У чаканнi базара: хто спяе на фестывалi у Вiцебску

Яны яшчэ спяюць

У суботу ў Маладзёжным тэатры эстрады завяршыліся адборачныя туры да песенных – дарослага і дзіцячага — конкурсаў «Славянскага базару ў Віцебску». Пасля фінальных канцэртаў журы абвясціла вынікі і імёны салістаў, якія ў ліпені выступяць ад нашай краіны на сцэне міжнароднага форуму мастацтваў.

Нашым прадстаўніком на XXVII Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2018» названы Яўген Курчыч. Малады артыст набраў 179 балаў са 180 магчымых, што дазволіла яму стаць безумоўным лідарам сярод дзесяці фіналістаў — прэтэндэнтаў на перамогу.

Яўген Курчыч – ураджэнец Слуцка, а зараз мінчанін, яму 27 гадоў. Прафесійны музыкант, спявак, удзельнік групы ADAGIO, якая сёлета стала фіналістам адбору на «Еўрабачанне» ад нашай краіны. Вядомы пад псеўданімам Слуцкі.

Яўген КУРЧЫЧ
фота  белта

Малады чалавек з чырвоным дыпломам закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, зараз там жа выкладае на кафедры мастацтва эстрады, магістр мастацтвазнаўства. Яўген — лаўрэат міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, пераможца тэлепраекта «Акадэмія талентаў», мастацкі кіраўнік шоу-гурта «Маракасы». 

Перамогу ў фінальным туры Яўген лічыць для сябе вялікім гонарам, ішоў да яе восем гадоў, трапіць у лік удзельнікаў прэстыжнага віцебскага міжнароднага вакальнага конкурсу спрабаваў з 2010-га. Цяпер, кажа, будзе шмат і старанна працаваць, рэпеціраваць, каб не падвесці і годна выступіць за Беларусь.

Дзесяць фіналістаў змагаліся за права прадставіць нашу краіну на дзіцячым музычным конкурсе «Славянскага базару». У выніку  яго атрымаў 12-гадовы Арцём Скароль з Ашмян. Дзве песні, выкананыя юным артыстам, журы на чале з народным артыстам Беларусі Васілём Раінчыкам ацаніла найвышэйшай колькасцю балаў — 118!

Арцём — вучань сярэдняй школы №1 горада Ашмяны, там жа займаецца ў студыі эстрадных спеваў. У Ашмянскай дзіцячай школе мастацтваў вучыцца ігры на фартэпіяна. Акрамя таго, ужо два гады ён — выхаванец Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя. У.Мулявіна.

Арцём СКАРОЛЬ

Перамога ў фінальным адборы на конкурс у Віцебску не адзінае высокае дасягненне Арцёма ў музыцы. Ён мае паспяховы вопыт выступленняў на міжнародных творчых форумах у Беларусі, Расіі, Грузіі, краінах Еўропы. У мінулым годзе таксама ўвайшоў у дзясятку фіналістаў нацыянальнага адбору на Міжнародны дзіцячы музычны конкурс «Віцебск» і атрымаў вопыт на адборачным туры дзіцячага «Еўрабачання-2017».

Акрамя прэтэндэнтаў на ўдзел у конкурсах «Славянскага базару ў Віцебску» на сцэне Тэатра эстрады выступілі вядомыя артысты і калектывы — Вікторыя Алешка, Вольга Вронская, Аляксандр Сухараў, Ганна Благава, Вольга Змуршчык, ансамблі «Верасы» і «Заранак», гурт «PROвокация».

Тэлеверсіі фіналаў нацыянальных адборачных тураў 24-га і 25 сакавіка пакажа канал «Беларусь 3».

Ірына ЮР’ЕВА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter