Вызов экстренных служб, карта города и Wi-Fi: чем смогут пользоваться пассажиры на первой умной остановке

Яркая кропка на маршруце

Адкрыты аўкцыён па продажы права арэнды адкрытай пляцоўкі на пяць гадоў для размяшчэння «Разумнага прыпынку» аб’явіў Мінскі гарадскі цэнтр нерухомасці. 

Павільён усталююць у людным месцы.

Для абсталявання «Разумнага прыпынку» абрана тэрыторыя плошчай 40 «квадратаў», на якой знаходзіцца прыпыначны пункт «Ст.м. «Няміга», калі ехаць у бок Вялікага опернага тэатра. 

— Гэта дастаткова люднае месца ў цэнтры горада, побач выхад з метро, гістарычны цэнтр, — растлумачыў такі выбар Ціхан Чашэйка, намеснік начальніка аддзела па арганізацыі і правядзенні аўкцыёнаў і конкурсаў Мінскага гарадскога цэнтра нерухомасці.

Па ўмовах аўкцыёну прыпыначны павільён с трыма сценамі неабходна абсталяваць праграмна-апаратным комплексам і процівандальным інфармацыйным сэнсарным экранам. Дзякуючы яму пасажыры змогуць даведацца аб кошце праезду, маршрутах пасажырскага транспарту і раскладзе іх руху, у тым ліку актуальную інфармацыю аб прыбыцці на гэты прыпынак бліжэйшага і наступнага аўтобуса ці тралейбуса. Калі ў маршрутах транспарту, які ходзіць праз гэты прыпанак, адбудуцца змяненні, яны таксама адлюструюцца на экране. І гэта яшчэ не ўсё: некалькімі дотыкамі да інфармацыйнага экрана можна будзе «выклікаць» карту горада, яго славутасці і аб’екты агульнага харчавання, а таксама пракласці аптымальны маршрут да іх. У выпадку ўзнікнення надзвычайных сітуацый экран абавязкова аб гэтым абвесціць. 

Акрамя таго, у прыпыначным павільёне прадугледжаны кнопкі экстраннага рэагавання для выкліку медыкаў, супрацоўнікаў міліцыі або МНС.

Бавячы час у чаканні патрэбнага транспарту, пасажыры змогуць бясплатна зарадзіць свой мабільны тэлефон або планшэт, а таксама зрабіць неабходныя плацяжы праз тэрмінал самаабслугоўвання. Не забыліся і пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі: актывізацыя спецыяльнай таблічкі паведаміць вадзіцелю аб прысутнасці на прыпынку інваліда. Ну і, зразумела, «Разумны прыпынак» павінен прадастаўляць пасажырам бясплатны Wi-Fi. 


Варта ведаць і пра тое, што павільён з высокатэхналагічным абсталяваннем будзе аснашчаны камерамі відэаназірання.

Зрэшты, такія прыпынкі – звычайная практыка ў многіх еўрапейскіх гарадах. Два гады таму падобны, толькі з меншым наборам функцый, з’явіўся ў Гомелі, на прыпынку «Фабрыка «8 Сакавіка». У Мінску ж ён будзе першым, але, верагодна, не апошнім.

— Гэта пілотны праект, і калі ён стане паспяховым, магчыма, з’явіцца цэлая канцэпцыя абсталявання горада такімі інтэрактыўнымі прыпынкамі, — зазначыў Ціхан Чашэйка. 

Аўкцыённымі таргамі, якія пройдуць 7 снежня, ужо заці-кавіліся некаторыя арганізацыі. Між тым зусім нятанны аб’ект з’яўляецца ў першую чаргу сацыяльным. Размяшчэнне гандлёвых павільёнаў на пляцоўцы цалкам выключаецца. Але побач захаваюцца кіёскі «Белсаюздруку» і «Мінсктранса».

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter