Яна ў мяне адна

Ісак Вальфсон – дырэктар Цэнтра культуры і адпачынку Ленінскага раёна Бабруйска. Амаль чатыры дзесяткі гадоў шчыруе на ніве культуры, тройчы быў лаўрэатам усесаюзных фестываляў, адзначаны нагрудным знакам “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”

Ісак Вальфсон – дырэктар Цэнтра культуры і адпачынку Ленінскага раёна Бабруйска. Амаль чатыры дзесяткі гадоў шчыруе на ніве культуры, тройчы быў лаўрэатам усесаюзных фестываляў, адзначаны нагрудным знакам “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”. 

Толькі калі хто думае, што лёгка даўся жыццёвы шлях Ісаку Вальфсону, то глыбока памыляецца... Пачнём з таго, што ад яго, трохмесячнага, адмовілася маці. Казённыя ўстановы мяняліся, як у калейдаскопе: Бабруйск, Гомель, Гру-дзінавічы Быхаўскага, Свіслач Асіповіцкага раёнаў... 

Да гонару Вальфсона, ён не сышоў, як кажуць, з жыццёвых рэек. Здаровы сэнс узяў верх: “Буду расціць самога сябе! А добрыя людзі дапамогуць”. З такіх добрых людзей была Людміла Крыштаповіч. Са школы-інтэрната яна ўзяла Ісака ў танцавальны калектыў пры Доме настаўніка. На яго базе быў створаны танцавальны ансамбль “Юнацтва”. Потым Вальфсона прызначылі кіраўніком танцавальнага гуртка на цагельным заводзе. З радасцю і ахвотай выконваў ён свае абавязкі і адначасова вучыўся на рэжысёрскім аддзяленні Магілёўскага культасветвучылішча. 

І вось – ён дырэктар Цэнтра культуры Ленінскага раёна. Сем калектываў мастацкай самадзейнасці носяць тут званні народных, два дзіцячыя – узорныя. Не так даўно стварылі яшчэ адзін – дзіцячы ансамбль цымбалістаў, роўнага якому няма ў горадзе. 

Ну а як склалася асабістае жыццё? 

— Я сямейны чалавек, — расказвае Ісак Абрамовіч. – Жонку, дарэчы, знайшоў у самадзейнасці, яна спявала ў хоры. У нас дзве дачкі і ўнучка. 

Дадам яшчэ, што калі ажаніўся і стаў на ногі, аб’явілася мая маці. Дакладней сказаць, тая жанчына, якая мяне нарадзіла. З якім пачуццём я павінен быў яе прыняць, калі яна пакінула мяне немаўлём і ніколі не цікавілася, дзе і як я жыву? Але ж гэта маці. І калі яна цяжка захварэла, я да апошніх хвілін быў ля яе ложка. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter