Почему День радио остается главным праздником для всех жителей поселка Сосновый под Осиповичами

Яны былі на грэбені хвалі

Пасёлак Сасновы ў Асіповіцкім раёне — самы малады. У гэтым годзе ён адзначыў свой шасцідзясяты год нараджэння. Раней, узгадвае мясцовая жыхарка Лідзія Занеўская, пасёлак у народзе лічыўся элітным. Насельнікі мелі кватэры з гарадскімі выгодамі, свае амбулаторыю і клуб, пошту і дзіцячы садок, лазню і бібліятэку. Сасновы на карце былога Савецкага Саюза з’явіўся не проста так: яго пабудавалі спецыяльна для работнікаў радыёцэнтра, які заснавалі непадалёк. Менавіта адсюль вялася трансляцыя праграм Усесаюзнага і Беларускага радыё на захад вялікай тады краіны і нават на замежныя дзяржавы. 

Радыёвышка  ў  Сасновым  была адной з самых высокіх у СССР.

Гэта наша з табой біяграфія

З пераходам на лічбавыя тэх­налогіі неабходнасць у гэтым вузле адпала, і два гады таму яго закрылі. 350-метровая радыёвышка пайшла на металалом. Лідзія Андрэеўна не ўтойвае: 

— Калі металічную вышку пад­рывалі, я плакала. З ёю, можна сказаць, звязана ўся мая біяграфія. Лічыце самі: нам з мужам было крыху за дваццаць, калі мы ў пачатку шасцідзясятых пераехалі сюды з Калодзішчаў. Пачалі працаваць, калі будаўніцтва радыёвузла яшчэ працягвалася. Дапамагалі рыхтаваць яго да здачы: мылі памяшканні, добраўпарадкавалі тэрыторыю. 

Спачатку Лідзія Занеўская заняла пасаду інжынера па эксплуатацыі, потым стала начальнікам змены. Як і іншым спецыялістам, маладой сям’і выдзелілі кватэру на два пакоі. У параўнанні з суседзямі з бліжэйшых вёсак пераваг было нямала. Заробкі вышэй за сярэднія, камунальнае забеспячэнне. «Электрыкі і сантэхнікі прадпрыемства, — патлумачыла Лідзія Андрэеўна, — абслугоўвалі яшчэ і жылы фонд. Таму ўсе камунікацыі працавалі, як добра адладжаны механізм». Радыё­цэнтр Сасновы меў саюзнае падпарадкаванне — гэтая акалічнасць дадавала пераваг пасёлку, дзе жылі супрацоўнікі вузла:

— Пасёлак меў уласнае радыё. Рэпрадуктар знаходзіўся ля магазіна. З яго дапамогай перадавалі і мясцовыя навіны, і саюзныя. Слухалі музыку, у тым ліку падчас свят. 

Словам, Сасновы доў­гі час не меў назвы — некалькі гадоў лічыўся проста адной з «паштовых скрынак» раёна. Імя жыхары прыдумвалі самі, а падказала яго навакольная прырода: для новага пасёлка плошчу прасеклі акурат у сасновым лесе. Што можа больш дакладна ахарактарызаваць новы населены пункт? Прапанову жыхароў падтрымалі і «зверху». А трансляцыю Сасновы пачаў 1 студзеня 1963-га. Пер­шым у эфіры прагучала радыё «Маяк». Яшчэ адзін старажыл — Барыс Яфрэменка прызнаўся, што пачуццё гордасці на той момант не мела меж:

— Было прыемна ўсведамляць, што ты да гэтага таксама маеш самае непасрэднае дачыненне. 
Лідзія ЗАНЕЎСКАЯ: «Калі металічную вышку пад рывалі, я плакала». 

Танцы на вышыні

Радыё для Барыса Пахомавіча — галоўная сувязь са светам і сёння. Прыёмнік «Акіян» па загадзе гаспадара «ажывае» некалькі разоў на дзень. Яфрэменка ўдакладняе, што аналагавае вяшчанне да канца не здалі: хай сабе і ў невялікім аб’ёме, але вяшчанне існуе, праўда, зараз толькі на доўгіх хвалях. Раней, кажа ён, ахоп уражваў больш: «Радыёаматары нашы хвалі нават у Канадзе лавілі». Яго зямлячка дзевяностагадовая Кацярына Скуя час работы ў радыёцэнтры таксама згадвае як самы значны ў працоўнай біяграфіі:

— Да таго працавала на чыгунцы. А сюды прыехала ў якасці будаўніка.
Барыс ЯФРЭМЕНКА:  «Калі радыё  цэнтр пачаў працаваць, радасці не было меж».


Калі будоўля завяршылася, смелая дзяўчына папрасілася ў штат. Ёй прапанавалі вакансію антэншчыка-мачтоўніка. Прафе­сія не з простых: кожны дзень прыходзілася падымацца на вышку, якая на той момант лічылася адной з самых высокіх у краіне. Напарнікамі з’яўляліся выключна мужчыны, якія яе не вельмі прывячалі. Аднак усё роўна лічыліся:

— Характар у мяце цвёрды. Я і з разводам, калі сямейнае жыццё не заладзілася, цягнуць не стала — парвала адным разам. А вышыні не баялася: выходзіла на адкрытую пляцоўку на ўзроўні 45 метраў ад зямлі. Хоць танцаваць там магла! Калі мачту фарбавала, з пэндзлем перамяшчалася па перыметры, у тым ліку і звонку. На вышыні мяняла і лямпы, прычым хутчэй за мужчын. 
Кацярыну СКУЯ ў пасёлку лічаць сваёй Пашай АНГЕЛІНАЙ.

Землякі лічаць пенсіянерку сваёй Пашай Ангелінай. У Савецкім Саюзе, сцвярджаюць, дзяўчат на такіх пасадах больш не было. Кожны дзень, у спякоту ці мароз, Кацярына Скуя падымалася на вышыню больш за 23 паверхі. І так на працягу 30 гадоў. Пасля 45 гадоў з’явілася магчымасць перайсці на больш лёгкую работу, аднак жанчына адмовілася. Заявіла, што на пенсію пойдзе толькі антэншчыцай. Слова не проста стрымала: калі ўлічыць, што бацька ў свой час «памаладзіў» яе на два гады, адпрацавала нават больш, чым трэба. Адпачынак таксама любіла актыўны — у вольны час спявала. Дарэчы, тады людзі самі сябе забаўлялі. Калектыў мя­сцовага клуба «Журавушка» выязджаў на гастролі ў суседнія вёскі. Гэты культурны брэнд існуе і зараз, хаця выступае пад ім «моладзь» — каму ў асноўным сорак плюс. «А нашы пенсіянерскія будні напоўнены звычайнымі клопатамі людзей шаноўнага ўзросту. Радуемся прыезду дзяцей, унукаў. У многіх ужо і праўнукі ёсць, – падзялілася Лідзія Занеўская. — Шмат часу забіраюць і агароды». 

Ветэранаў-пер­шапра­ходцаў радыёцэнтра засталося не так многа — каля 20 чалавек. Прыкладна дзясятая частка ад усіх насельнікаў Сасновага. Калі пасёлак толькі па­чынаў ад­лік сваёй біягра­фіі, амаль усе яго жыхары пра­цавалі ў радыё­цэнт­ры. З таго часу прафесійны вектар сас­ноў­цаў па­шы­рыўся. Тым не менш Дзень радыё застаецца галоўным святам для ўсіх мясцовых жыхароў. «Хай сабе і з дапамогай «лічбы», але пульс жыцця краіны і свету нам чутны, як і раней. А гэта, — выказала агульную думку Лідзія Занеўская, — галоўнае».

КАМЕНТАРЫЙ У ТЭМУ

Віталь Агеенка, начальнік камерцыйнай службы Магілёўскага філіяла РУП «Белтэлекам»:


— Чаму лічбавае вяшчанне набывае масавы характар? У чым яго перавага над аналагавым? Адказ просты: устойлівасцю да радыёперашкод і добрай адчувальнасцю. З дапамогай «лічбы» сёння мы атрымліваем сігналы нават з Марса — нягледзячы на шумы і іншыя акалічнасці, да Зямлі яны даходзяць у добрай якасці. Нагадаю, што ў нашай краіне і ў Магілёўскай вобласці ў прыватнасці пераход на «лічбу» праходзіў паступова. Некаторыя катэгорыі грамадзян новымі прыёмнікамі, якія могуць лавіць радыёсігналы ў новых абставінах, дзяржава забяспечвала бясплатна. Астатнія мелі магчымасць набыць іх па цане, блізкай да сабекошту. 

markova@sb.by

Фота аўтара і Ніны Царык
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter