«Яна пайшла на расстрэл, каб захаваць жыццё»

У выдавецтве “Кнiгазбор” выйшла з друку аповесць Уладзiмiра Хамутоўскага “Буралом”. У ёй — шчыры, непасрэдны, праўдзiвы аповед пра падзеi, якiя адбывалiся на Палессi ў самыя драматычныя часы, з 1937-га па 1946 год

У выдавецтве “Кнiгазбор” выйшла з друку аповесць Уладзiмiра Хамутоўскага “Буралом”. У ёй — шчыры, непасрэдны, праўдзiвы аповед пра падзеi, якiя адбывалiся на Палессi ў самыя драматычныя часы, з 1937-га па 1946 год. Уладзiмiр Хамутоўскi не быў сведкам тых падзей, бо нарадзiўся пасля вайны, але яго чуйнае сэрца ўвабрала ў сябе расказы палешукоў-аднавяскоўцаў, iх памяць i пачуццi. Менавiта палешукi i сталi прататыпамi новай кнiгi Хамутоўскага. З гэтай акалiчнасцi i пачалася наша гутарка з аўтарам аповесцi.

— Як удалося вам, Уладзiмiр Пятровiч, адлюстраваць складаны перыяд у жыццi жыхароў Палесся? 

— Ну, удалося цi не – гэта меркаваць маiм чытачам. Мне ж хацелася як можна дакладней адлюстраваць тыя самыя цяжкiя гады мiнулага стагоддзя. I не толькi ў жыццi палешукоў, але i ўсяго народа былой вялiкай дзяржавы. У аснову аповесцi пакладзены падзеi, якiя сапраўды адбывалiся ў перадваенныя i ваенныя часы. Але ж твор не дакументальны, а мастацкi, таму ў iм прысутнiчае i пэўны аўтарскi вымысел. Не любiлi i не хацелi расказваць пра вайну людзi маёй вёсачкi. I iх можна было зразумець. Не хацелася людзям нават у памяцi вяртацца ў тыя жудасныя гады. Але ж калi-нiкалi размовы пра перажытае ўсё ж адбывалiся. Пачутае вельмi кранала, западала ў душу. Мы, пасляваеннае пакаленне, пазнавалi, што былi не толькi шчаслiвыя хвiлiны, калi мы нарадзiлiся i жывём без войнаў ужо болей як шэсць дзесяткаў гадоў, а i такiя, калi ў драматычныя для народа часы правяралася чалавечая годнасць, калi трэба было са зброяй у руках адстойваць сваю Радзiму, свой родны кут. Даўно хацеў напiсаць пра гэта i рады, што мара збылася... 

— Якiя якасцi сваiх землякоў вам удалося адлюстраваць у сваiм творы? 

— Яшчэ Пётр Мiронавiч Машэраў трапна заўважыў, што палешукi – тыя ж самыя людзi, беларусы, толькi са знакам якасцi. Упэўнены, тут няма нiякага перабольшання. Каб адлюстраваць усе слаўныя рысы характару маiх землякоў, маленькай аповесцi мала. Нават у цяжкiя выпрабаваннi яны заставалiся Людзьмi з вялiкай лiтары. У аповесцi ёсць эпiзод, калi старая жанчына, якой больш за дзевяноста гадоў, заступiлася за маладую i стала замест яе ля дуба пад расстрэл... Гэта якiм жа трэба быць Чалавекам, якая павiнна быць душа, каб пайсцi на такое! А бабулька пайшла! Пайшла, каб зберагчы маладую мацi, у якой дачушка засталася ў лесе з партызанамi. Пайшла, каб зберагчы малое. Пайшла, каб захаваць маладую сям’ю, якая яшчэ толькi-толькi пачынала жыць... 

— Якiя высновы можа зрабiць чытач з вашай кнiгi? 

— Вельмi хочацца, каб мая аповесць спадабалася чытачам. Каб людзi яшчэ i яшчэ раз успомнiлi мiнулае, бо без яго няма Будучынi. I каб кожны, хто яе прачытае, а напэўна, так i будзе, мог задумацца i над сваiм лёсам, i над лёсам свайго радаводу... Каб яшчэ больш i больш мы любiлi сваю мiлую Беларусь, дзе жылi нашыя дзяды i бацькi, дзе жывём мы, – яна ж застанецца для нашых дзяцей i ўнукаў... Можа, гучыць залiшне гучна, пафасна, але iнакш i нельга. 

* * * 

Уладзiмiр Хамутоўскi ўступiў на пiсьменнiцкую сцяжыну ў сталым узросце, набыўшы i жыццёвы вопыт, i мудрасць, i ўменне асэнсоўваць i гiстарычныя падзеi, i рэалii нашага сённяшняга жыцця. Пра гэта яскрава сведчаць яго першыя кнiгi i асаблiва аповесць “Буралом”. I творчыя задумкi ў яго цiкавыя. Хай жа добра вам пiшацца, Уладзiмiр Пятровiч, новых вам творчых набыткаў! 

P.S. 14 мая гэтага года У.П. Хамутоўскi прыняты ў Саюз пiсьменнiкаў Беларусi. Вiншуем, Уладзiмiр Пятровiч, моцнага здароўя, новых творчых поспехаў! 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter