Яна і Ян. Якія імёны цяпер у модзе.

Шаснаццаць дзяўчынак летась бацькі назвалі Евамі ў адным з рэгіёнаў краіны, але ніводнага хлопчыка — Адамам. Не сакрэт, што жанчын у нашай краіне больш, чым мужчын — пра гэта сведчаць даныя апошняга перапісу насельніцтва. Аднак на распаўсюджанасць таго або іншага імя ўплывае не толькі прапорцыя паміж мужчынамі і жанчынамі. Мода дыктуе свае ўмовы. Пра сучасныя тэндэнцыі ў называнні беларускіх дзяцей расказала Наталля Баранава, начальнік аддзела ЗАГС Маскоўскага раёна Мінска. Наталля Мікалаеўна ўжо 26 гадоў працуе ў сістэме ЗАГС і ў курсе традыцый не толькі нашага часу, але і мінулага стагоддзя.

Шаснаццаць дзяўчынак летась бацькі назвалі Евамі ў адным з рэгіёнаў краіны, але ніводнага хлопчыка — Адамам. Не сакрэт, што жанчын у нашай краіне больш, чым мужчын — пра гэта сведчаць даныя апошняга перапісу насельніцтва. Аднак на распаўсюджанасць таго або іншага імя ўплывае не толькі прапорцыя паміж мужчынамі і жанчынамі. Мода дыктуе свае ўмовы. Пра сучасныя тэндэнцыі ў называнні беларускіх дзяцей расказала Наталля Баранава, начальнік аддзела ЗАГС Маскоўскага раёна Мінска. Наталля Мікалаеўна ўжо 26 гадоў працуе ў сістэме ЗАГС і ў курсе традыцый не толькі нашага часу, але і мінулага стагоддзя.

Анжаліка і святцы

— Мяне назвалі Наташай, бо гэта імя было вельмі папулярнае ў 50—60-я гады. Тады ж многія дзяўчынкі станавіліся Таццянамі, Святланамі, Людміламі. А цяпер я зусім не бачу Людміл. Дзе ж яны падзеліся? А ўсё невыпадкова — мода іншая прыйшла. Раней дзяцей называлі як папулярных герояў раманаў, кінасерыялаў. Калі на экранах з’явіліся фільмы пра Анжаліку, стала многа Анжалік. Хваля спала — і Анжалік амаль не стала. Цяпер бацькі вялікую ўвагу праяўляюць да святцаў, царкоўнага календара. Нярэдка менавіта гэта аўтарытэтная крыніца становіцца адзінай пры выбары імя нованароджанаму.

Вадзім з падтэкстам

— Цяпер бацькі сталі больш уважлівымі да імён: пытаюцца, што значаць у перакладзе тыя або іншыя словы. Вось, здаецца, добрае мужчынскае імя Вадзім. Кароткае, мужнае, гучыць, адным словам! А ў перакладзе значыць “спрачальнік”. Супрацоўнікі ЗАГСа даюць свае парады, як назваць дзіця. Мы маем права адмовіць бацькам у наданні таго або іншага імя, калі прадбачым, што новаму чалавеку, які з’явіўся на свет, гэта пашкодзіць. Зрэшты, такіх выпадкаў апошнім часам не здаралася.

Калі імя не падыходзіць да Магамета

— Імя можа дапамагчы чалавеку ў жыцці, а можа пашкодзіць. Вядома, што ў дзіцячым садку, школе, універсітэце асабліва задзірыстыя чапляюцца да сваіх аднагодкаў, якія чымсьці вылучаюцца з агульнай масы. Неяк да нас прыйшоў хлопец і расказаў такую гісторыю. Нарадзіўся ў інтэрнацыянальнай сям’і: мама — праваслаўная, тата — мусульманін. Сына назвалі Мухамедам. Але з такім імем яму было не заўсёды лёгка. Нехта дражніў, хтосьці паглядаў з недаверам. Чалавек вырашыў стаць Міхаілам. Мы не маглі яму адмовіць. Спадзяёмся, дапамагло.

І смех і грэх Сан Саныча

— Здараліся і кур’ёзныя выпадкі. Так, адзін малады чалавек, якога звалі Аляксандр Аляксандравіч, прыйшоў з просьбай змяніць імя па бацьку. Маўляў, не падабаецца яму, калі ўсе навокал клічуць яго Сан Санычам. Што ж, нібыта важная прычына. Аляксандравіч стаў Аляксеевічам. Але пасля яму давялося паступаць у духоўную семінарыю. І на споведзі бацюшка сказаў, што хлопец учыніў грэх, адмовіўшыся ад свайго імя па бацьку. Небарака вярнуўся ў ЗАГС і папрасіў запісаць яго зноў Аляксандравічам.

Веру, Надзею і Любоў прамянялі на мудрасць

— Сярод рэдкіх імён цяпер Таісія, Дамініка, Караліна, Эвеліна. І, на жаль, усё менш сустракаюцца Вера, Надзея, Любоў. У Маскоўскім раёне сталіцы летась было зарэгістравана 3387 немаўлят. І толькі 20 з іх названы Канстанцінамі, 7 — Віталямі, царственных Пятроў — усяго 6. Яшчэ паўтара дзесяцігоддзя назад вялікае пашырэнне мела імя Марына, а цяпер такіх толькі 5, столькі ж нашых самых родных Алён. Але затое маем 30 Соф’яў і 53 Сафіі. Па-грэчаску Сафія значыць “мудрая”. Відаць, папулярнасць гэтага імя невыпадковая.

Цуд Марыі

— Самыя рэдкія — падвойныя імёны. Яны сустракаюцца ў асноўным у каталіцкіх рэгіёнах — Брэсцкай і Гродзенскай абласцях. Але ж быў незвычайны выпадак, калі дзяўчынка ў Мінску атрымала такое імя. Мама ў веку 28 год і тата 32 гадоў — звычайная, даволі свядомая сям’я. І вось яны чакаюць дзіця. Цяпер не тое, што раней, калі не ведалі, хто народзіцца — хлопчык ці дзяўчынка. Загадзя стала вядома, што будзе дзяўчо. І імя ёй прыдумалі ўжо — Лізавета. Выдатнае імя — асацыіруецца з царыцай, поўнае станоўчай энергетыкі. Але дзіцятка пасля нараджэння мела праблемы з дыханнем. Дактары не маглі даць рады. Тады матуля звярнулася да Дзевы Марыі і малілася ёй, пакуль не здарыўся цуд — дыханне вярнулася да Лізаветы. Дзяўчынку таму запісалі Лізавета Марыя — як удзячнасць за дараванае ёй жыццё. Гэты выпадак вучыць нас ставіцца да выбару імя адказна. Бо гэта не этыкетка, а, магчыма, сам лёс чалавека.

Не папса і не экзотыка
Даныя аб пашыранасці імён узяты з матэрыялаў ЗАГСа Маскоўскага раёна Мінска. Але, паводле меркавання спецыялістаў, спісы адлюстроўваюць агульную тэндэнцыю па краіне. Ваганні за апошнія гады ў папулярнасці тых або іншых імён нязначныя. Так, яшчэ некалькі гадоў таму найбольшай папулярнасцю карысталася Анастасія, якую цяпер “зрынула” Дар’я. Зрэшты, топ-10 супрацоўнікі ЗАГСаў не раяць выкарыстоўваць як “шпаргалку”. Наадварот, яны заахвочваюць называць сваіх дзяцей арыгінальнымі імёнамі, не “папсовымі”, але і не экзатычнымі. Што да традыцыйных беларускіх імён, такіх як Ян, Яніна, Алесь, Алеся, то яны, як вядома, з’яўляюцца варыянтамі Івана, Аляксандры і г.д., хаця ў статыстыцы лічацца асобна. Аднак не складаюць большасці. На жаль. Зрэшты, калі дзіця назавуць Тадэвушам, то гэта зусім не сведчанне шанавання бацькамі творчасці Адама Міцкевіча і яго паэмы “Пан Тадэвуш”. Тут справа ў традыцыі — каталіцкай, і такое імя дадуць хутчэй на захадзе краіны. Мода модай, але і старыя звычкі не выкараняюцца.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter