Што прывяло да поспеху Хелену Мерааі, якая будзе прадстаўляць нашу краіну на дзіцячым «Еўрабачанні» у Грузіі?

Яна самая

Прадстаўляць нашу краіну на дзіцячым «Еўрабачанні» ў Грузіі будзе Хелена Мерааі. Так вырашылі прафесійнае журы і гледачы. Яны аднагалосна аддалі па дванаццаць балаў гэтай юнай смуглявай прыгажуні. Калі супакоіліся эмоцыі, мы пагаварылі з артысткай аб яе выступленні і людзях, якія прывялі яе да поспеху.

Хелена МЕРААІ прадставіць нашу краіну на дзіцячым «Еўрабачанні-2017».

— Хелена, раскажы, як вы па­знаёміліся з Дакотай, якая напісала табе песню «Я самая»?

— Гэта адбылося ў мінулым годзе на «Бітве талентаў». Яна была адным з настаўнікаў конкурсу. Што цікава, мяне выбрала не толькі Рыта, але і яе муж Улад Сакалоўскі. І тады ўжо прыйшла мая чарга выбіраць сабе педагога — я пайшла да Рыты. Мне вельмі камфортна было з ёй працаваць. Я тады дайшла да фіналу. Мне вельмі хацелася ўдзельнічаць у дзіцячым «Еўрабачанні», і мы спыталі, ці можа яна напісаць для мяне песню. Яна ахвотна пагадзілася. Улад заняўся гукам і аранжыроўкай. Праўда, мой педагог Вольга Драздова трошкі дапрацавала песню. Калі Рыта пачула яе ў маім выкананні, яна сказала: «Гэта бомба». Мне вельмі прыемна, што пасля перамогі ў нацадборы яна адной з першых павіншавала мяне — напісала пра гэта ў сваім інстаграме.

— Твой педагог засталася задаволеная выкананнем?

— Вольга была б не Вольгай, калі б яна была ўсім задаволена. Яна заўсёды патрабуе ідэальнага выканання, таму адразу паказала мне на мае памылкі. Я і сама выдатна разумею, што мне яшчэ ёсць над чым працаваць. Трэба навучыцца цалкам спраўляцца са сваім хваляваннем. Мароз, які бегаў па скуры падчас выступлення, не дазволіў мне поўнасцю раскрыць сваю душу, хоць я вельмі старалася. А ў Тбілісі ж будзе вялікая сцэна, вялікая колькасць гледачоў.

З Вольгай я працую трэці год і вельмі гэтаму рада. Яна не проста педагог, яна яшчэ і сябар. Кожны яе ўрок — гэта велізарная радасць. Памятаю, калі ўпершыню да яе прыйшла, усяму пачала вучыцца спачатку. Мы разам з ёй прайшлі «Голас. Дзеці», дзе я была ў камандзе Дзімы Білана, «Новую хвалю », дзе мы занялі першае месца.

— Раскажы крыху пра сябе.

— Я спяваю з васьмі гадоў, хоць упершыню выйшла на сцэну ў тры гады. Мая выхавальніца ў дзіцячым садзе ўдзельнічала ў конкурсе «Педагог года» і ўзяла мяне туды з сабой, я спявала песеньку Мэры Попінс. Яна, дарэчы, тады перамагла.

Вучуся ў гімназіі № 3 у дзявятым класе. У гэтым годзе заканчваю харавое аддзяленне музычнай школы, яшчэ іграю на фартэпіяна. Адчуваю, што гэты год будзе вельмі складаным. Усю восень буду рыхтавацца да «Еўрабачання», а потым трэба брацца за экзамены. Вучыцца мне падабаецца. Сярэдні бал у мінулым годзе ў мяне быў 9,5. Вельмі люблю гісторыю Беларусі і беларускую мову. Здзіўлены? Чаму? Я ж беларуска. Так, тата родам з Сірыі, але я ўсё жыццё жыву ў Мінску і вельмі шчаслівая, што мне даверылі прадстаўляць краіну на такім сур’ёзным конкурсе. 

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter