Рэжысёр, драматург, акцёр Васіль Дранько-Майсюк разважае пра літаратуру для дзяцей

Янка Маўр у коміксах

Як зацікавіць дзяцей чытаннем?

Варта зайсці ў кнігарню, каб зразумець, — выдавецкая справа сёння не ў заняпадзе. На паліцах можна знайсці літаратуру на любы густ і ўзрост. Палітра моладзевых і дзіцяча-юнацкіх кніг таксама разнастайная — ад класікі да фэнтэзі. Але дарослыя не перастаюць наракаць: дзеці мала чытаюць. Рэжысёр, драматург, акцёр, літаратурны рэдактар дзіцячага часопіса “Вясёлка” Васіль Дранько-Майсюк упэўнены: у беларускіх класікаў і сучаснікаў шмат адметных і надзвычайных твораў, але часам іх трэба прэзентаваць па-новаму, напрыклад, у выглядзе... коміксаў.

Фота з асабістага архіва
— Васіль, вы выраслі ў творчай сям’і. Ваш бацька вядомы беларускі паэт, а маці журналістка. У вас была традыцыя сямейнага чытання?

— Памятаю, як бацькі расказвалі мне неверагодныя прыдуманыя казкі. Я не проста слухаў, але і актыўна ўключаўся ў працэс: мы размяркоўвалі ролі і стваралі дома хатні тэатр. Тата і бабуля, Валянціна Ніканораўна Шчадрына, вечарамі радавалі мяне апавяданнямі Уладзіміра Караткевіча (дарэчы, бабуля перакладала творы нашага класіка на русскую мову). Гумар, чэрці, нечаканыя прыгоды — да дрыжыкаў!

Калі ўзгадваць замежных пісьменнікаў, фаварытамі былі Астрыд Ліндгрэн з “Карлсанам” і Алан Мілн з “Віні-Пухам”. Першы раз я пачуў аб прыгодах герояў гэтых казак з вуснаў мамы. А вось казкі Андэрсэна не любіў — дужа дэпрэсіўныя, ад іх веяла холадам і бязвыхаднасцю. Іншая справа — творы братоў Грым, такія карнавальныя хорар-казкі.

Памятаю, як адкрыў для сябе Янку Маўра. Узяць, да прыкладу, яго “Падарожжа ў пекла”. Два піянеры здзейснілі немагчымае: арганізавалі ў апраметнай рэвалюцыю, скінулі тырана Люцыпара і зрабілі пекла свабодным краем, дзе простыя чэрці і грэшнікі сталі аднолькавымі гаспадарамі. Не адарвацца! Янка Маўр — гэта не толькі “Палескія рабінзоны”. “У краіне райскай птушкі”, “Слёзы Тубі”, “Шлях з цемры”, “Сын вады”... Ён быў каралём беларускай прыгодніцкай літаратуры першай паловы ХХ стагоддзя. І дзецям трэба расказваць аб нашых выбітных аўтарах. Прадстаўляць іх творы ў іншым ракурсе. Напрыклад, на старонках “Вясёлкі” мы размясцілі аповесць “Падарожжа ў пекла” ў выглядзе коміксаў. Атрымалася дынамічна і маляўніча.

— У сучасным імклівым свеце дзеці з маленства цягнуцца не за кнігай, а за смартфонам ці планшэтам. Як зацікавіць дзяцей чытаннем?

— Галоўнае, рабіць гэта без прымусу. Самы надзейны сродак — уласны прыклад. Калі малы бачыць, што мама і тата ўвесь вольны час глядзяць тэлевізар ці не выпускаюць з рук смартфон, зразумела, што ў яго не з’явіцца жадання пачытаць кнігу. Але не трэба адмаўляцца і ад тэхнічнага прагрэсу.

Электронная альбо папяровая кніга? Адно аднаму не перашкаджае. У метро зручней выкарыстоўваць першы варыянт, дома прыемна адчуць энергетыку і цеплыню “жывых” папяровых старонках.

Вельмі важна, каб дзеці чыталі, ведалі і любілі творы сваіх, беларускіх пісьменнікаў. А якія сродкі дапамогуць ім у гэтым — пытанне другараднае.

— Часам бацькі ў разгубленасці стаяць перад паліцамі ў кнігарнях, ламаючы галаву, якую кнігу купіць дачцэ ці сыну. На якіх беларускіх дзіцячых пісьменнікаў варта звярнуць увагу?

— Беларуская дзіцячая літаратура зрабіла вельмі вялікі крок. У пачатку 2000-х кнігі, якія выходзілі для малеч на беларускай мове за год, можна было пералічыць па пальцах. А сёння ў кнігарнях мы бачым казкі, гістарычныя аповеды, фэнтэзі. Аўтары прыдумляюць адметных герояў і тым самым упісваюць свае імёны ў гісторыю нашай літаратуры. Варта ўзгадаць адважнага Шубуршуна Алеся Карлюкевіча (“Прыгоды Шубуршуна”) ці маленькага дыназаўрыка Лахнэску Алёны Масла (“Мяне завуць Лахнэска”).

Фота БЕЛТА

І дзецям, і дарослым раю звярнуць увагу на зборнік апавяданняў Тамары Бунта “Дзяўчынка з вішнёвага завулка”. У аснову кнігі пакладзены ўспаміны дзяцінства самой аўтаркі, там прысутнічаюць іронія, гумар — ніякага лакіраванага акадэмізму. Не пакінуць абыякавымі цудоўныя і яркія казкі, нарысы, апавяданні Уладзіміра Ліпскага. Кніга “Чароўны свет: з беларускіх міфаў, паданняў і казак”, афармленнем якой займаўся майстар-віртуоз, непераўзыдзены фантазёр Валерый Славук, пазнаёміць дзетак з нашым фальклорам. Можна назваць яшчэ з дзясятак імёнаў.

Добрыя і цікавыя выданні нярэдка трапляюцца ў букіністычных крамах. Апошні раз бачыў там зборнік беларускіх народных казак, дзе аўтарам прадмовы выступіў Уладзімір Караткевіч, а ілюстрацыі (сапраўдныя творы мастацтва!) рабіла Алена Лось. Хацелася б, каб кнігі для дзяцей былі больш яскравыя, маляўнічыя, візуальна насычаныя. Варта ўзгадаць пpыгoднiцкую aпoвecць Паўла Місько “Гpoт aфaлiны”. Кніга была напісана ў 1985 годзе, але экзатычныя краявіды, маляўнічыя астравы, захапляльны сюжэт не пакінуць абыякавымі сучасных дзяцей. Сёння можна (і трэба!) прадстаўляць гэта наноў з цікавымі і яскравымі карцінкамі. У нашых класікаў і сучаснікаў шмат адметных і незвычайных твораў, але часам іх трэба прэзентаваць па-новаму.

— Вы ўжо два гады працуеце ў дзіцячым часопісе “Вясёлка”. Прызнацца, мяне прыемна здзівіў тыраж — каля шасці тысяч асобнікаў. Для беларускамоўнага дзіцячага выдання — своеасаблівы рэкорд...

— Так, лічбы не могуць не радаваць! Мастацкім словам мы абуджаем любоў да роднай культуры, традыцый, зямлі. У рубрыцы “Наша спадчына” расказваем пра знакамітых асоб, знаёмім хлопчыкаў і дзяўчынак з нашай гісторыяй. Папулярныя рубрыкі: “Буквар. Таямніцы чатырох стагоддзяў” (супольна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі), “Школьныя парады”, “Хвілінка-весялінка” , “Казкі сучасных чараўнікоў”, дзе ў форме коміксаў змяшчаюцца творы нашых пісьменнікаў.

— У апошні час усё часцей гавораць пра тое, што папяровыя часопісы сыходзяць у мінулае, на змену ім прыходзіць мультымедыйны прадукт. Ці адчуваеце канкурэнцыю з інтэрнэтам?

— Не думаю, што інтэрнэт зможа замяніць папяровыя выданні. Дапоўніць — так. Старонка нашага часопіса ёсць і ў папулярных сацсетках, дзе мы размяшчаем цікавую і карысную інфармацыю. Для нас гэта дадатковая пляцоўка для зносін. Але лепшы кантакт з дзецьмі — жывы, калі можна зазірнуць маленькім чытачам у вочы. Таму мы часта прыходзім у школы, дзіцячыя садкі, бібліятэкі. Запрашаем чытачоў да нас у рэдакцыю. Разам гуляем, размаўляем, абмяркоўваем — пасля такіх сустрэч нярэдка нараджаюцца цікавыя казкі, апавяданні, коміксы, якія мы размяшчаем на старонках нашых выданняў. Мы прадстаўляем літаратуру як мага больш цікава, выразна, займальна, інтэрактыўна. Напрыклад, ёсць хорар-гісторыя пра хлопчыка і мурашоў. Цікава? Вось!

— А папяровыя лісты ад чытачоў у “Вясёлку” па-ранейшаму прыходзяць?

— Канешне! На кожнае пасланне абавязкова адказваем. На старонках часопіса змяшчаем малюнкі, вершы, аповеды нашых маленькіх чытачоў. Ім заўжды цікава паглядзець на творчасць і светапогляд сваіх аднадумцаў.

— Раней кумірамі былі пісьменнікі, цяпер — блогеры. Не крыўдна?

— Не. Дарэчы, кожнае апавяданне ў часопісах мы стараемся падаць як займальны блог. Размяшчаем заданні, творы, загадкі з як мага большай візуалізацыяй. Ніякага “сухога” тэксту. “Вясёлка” і “Буся” як цікавыя квэсты, дзе трэба размаляваць, злучыць, знайсці, дадумаць. І тут важна, каб бацькі не заставаліся ўбаку. З дзецьмі трэба працаваць, навучаць, тлумачыць.Толькі так мы зможам выпрацаваць любоў да слова і кнігі.

kristinahilko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter