Яны спявалі за Радзіму

«Беларусь 1» прадстаўляе праект «Яны спявалі за Радзіму»

Тэлеканал «Беларусь 1», Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі сумесна з дзіцячым хорам Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прадстаўляюць праект «Яны спявалі за Радзіму», прымеркаваны да 70-годдзя беларускай наступальнай аперацыі «Баграціён». Усяго гледачы ўбачаць 10 фільмаў. У выкананні дзіцячага хору прагучаць усім вядомыя «Свяшчэнная вайна», «У зямлянцы», «Кацюша», «Сіняя хустачка», «Песня ваенных карэспандэнтаў», «Эх, дарогі», «Смуглянка», «Нам патрэбна адна перамога» і «Дзень Перамогі».

Паралельна ў праграмах будзе гучаць аповед пра гісторыю стварэння той ці іншай песні, пра аўтараў, першых выканаўцаў.

— У цыкле «Яны спявалі за Радзіму» праз песенную біяграфію можна будзе прасачыць усю вайну, праз аўтараў — шматнацыянальнасць, а таксама ўбачыць наш, беларускі след як у аўтараў, так і ў дарогах вайны, — расказаў дырэктар Агенцтва тэленавін, кіраўнік праекта Кірыл Казакоў.

Экспертамі праекта стануць больш за два дзясяткі вядомых асоб: кампазітары, музыканты, выканаўцы, артысты, крытыкі. Сярод іх — Аляксандр Анісімаў, Васіль Раінчык, Аляксандр Ціхановіч, Эдуард Ханок, Ігар Лучанок, Людміла Саянкова, Леў Лешчанка, Мікалай Растаргуеў, Эдзіта П’еха, Тамара Гвердцытэлі, Таісія Павалій, Дзмітрый Хварастоўскі, Васіль Ланавой і іншыя.

Аўтар праекта Міхаіл Равуцкі адзначае, што зоркі прысутнічаюць на экране не дзеля прыгожай карцінкі, яны раскажуць пра тыя песні, якія ім блізкія, пра падзеі, рэальнымі сведкамі якіх яны былі.

З першай серыі «Свяшчэнная вайна» гледачы даведаюцца, што 24 чэрвеня 1941 года ў газетах «Известия» и «Красная звезда» быў апублікаваны верш Лебедзева-Кумача «Свяшчэнная вайна». Адразу ж пасля публікацыі кампазітар Аляксандраў напісаў да яго музыку. Друкаваць словы і ноты не было часу, і кампазітар напісаў іх мелам на дошцы, а спевакі і музыканты перапісалі ў свае сшыткі. Яшчэ дзень быў адведзены на рэпетыцыю. І ўжо 26 чэрвеня 1941 года на Беларускім вакзале адбылася прэм’ера песні. Па ўспамінах відавочцаў, «Свяшчэнную вайну» ў той дзень выканалі пяць разоў запар.

Прэм’ера цыкла «Яны спявалі за Радзіму» адбу¬дзецца 23 чэрвеня ў 22.10 на канале «Беларусь 1».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter