“Яна з другiм ужо спявала...”

Да стагоддзя адной рамантычнай гiсторыi Напэўна, на зямлi можна па пальцах пералiчыць тых, хто нiколi ў жыццi не сустракаўся з нешчаслiвым каханнем. Так павялося яшчэ з часоў Рамэа i Джульеты. Каханне, што лагiчна прывяло да шлюбу i жыцця душа ў душу аж да самага скону, на жаль, далёка не заўсёды з’яўляецца правiлам. Напэўна, кожнаму ў маладосцi трэба атрымаць гэткую “прышчэпку”, каб пасталець i потым глядзець на свет больш цвяроза i рэалiстычна. Звычайна з гадамi ўсё забываецца, у душы не застаецца болю, а толькi лёгкi, прыемны сум... Але сапраўдны паэт таму i здольны складаць радкi, якiя пранiкаюць у сэрцы, што сам надзелены больш чуйнай i тонкай, чым ва ўсiх нас, душою. Са сваiм каханнем наш выдатны пясняр Якуб Колас сустрэўся 25-гадовым юнаком роўна стагоддзе назад, у 1907-м...

“Як шкада, што нельга зафiксаваць вобраз, якi жыва стаiць у памяцi. Часам так ясна ўспамiнаецца Колас... У шэрай барашкавай шапцы, у палiто з такiм жа каўняром, з сумнымi вачыма на бледным твары. Глядзiш на фатаграфiю — зусiм не тое, зусiм не Колас. Нават на лепшай з фатаграфiй, падараванай iм мне, дзе ён у цёмнай кашулi, з цвiчком замест згубленага перад фатаграфаваннем гузiка ў каўнерыку — i там ён не падобны так, як бы хацелася...” — праз доўгiя гады пасля далёкага лета 1907-га напiша ў дзённiку жанчына, што была каханай песняра.

Юнак “з вачыма мучанiка”
Яна насiла прыгожае i рэдкае ў той час iмя — Аляксандра. Была яна адзiнай дачкой у сям’i настаўнiка Георгiя Зотава — крыху пешчанай, капрызнай, вясёлай i гарэзлiвай прыгажуняй. У 1907-м яна вучылася на вышэйшых жаночых курсах.
“Летам 1907 года, зайшоўшы ў рэдакцыю “Нашай Нiвы” на Завальнай вулiцы ў Вiльнi, пабачыла я бледнага, худога хлапца з сумным поглядам. “Хто гэта ў вас з вачамi мучанiка?” — пытаюся ў рэдактара Уласава. Ён расказаў, што гэта настаўнiк Мiцкевiч, з якiм ён пазнаёмiўся ў цягнiку i ў якога адкрыў паэтычны талент. Наступным разам Уласаў пазнаёмiў мяне з Якубам Коласам”. Так апiсвала першую сустрэчу з паэтам Аляксандра Зотава.
Сам Якуб Колас пра гэта каханне ў сваiх лiстах i аўтабiяграфiчных успамiнах не згадваў. Напэўна, вельмi дарагiмi i балючымi былi ўспамiны, таму паэт хаваў iх глыбока ў душы. I гэтае каханне Коласа засталося б, напэўна, для нашчадкаў такой жа белай старонкай, якiх, на жаль, яшчэ многа ў бiяграфii класiка. Але жанчыны больш эмацыянальныя за мужчын: звесткi пра тое каханне Якуба Коласа захавала для нас Аляксандра Зотава. А сабрала разам, сiстэматызавала адрывачныя запiсы, вершы, што прысвячаў сваёй каханай малады Колас, i па крупiцах узнавiла прыгожую i сумную рамантычную гiсторыю галоўны захавальнiк фондаў Дзяржаўнага лiтаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Антанiна Гарон.
— Нядоўга тады працаваў Колас у Вiльнi, — расказвае Антанiна Мiхайлаўна. — Пасля вобыску i канфiскацыi рукапiсаў рэвалюцыйных вершаў згодна з загадам палiцыi Коласу прыйшлося пакiнуць горад. Толькi 1 верасня 1907 года вяртаецца пiсьменнiк у Вiльню, уладкоўваецца на працу ў рэдакцыю газеты “Наша Нiва” i зноў сустракаецца з Аляксандрай. Амаль усе свае вечары праводзiў паэт у доме Георгiя Зотава, дзе пасля працы i вучобы звычайна збiралася моладзь. Аднойчы кампанiя згаварылася паехаць на Каляды ў Пецярбург, паглядзець сталiцу. Але ва ўмоўлены час на “зборны пункт” з усiх з’явiлiся толькi двое — Аляксандра i Якуб Колас...

Уладальнiца душы
Дарагiя сэрцу закаханых дробязi, пажаўцелыя фотаздымкi, лiсты паперы з выцвiлым ад часу чарнiлам, альбом Зотавай... У канцы пазамiнулага — на пачатку мiнулага стагоддзя кожная паненка мела альбом, у якiм пакiдалi прызнаннi пылка закаханыя ў яе юнакi. Сёння маўклiвыя сведкi таго кахання — музейныя экспанаты. Але калi пiльна ўглядзецца ў iх, яны загавораць.
— 5 студзеня 1908 года альбом Аляксандры Зотавай трымаў у руках Якуб Колас i пакiнуў у iм лiрычны верш, — расказвае Антанiна Гарон, гартаючы пажаўцелыя старонкi. — I падпiсаўся “Бывший человек, а ныне кандидат в четвёртые роты. Лидер огарческой фракции”. “Чацвёртымi ротамi” называлi турму, — паясняе суразмоўца. — А “агаркамi” самi сябе называлi настаўнiкi, якiя чакалi прысуду. За ўдзел у нелегальным настаўнiцкiм з’ездзе Канстанцiн Мiцкевiч у той час ужо быў зволены з настаўнiцкай працы i чакаў суда.
У маi 1908-га, працягвае свой расказ Антанiна Мiхайлаўна, паэт падарыў Аляксандры Зотавай свой фотаздымак з дароўным надпiсам на адвароце: “Милой Александре Георгиевне, славному человеку, владелице единственной души...”
Што асаблiвага было ў гэтай дзяўчыне? Чаму Колас абраў уладальнiцай сваёй душы менавiта яе? Новыя павевы яе не кранулi, яна не прымала ўдзелу ў палiтычных выступленнях рэвалюцыйна настроенай моладзi, за што коласавы сябры з ласкавай насмешлiвасцю празвалi яе “цёткай Шапёркай” — у сэнсе старамоднай, несвядомай, несучаснай. Не, яна нiколi нiкому, напэўна, не стала б “таварышам у барацьбе” — вобраз, якi апявала прапаганда савецкiх часоў. Яна проста была жанчынай — пяшчотнай, трапяткой, крыху летуценнай. I менавiта гэтай сваёй “несучаснасцю”, гэтымi адвечнымi жаноцкiмi якасцямi была такой незвычайнай i прыцягальнай сярод эмансiпiраваных паненак пачатку стагоддзя.
— 15 верасня выязная сесiя Вiленскай судовай палаты асудзiла паэта паводле 126-га артыкула на тры гады зняволення ў астрозе. А маладая настаўнiца Аляксандра Зотава паехала працаваць у Чэрвеньскае гарадское вучылiшча, — расказвае Антанiна Гарон. — Якуб Колас пiсаў ёй з турмы i атрымлiваў лiсты ад яе. Не раз Аляксандра наведвала вязня ў Мiнскiм астрозе. I ў адзiн са сваiх вiзiтаў яна раптам сказала: “Якуб! Я выходжу замуж”...
Чаму паэт не прапанаваў каханай руку i сэрца, чаму нiколi не гаварыў з ёй пра шлюб? А што за жыццё ён, вязень, мог ёй прапанаваць? Мабыць, не хацеў, як ён лiчыў, псаваць жыццё каханай... А яна, магчыма, расказала пра сваё паспешнае вяселле ў надзеi пачуць запаветныя словы: “Дачакайся мяне”... Сёння на гэтыя пытаннi адказу ўжо не знайсцi. Горды юнак прамаўчаў. I ў хуткiм часе Аляксандра стала жонкай настаўнiка Рамановiча...
— Лiчыцца, што ў Якуба Коласа няма аўтабiяграфiчнай лiрыкi, — гаворыць Антанiна Мiхайлаўна. — Але цi так гэта, мяркуйце самi. Вось радкi з верша “Пясняр вясны”, напiсанага ў астрозе 24 лютага 1909 года, пасля таго спаткання з каханай, калi яна сказала, што выходзiць замуж.


Ён жыў адзiн, адзiн душою,
Вясны i вольнасцi пясняр,
I меў ён дар жалобных
 песень,
Сардэчных песень дзiўны
 дар.
          (.....)

Але на тым ужо кургане
Не бачыў пташкi дарагой:
Яна з другiм ужо спявала,
В’ючы гняздзечка над
 гарой...

I запусцеў курган высокi;
Ён толькi боль у душы будзiў
У песняра, палёў дзiцяцi,
I песнi смутныя радзiў.

I з таго часу песнi льюцца
Над тым курганам у вышыне,
I ў iх чутны разлука, скруха
Па днёх даўнейшых i вясне.

— А за тры месяцы да таго, як самому павесцi пад вянец настаўнiцу пiнскай чыгуначнай школы Марыю Каменскую, Колас дорыць Аляксандры на памяць свой апошнi на той час фотаздымак, на зваротным баку якога пiша, развiтваючыся назаўсёды:

Не шумi ты, лес высокi,
Сумных песень не спявай,
Дзён даўнейшых, дзён
 далёкiх
Ты мне, лес, не ўспамiнай.

Звязаць парваную нiтку
Але яны сустрэлiся зноў — праз 45 гадоў, абодва перажыўшы многае i многiх.
“У мяне на сумленнi многа грахоў адносна Коласа, — пiша немаладая ўжо Аляксандра Георгiеўна Зотава. — Занятая сваiм жыццём, часта забывалася я аб ягоных просьбах з турмы; магчыма, гэта яшчэ збольшвае маё жаданне пабачыцца з iм цяперашнiм, успомнiць старое, пагаварыць аб новым, звязаць парваную нiтку знаёмства...”
— У жнiўнi 1954 года пажылая жанчына нясмела адчынiла дзверы кабiнета вiцэ-прэзiдэнта АН БССР Канстанцiна Мiхайлавiча Мiцкевiча, народнага паэта Якуба Коласа, — расказвае Антанiна Гарон. — Вось якiя радкi захавала эпiсталярная спадчына паэта: “Сегодня ко мне пришла одна женщина. Я попросил ее войти. Вошла старушка, вошла и сказала: “Я только посмотрю на вас и уйду. Узнаете меня?”.  Колас пазнаў яе адразу, даўно мiнулая маладосць паўстала перад вачыма. Памiж скупых радкоў чытаецца хваляванне: “Накануне Нового 1908 года мы ездили с ней в тогдашний Петербург. Вместе ходили по театрам, по музеям. Мы вели оживленную переписку. Когда я сидел в крепости, она была учительницей Червеньского городского училища, изредка навещала меня в тюрьме. В одно из своих посещений она сказала мне: “Знаете, Якуб! Я выхожу замуж...”. Больно мне было тогда слышать эти слова. Она больше ко мне не приходила, и с тех пор я не видел ее. Сейчас она была очень взволнованна и скоро ушла, а я не догадался задержать ее, поговорить. Мне как-то стало даже грустно — так уходит время, так уносит и молодость, и свойственную ей красоту...”
Амаль нiчога не сказалi яны адзiн аднаму ў тую сустрэчу. Яны не “ўспомнiлi старое”, не “пагаварылi аб новым”, як спадзявалася Аляксандра Зотава. Проста моўчкi глядзелi адзiн аднаму ў вочы з пачуццём, што зазiрнулi раптам у вочы сваёй маладосцi. У той час, напэўна, кожны з iх думаў пра тое, што ў iх жыццi ўсё магло здарыцца iнакш...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter