В «Большом камне» появился новый резидент, который реализует концепцию разумного города

Яны ствараюць горад будучыні

У спісе рэзідэнтаў Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» чарговае папаўненне. Учора на Пекінскім праспекце прапісалася міжнародная тэхналагічная кітайская кампанія «Сіньлянь». Яна спецыялізуецца на вытворчасці прадукцыі з выкарыстаннем вялікіх аб’ёмаў даных, рэалізацыі канцэпцыі разумнага горада. Паслугі кампаніі будуць арыентаваныя на беларускі рынак, у першую чаргу на гарады Мінскай вобласці. Да 2021 года на прадпрыемстве плануецца стварыць 40 працоўных месцаў.



Першы намеснік кіраўніка адміністрацыі парка Ігар Ляшчонак, вітаючы новага рэзідэнта, адзначыў:

— Новы рэзідэнт гарманічна ўпішацца ў наш парк. Мы разам будуем сучасны разумны горад, у якім будзе не толькі спалучацца вытворчасць, але і надавацца вялікая ўвага экалогіі, умовам для жыцця людзей, якія працуюць і жывуць тут. Тыя рашэнні для разумнага горада, якія прапануе кампанія «Сіньлянь», будуць запатрабаваныя не толькі ў парку, але і ў краіне і за яе межамі.

Кампанія ў Беларусі будзе займацца ў першую чаргу стварэннем сістэмы дынамічнага адсочвання маршрутаў руху транспарту, разумных парковак, сістэм па электроннай рэгістратуры ў паліклініцы. Усё гэта ўжо ў хуткім часе з’явіцца ў парку — ён паслужыць пляцоўкай апрабавання сістэмы разумнага горада і транспарту. Далей такія праекты змогуць укараняцца паўсюдна.

Перад цырымоніяй падпісання дамовы аб уступленні рэзідэнта прадстаўнікі кампаніі «Сіньлянь» паказалі электронны кодавы замок для дзвярэй, які з’яўляецца адным са складальнікаў сістэмы разумнага дома. Ён дазваляе ўваходзіць у жылое памяшканне праз увядзенне кода, выкарыстанне ключа-карты ці праз сістэму распазнавання адбітка пальца. Сістэмай можна кіраваць праз мабільны дадатак. Таксама праз смартфон можна будзе кіраваць і іншымі прадуктамі кампаніі для дома, над якімі яна будзе працаваць.



Намеснік генеральнага дырэктара кампаніі па развіцці індустрыяльнага парка Жэнь Фэй падкрэсліў: індустрыяльны парк ужо дамогся значных поспехаў у прыцягненні інвестыцый:

— У 2019 годзе мы працягнем прыцягваць інвестыцыі і павышаць якасць абслугоўвання інвестараў. Плануем зрабіць парк прамысловым экалагічна-чыстым горадам. Для гэтага мы па-ранейшаму будзем старацца запрашаць прадпрыемствы са сферы высокіх тэхналогій. Новы рэзідэнт адказвае гэтаму патрабаванню.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter