Зазірнем у недалёкую мінуўшчыну — 2015 год, падвядзём яго вынікі, каб зарыентавацца ў найбліжэйшай будучыні

Яркая палітра

Ставяцца мэты аб’яднаць інтэлектуальныя і духоўныя сілы грамадства для захавання гістарычна-культурнай спадчыны, развіцця народных традыцый, выхавання ў грамадзян любові да Айчыны, падтрымкі творчых ініцыятыў. Гэтая работа вялася і ў папярэднія гады. Але сёлета будзе нададзена асаблівая ўвага захаванню здабыткаў культуры і стварэнню новых знакавых работ у духоўнай сферы. Няцяжка прадказаць, у якім кірунку пойдзе дзейнасць творчых асоб, мецэнатаў. Апрача новых ініцыятыў будуць прадоўжаны старыя праекты, разлічаныя на доўгатэрміновую перспектыву. Зазірнем у недалёкую мінуўшчыну — 2015 год, падвядзём яго вынікі, каб зарыентавацца ў найбліжэйшай будучыні.


Слова міністру культуры Барысу Святлову:

— Праект Кодэкса аб культуры, над якім вялася праца досыць доўгі час, у канцы 2015 года быў прыняты ў першым чытанні, а канчаткова будзе ўхваленыў гэтым годзе. Удала, на мой погляд, выконвалася дзяржпраграма “Замкі Беларусі”. 2015-ы адзначаны прэм’ерамі спектакляў, фільмаў. На сцэне Купалаўскага тэатра адбылася прэм’ера “Чайкі”, якую затым убачылі ў Маскве. Да 70-годдзя Вялікай Перамогі тэатр стварыў яшчэ адну пастаноўку — “Другая сусветная”. Створаны беларускім кампазітарам Яўгенам Глебавым тры дзесяцігоддзі таму балет “Маленькі прынц” пастаўлены на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета. Оперная спявачка, меца-сапрана Аксана Волкава стала першай беларускай, якая адкрыла адзін з апошніх тэатральных сезонаў у Метрапалітэн-оперы ў Нью-Ёрку. Падзея пад заслону 2015-га — выстава твораў Гоя і Пікаса ў Нацыянальным мастацкім музеі.

А цяпер звернемся да іншых культурных падзей 2015-га. Пагаворым пра іх больш падрабязна. Адной з галоўных тэм года стала 70-я гадавіна Перамогі антыгітлераўскай кааліцыі над нацыскай Германіяй у Другой сусветнай вайне. У сувязі з ахвярамі, якія панесла Беларусь у гэтым змаганні, шмат было зроблена для ўвекавечання памяці продкаў, якія паклалі свае жыцці на алтар змагання за вольнасць і незалежнасць Бацькаўшчыны.

“Брама памяці” паўстала ў мемарыяльным комплексе “Трасцянец”


Трасцянец нароўні з Хатынню з’яўляецца сімвалам адной з найбуйнейшых трагедый ХХ стагоддзя, месцам нацыянальнай і агульначалавечай памяці пра ахвяры нацыскага генацыду. Яшчэ ў 2014 годзе там пачалося добраўпарадкаванне тэрыторыі. 22 чэрвеня ў прысутнасці Прэзідэнта быў адкрыты манумент “Брама памяці” работы скульптара Канстанціна Касцючэнкі. Мемарыяльны комплекс “Трасцянец” пад кіраўніцтвам архітэктара Ганны Аксёнавай у наступныя гады будзе дапоўнены новымі мемарыяльнымі знакамі. На падыходзе да “Брамы памяці” пракладзена “Дарога памяці” з гранітнымі знакамі ў памяць аб месцах у Беларусі, дзе нацысты знішчалі людзей.

У Валожыне з’явіўся помнік на месцы згубы людзей у 1942 годзе


2 ліпеня ў Валожыне, на былым гарадскім стадыёне, паміж вуліцамі Беларускай і Набярэжнай, адкрылі мемарыяльны знак у памяць аб мірных жыхарах горада, расстраляных там нацыстамі ў 1941-1942 гадах. У 2014 годзе пры будаўніцтве ў тым месцы былі знойдзеныя рэшткі 107 чалавек. Пра тое, што там пахаваны ахвяры фашызму, з 1961 года сведчыў манумент маці, якая смуткуе. Ля гэтай сімвалічнай фігуры ўстаноўлена пліта з надпісам: “У памяць мiрных жыхароў, расстраляных нацыстамi ў 1941-1942 гадах”. Новы памятны знак з’явіўся на месцы трагедыі часоў вайны з ініцыятывы рэдакцыі газеты “Советская Белоруссия” і групы кампаній “Трайпл”.


Адноўлена мазаіка на будынку мінскай гасцініцы “Турыст”


На мінскім гатэлі “Турыст” зноў з’явілася мазаіка Аляксандра Кішчанкі “Беларусь партызанская”. Сімвалічна, што ў яе рэстаўрацыі браў удзел сын аўтара — Аляксандр Кішчанка. Ён працуе ў майстэрнях “Белрэстаўрацыі”, дзе захавалася больш за палову арыгінальнага твора. Гэта ўсё, што ўдалося выратаваць з мура, з якога абсыпалася смальта пано. Ратавала пано каманда прафесіяналаў на чале з навуковым кіраўніком Аляксандрам Клімашонкам. Мазаіка была выканана ў 1973 годзе яна ўнесена ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў.

Беларускае народнае мастацтва прадстаўлена ў Санкт-Пецярбурзе і Варонежы


У Санкт-Пецярбурзе адкрылася выстава “Беларусы.by” з матэрыяламі з этнаграфічных даследаванняў Беларусі ў ХХ стагоддзі. У выставачнай зале размясцілі пяцьсот экспанатаў — традыцыйны беларускі касцюм, посуд, музычныя інструменты з калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. “Каб зразумець той ці іншы народ, далучыцца да яго традыцый, трэба ведаць, як ён жыў, што насіў, якія ў яго былі святы”, — падкрэсліў сэнс выставы Алег Рыжкоў, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея.

А Музей старажытнабеларускай культуры адправіў у Варонеж, леташнюю культурную сталіцу СНД, выставу “Мастацтва Беларусі: шлях у стагоддзях”. Дырэктар музея Барыс Лазука расказаў, што да расіян адпраўлена шмат рэчаў, якія ў часы ваяўнічага атэізму ратавалі з разбураных храмаў: “Варонежцы ўбачаць таксама ўборы святароў XVIII стагоддзя, слуцкія паясы — самы яркі элемент касцюма шляхцічаў таго часу. Гэта прадметы высокай культуры. Ім спадарожнічаюць вясковыя адзенне, посуд”.

Выстава слуцкіх паясоў прыбыла з Варшавы ў Мінск


Эва Арліньска-Мяноўска, захавальніца калекцыі тканін Нацыянальнага музея Польшчы, прывезла ў мінскі Нацыянальны мастацкі музей 6 паясоў, вырабленых у Слуцку ў XVIII стагоддзі. А ўвогуле ў польскім сховішчы іх — 59. У Беларусі слуцкі пояс — адзін з нацыянальных сімвалаў. Але і ў Польшчы гэтыя паясы ўспрымаюць як сваю нацыянальную спадчыну, агульную з беларусамі, бо ствараліся яны ў часы Рэчы Паспалітай, агульнай для нашых народаў дзяржаве. Эва Арліньска-Мяноўска ўдакладніла: “Навукоўцы называюць гэтыя паясы “кунтушовымі”, бо імі падпяразвалі кунтуш і жупан — мужчынскую вопратку. Выраблялі іх не толькі ў Слуцку, і не ў ім упершыню. Ткалі іх першапачаткова ў Індыі, Турцыі, Персіі (Іране). Вытворчасць была наладжана нават у італьянскай Венецыі ды французскім Ліёне”. Слуцкая мануфактура была заснавана Янам Маджарскім каля 1767 года са згоды, ініцыятывы Караля Станіслава Радзівіла Пане Каханку. Кадры на “персіярню” адбіралі з мясцовых жыхароў. За першыя дзесяць год кіравання персіярняй Ян Маджарскі вырабіў 758 паясоў.


Аднаўленчыя работы вядуцца на сярэднявечных замках


У студзені 2011 года Савет Міністраў зацвердзіў дзяржпраграму “Замкі Беларусі”. Завяршыцца яна павінна ў 2018-м. Да таго часу будуць адноўлены 38 аб’ектаў. Спецыялісты інстытута “Гроднаграмадзянпраект” і навуковы кіраўнік Уладзімір Бачкоў займаюцца інжынернымі даследаваннямі, праектаваннем першай чаргі рэстаўрацыі Старога замка ў Гродне. У Любчы з 2003 года не спыняюцца работы па аднаўленні вежаў і муроў замка. У іх удзельнічаюць валанцёры з Беларусі і замежжа. Падрыхтавана дакументацыя на кансервацыю 3 вежаў замка ў Навагрудку. У замак у Крэве рэстаўратары прыйдуць, як плануецца, ужо сёлета. У Гальшанах, як паведаміла Галіна Балінская, начальніца аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Ашмянскага райвыканкама, пачалася рэстаўрацыя паўночнай вежы палаца Сапегаў.

Археолагі ўдакладнілі, як выглядаў найстарэйшы храм у Полацку


Найстаражытны храм у Беларусі, які захаваўся да нашых дзён, — гэта Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку. Цэлыя не толькі муры XII стагоддзя, але і фрэскі таго ж часу ўнутры. Раскопкі, праведзеныя там нядаўна, змянілі ўяўленні аб першапачатковым абліччы храма. Аказалася, ён быў большы, чым той, які мы бачым цяпер. Пра адкрыцці расказалі Дзяніс Дук, кіраўнік навуковай экспедыцыі, прарэктар Полацкага дзяржуніверсітэта па вучэбнай рабоце, і супрацоўнік пецярбургскага Эрмітажа Яўгеній Торшын. Яны высветлілі, што па баках пабудовы існавалі галерэі, а перад галоўным фасадам — прыбудова, якія значна павялічвалі аб’ём будынка. У час раскопак навукоўцам пашанцавала не раз. У крыпце справа ад галоўнага ўваходу яны знайшлі пячатку самой Прападобнай Еўфрасінні — заснавальніцы царквы і манастыра пры ёй. У Міністэрстве культуры Беларусі цяпер разглядаюць пытанне аб далучэнні архітэктараў-рэстаўратараў з Расіі да даследавання канструкцый старадаўняга храма і стварэнні беларуска-расійскай каманды спецыялістаў, якія захаваюць і для нас, і для нашчадкаў гэты архітэктурны шэдэўр.

У Белавежскай пушчы ствараюць археалагічны музей пад адкрытым небам


Падстаў паехаць у Белавежскую пушчу неўзабаве стане больш. Акрамя зуброў і Дзеда Мароза, там можна будзе ўбачыць, як жылі нашы продкі ў 2016 годзе да нашай эры, а то і раней. Навукоўцы з Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук правялі раскопкі, якія прадоўжацца стварэннем на тэрыторыі нацыянальнага парку археалагічнага музея пад адкрытым небам — першага ў краіне. Адзін з аўтараў ідэі — Вадзім Лакіза, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі. Аказалася, не адзін зубр панаваў у пушчы. Там былі адкрыты стаянкі чалавека розных эпох.

Абразы з іканастаса жыровіцкага Успенскага сабора паказалі ў Нацыянальным мастацкім музеі


Больш за 5 гадоў таму супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея Аляксандр Ярашэвіч і Алена Карпенка паехалі ў старадаўні Жыровіцкі манастыр, каб паводле дамовы з Беларускай праваслаўнай царквой забраць адтуль абразы. Іх знялі з іканастаса, усталяванага ва Успенскім саборы яшчэ у 1732 годзе. Цяпер яны ў Нацыянальным мастацкім музеі — упершыню з XVIII стагоддзя мы можам бачыць гэтыя шэдэўры на адлегласці выцягнутай рукі. Бо калі яны ўпрыгожвалі іканастас, то знаходзіліся на шматмятровай вышыні, слаба даступныя погляду.


На вуліцах  Віцебска ў дні “Славянскага базару”

У Мсціславе і Гальшанах адбыліся міжнародныя фестывалі сярэднявечнай культуры


На Замкавай гары ў Мсціславе, горадзе на самай мяжы з Расіяй, рыцары сышліся ў двубоях. А на вуліцы былой сталіцы княства з’ехаліся народныя майстры і кулінары з усёй краіны, каб паказаць сваё майстэрства. Фестываль сярэднявечнай культуры ладзіцца там вось ужо каторы год запар. У Мсціславе свята сярэднявечнай культуры становіцца яшчэ і нагодай пабачыць касцёл Успення Найсвяцейшай Панны Марыі XVIII стагоддзя, іншыя помнікі архітэктуры. Сёлета фэст адбудзецца зноў. Як у Мсціславе, так і ў Гальшанах, дзе таксама штогод збіраюцца рыцары і турысты. У 2015-м на фестывалі адзначалі 735-годдзе першай згадкі паселішча ў гістарычных хроніках, 610 гадоў з дня нараджэння родапачынальніцы польска-літоўскай каралеўскай дынастыі Ягелонаў Соф’і Гальшанскай і 405 гадоў з моманту пабудовы палаца Сапегаў, які адлюстраваў як “чорны замак” у сваім дэтэктыўным рамане Уладзімір Караткевіч.

250-годдзе Міхала Клеафаса Агінскага і 145-годдзе Фердынанда Рушчыца адзначылі разам беларусы, літоўцы і палякі


Да 250-годдзя кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага, якое ўвесь свет паводле пастановы ЮНЕСКА адзначаў у 2015 годзе, беларусы паставіліся з асаблівым пачуццём. Адрэстаўраваны яго маёнтак у Залессі. А дыпламат і калекцыянер Пётр Краўчанка перадаў у адноўленую сядзібу, што стала музеем, копіі 4 дакументаў канца XVIII — пачатку XIX стагоддзяў, арыгіналы якіх набыў на аўкцыёнах. Фінальны і самы яркі акорд урачыстасцяў прагучаў у Мінску. У Нацыянальным гістарычным музеі прадставілі кубак, які належаў унуку М.-К.Агінскага Багдану. Гэта адзін з нямногіх арыгінальных прадметаў, што маюць дачыненне да шляхецкай сям’і, якія захоўваюцца ў нашай краіне. У Мінск срэбны кубак трапіў з Рэтаваса, маёнтка Багдана Агінскага ў Літве, ля Палангі. А вось дзе б ні тварыў Фердынанд Рушчыц — у Санкт-Пецярбурзе, Кракаве, Варшаве, Вільні, — ён заўсёды вяртаўся на радзіму ў Багданава, вёску ў цяперашнім Валожынскім раёне. Пейзажы роднага сяла і яго наваколляў — найлепшыя працы ў творчасці мастака, 145-годдзе якога ў канцы 2015 года ўпершыню разам адзначалі ў Багданаве беларусы, літоўцы, палякі. Бо кожны з трох народаў лічыць Рушчыца сваім. Ён нас аб’ядноўвае. Да нядаўняга часу ў нашай краіне захоўвалася толькі адна праца жывапісца — “Ля касцёла”. Генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў паклапаціўся пра выданне першага ў Беларусі альбома з творамі Рушчыца. І галоўнае, пра што нагадаў сп. Пракапцоў: трэба аднавіць сядзібу мастака ў Багданаве. Менавіта там бачыцца будучы культурна-турыстычны цэнтр. І аднаўленчыя работы плануюць пачаць ужо сёлета.

У краіне з’явіліся арыгінальныя творы Валентыя Ваньковіча, Леона Бакста і Казіміра Малевіча


Валенты Ваньковіч — мастак XIX стагоддзя родам з-пад Мінска і звязаны з ім шматлікімі ніткамі біяграфіі. Але да нядаўняга часу ў Беларусі не было ніводнай сапраўднай карціны майстра. Партрэт пісьменніка Тамаша Зана яго пэндзля прывезлі з Санкт-Пецярбурга. Аб існаванні шэдэўра да нядаўняга часу не ведалі нават спецыялісты. Цяпер палатно належыць да карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка, а захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі. Чатыры творы мастака з Гродна Леона Бакста набыў Белгазпрамбанк для свайго карпаратыўнага збору ў прыватных калекцыянераў у Расіі ды Вялікабрытаніі. У 2016 годзе споўніцца 150 гадоў з дня нараджэння майстра. А яшчэ з 1994 года ў Новым замку Гродна вісіць карціна Казіміра Малевіча. Праўда, аўтарства пазначана са знакам пытання. Дырэктар Гро­дзенскага гістарычна-археалагічнага музея Юры Кітурка не сумняваецца: намаляваны алеем на фанеры чалавек з лапатай — твор знакамітага мастака, які працаваў разам з Маркам Шагалам у Віцебску.

Выдадзены першыя паштоўкі, прысвечаныя беларускім мясцінам Вільні


Камплект паштовак “Vilnius — Вiльня. Сталiца Лiтвы ў гiсторыi Беларусi” выйшаў у мінскім выдавецтве “Рыфтур”. Гэта першыя ў гісторыі паштоўкі на беларускай мове, прысвечаныя Вільні і яе славутасцям. Вільня — горад, дзе ўбачылі свет першыя беларускія кнігі, надрукаваныя там у пачатку XVI стагоддзя Францыскам Скарынам. У пачатку ХХ стагоддзя там выдаваліся першыя беларускія газеты, адкрываліся першыя беларускія школы. Набор паштовак адлюстроўвае 10 будынкаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю ў старажытным горадзе вядомых дзеячаў беларускай, літоўскай, польскай культуры.

У Год культуры плануецца адзна­чыць 25-годдзе “Славянскага базару”. Яшчэ адна важная дата — 75-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна. Шмат юбілеяў пісьменнікаў: 95-годдзе з дня нараджэння Івана Шамякіна, 120-годдзе з дня нараджэння Кандрата Крапівы, 125-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Увесь год будзе весціся падрыхтоўка да мерапрыемстваў з нагоды гадавін нараджэння Янкі Купалы, Якуба Коласа, якія адзначым у 2017-м. Сёлета мае адбыцца каля 60 міжнародных фестываляў, Дні культуры Беларусі ў розных краінах свету: Расіі, Лаосе, В’етнаме, Турцыі, Венесуэле. У Беларусі плануюцца Дні культуры Арменіі, Малдовы, Латвіі, Эстоніі, Пакістана. Актыўна развіваецца культурнае супрацоўніцтва з Кітаем. Рыхтуецца выстава беларускіх праваслаўных і каталіцкіх абразоў у Ватыкане. Нарэшце будзе завершана рэканструкцыя кінастудыі “Беларусьфільм”. Будуць адкрытыя новыя аб’екты па дзяржпраграме “Замкі Беларусі”. 2016-ы стане годам папулярызацыі беларускага мастацтва.

Віктар Корбут
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter