Яркае свята непаўторнага лета

«Жавароначкі» і «Шчабятушкі» зачаравалі балгарскую публіку

Беларускія «Жавароначкі» і «Шчабятушкі» літаральна зачаравалі балгарскую публіку

Гэтыя два дзіцячыя калектывы Стаўбцоўскай школы мастацтваў, што на Міншчыне, ужо даўно мелі намер паказаць сваю творчасць на замежнай сцэне. Балазе, іх высокі прафесійны ўзровень з’яўляецца для гэтага добрай падставай. Міжнародны музычна-танцавальны фестываль «Сонечная Балгарыя»? А чаму б і не!

Кіраўнікі калектываў сабралі бацькоў і дзяцей, параіліся і вырашылі ехаць. І вось беларускія дзеці ў найпрыгажэйшым прыморскім горадзе Балгарыі — Балчыку. «На гэтым адметным фестывалі, сапраўды, сустрэліся песні і танцы розных народаў. Многа прадстаўнікоў было з рэгіёнаў Украіны, Малдовы, Расіі, з самой Балгарыі. З Беларусі былі толькі нашы калектывы, так што было ўдвая адказна, бо мы прадстаўлялі цэлую краіну», — расказвае кіраўнік узорнага ансамбля народнай песні «Жавароначкі» Людміла Канаплянікава-Доўнар.

«Для нашай дэлегацыі ўвесь фестываль прайшоў на хвалі вялікага творчага ўздыму. Эмоцыі пачалі нарастаць у час праходу па галоўнай вуліцы і плошчы горада. З беларускім флагам у руках, у нацыянальных касцюмах, з песнямі і танцамі мы ішлі ў пярэстай шматнацыянальнай калоне. І крычалі «Беларусь!» грамчэй за іншыя дэлегацыі. А тады глядзім, што людзі, якія ідуць паўз наша шэсце, таксама крычаць «Беларусь!», апладзіруюць, махаюць рукамі. Гэта турысты з нашай краіны. Было вельмі прыемна адчуць такую падтрымку. Беларуская мова і песня годна гучалі ў балгарскім горадзе», — падхоплівае аповед кіраўнік харэаграфічнага ансамбля «Шчабятушкі» Юлія Бохан.

На галоўнай плошчы горада была збудавана вялікая адкрытая пляцоўка. Шмат хваляванняў было ў два конкурсныя дні. Не абышлося і без прыгод. «Толькі нашым «Жавароначкам» выходзіць на сцэну, як нечакана сыпануў дождж. Было і сонца, і вясёлка. Канцэрт перапыніўся ненадоўга, арганізатары з дапамогай спецыяльных фенаў высушылі сцэну, і конкурсная праграма працягнулася. Асвежаныя пасля спякоты, нашы юныя артысты былі на вышыні», — расказвае Людміла Канаплянікава-Доўнар. Ратавала ўсіх ад дажджу вялікае блакітнае палотнішча, якое было рэквізітам для харэаграфічнай кампазіцыі «Васільковыя далі». З усмешкай зараз артысты ўспамінаюць, як выкручвалі і сушылі яго, бо вось-вось трэба было выступаць.

І дзеці, і іх педагогі адчувалі, што паказалі сябе добра. Але, як прызнаюцца, калі ішлі на сцэну атрымліваць дыпломы, то не спадзяваліся, што будуць яны такога высокага кшталту: адразу два стаўбцоўскія калектывы былі ўдастоены першых месцаў. «Калі мы ўбачылі гэтыя лічбы, то эмоцыі, канечне, не ўмяшчаліся ў душы, ды мы іх и не хавалі. Гэты поспех — вялікае натхненне і моцны штуршок для далейшага творчага развіцця», — гавораць усе ў адзін голас. Да таго ж дыпломы атрымалі і дзеткі, што выступалі сольна. А дзесяцігадовая Мілана Бондарава проста зачаравала ўсіх сваім непаўторным вобразам і майстэрскім выкананнем беларускай песні. У выніку дзяўчынка была ўдастоена прыза глядацкіх сімпатый і права выступлення на канцэрце лаўрэатаў Гран-пры ў горадзе Добрычы.

У час фестывалю артысты не толькі ўдзельнічалі ў творчым спаборніцтве. Арганізатары падрыхтавалі пазнавальныя экскурсіі, было шмат забаўляльных і спартыўных мерапрыемстваў, дзеці купаліся ў моры. Па словах кіраўнікоў нашых калектываў, усіх вельмі ўразіла тое, што на балгарскім тэлебачанні трансліравалася аж некалькі каналаў, прысвечаных выключна фальклору, розным яго жанрам, здабыткам, носьбітам і самабытным калектывам.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
3.13
Загрузка...
Новости