны оперны форум.


Турызм. Адным з прарываў у развіцці турызму ў краіне стала з’яўленне за некалькі гадоў амаль 2 тысяч сядзіб у вёсцы, абсталяваных у традыцыйным стылі, з выдатным сэрвісам, усімі выгодамі і стравамі мясцовай кухні. Гэтак рух “аграэкатурызм” ахапіў Беларусь. Разам з тым пашыраецца інфраструктура кафэ, гатэляў, аўтазаправак уздоўж трас, у гарадах і вёсках. І цяпер нават у правінцыі ёсць магчымасць адпачыць на найвышэйшым узроўні. Турыстычныя кампаніі прапануюць сотні маршрутаў па Беларусі, якія ўразяць нават самых патрабавальных падарожнікаў. Чырвоны двухпавярховы турыстычны аўтобус у Мінску возіць гасцей па галоўных славутасцях і “гаворыць” на асноўных еўрапейскіх мовах. Неўзабаве такія экспрэсы з’явяцца і ў іншых гарадах. А сотні гідаў па ўсёй краіне гатовы правесці для вас індывідуальныя экскурсіі. У 2016 годзе, як паведаміў старшыня Мінскага гарвыканкама Андрэй Шорац, гістарычны цэнтр Мінска — Верхні горад — стане пешаходнай зонай. Такія ж зоны з’яўляюцца і ў іншых гарадах.


Мецэнаты. У апошнія гады ў Беларусі з’явіліся мецэнаты — фірмы, банкі, прыватныя асобы, якія поруч з дзяржавай фінансуюць культурныя праекты. З’ява, якая даўно існавала ў заможных краінах Захаду, у нас пачала развівацца толькі нядаўна, але вельмі актыўна. Міністэрства культуры цяпер штогод уручае дыпломы найшчадрэйшым спонсарам, дзякуючы якім у Беларусь прывозяцца з-за мяжы творы нацыянальных мастакоў мінулых стагоддзяў, ладзяцца выставы рарытэтаў, выдаюцца кнігі.


***

Беларуская культура шмат­аблічная. І за апошнія гады яна набыла новыя непаўторныя рысы. Мы захоўваем спадчыну, ствараем новыя творы літаратуры, мастацтва. Нашы традыцыі нягледзячы ні на якія павевы глабалізацыі жывуць у народзе. А значыць, будзе жыць і Беларусь, бо культура — адзін з важных складнікаў падмурка нашай дзяржаўнасці.

Віктар Корбут
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter